Усяго патроху

Жнiвень‑верасень будуць самымi «ўдарнымi» па продажы кватэр

Калi за ўвесь мiнулы год кошт мiнскiх кватэр на другасным рынку знiзiўся прыкладна на 4 %, то толькi за I паўгоддзе гэтага — ужо дзесьцi на 40 %.

Набыццё кватэры — напэўна, адна з самых галоўных пакупак у жыццi кожнага чалавека. I для гэтай галоўнай пакупкi цяпер вельмi спрыяльны час: цэны значна знiзiлiся. Калi за ўвесь мiнулы год кошт мiнскiх другасных кватэр знiзiўся прыкладна на 4 %, то толькi за I паўгоддзе гэтага — ужо дзесьцi на 40 %.

Пашчасцiла тым, хто змог да новага года прадаць сваю нерухомасць. Былыя ўладальнiкi «аднапакаёвак», крыху даклаўшы, сталi шчаслiвымi гаспадарамi трохпакаёвых кватэр. Калi раней сярэдняя цана за метр другаснай нерухомасцi складала каля 1700—2000 даляраў ЗША, то сёння кошт прыкладна такi. (Звесткi з аб’яднанай гарадской базы за лiпень.)

Аднапакаёўкi:

«хрушчоўкi» — 1379 даляраў за кв. м (сярэдняя цана — 41,4 тысячы), «брэжнеўкi» — 1385 (каля 45 тысяч даляраў), новыя кватэры — 1417 за кв. м (прыкладна 55 тысяч даляраў).

«Двушкi»:

«хрушчоўкi» — 1271 даляраў за кв.м. (сярэдняя цана — 55 тысяч), «брэжнеўкi» — 1333 даляраў за кв. м (каля 62 тысяч), новыя двухпакаёўкi — 1358 даляраў за кв.м (дзесьцi 81 тысяча).

Трохпакаёвыя кватэры:

хрушчоўкi — 1280 даляраў за кв.м. (прыкладна 73 тысячы даляраў), «брэжнеўкi» — 1330 за кв. м (сярэдняя цана — 81 тысяча), новыя — 1183 даляры за «квадрат» (каля 116 тысяч).

Зразумела, лепш за ўсё прадаюцца адна‑ i двухпакаёвыя кватэры, цяжка — «трошкi», а чатырохпакаёўкi цiкавяць пакупнiкоў найменш. Добра прадаецца нерухомасць у Серабранцы, Лошыцы, у раёне вулiцы Янкоўскага, праспекта Ракасоўскага. А ўвогуле, хто ў якiм раёне прыжыўся, той там i выбiрае для сябе новае жыллё.

Мiнiмальныя цэны на кватэры — у Заводскiм раёне, якi лiчыцца самым ненадзейным у экалагiчным плане.

Ва Уруччы нерухомасць каштуе крыху больш. Захад, Сухарава, Кунцаўшчына — раёны з яшчэ больш дарагiмi кватэрамi. А вось у Маскоўскiм, асаблiва блiз вулiцы Розы Люксембург, нерухомасць таннейшая. Зусiм нядаўна «аднушку» ў гэтых недарагiх раёнах можна было купiць за 30—35 тысяч даляраў. Сёння такiх танных кватэр ужо не засталося: усе раскупiлi. Цяпер рэальная цана аднапакаёўкi — 40—45 тысяч.

Яшчэ вясной прадаўцы прыглядалiся да сiтуацыi, прывыкалi да новых цэнаў на нерухомасць. Цяпер ужо аб’ектыўна ацэньваюць кошт сваёй уласнасцi, разумеюць — аднапакаёўку за 60 не варта i выстаўляць, ведаюць, каб прадаць кватэру, патрэбна знiжаць яе цану да рэальнай.

Як адзначаюць спецыялiсты рынку нерухомасцi, сёння цэны на кватэры зафiксавалiся, спынiлi сваё знiжэнне. Некаторыя гаспадары «квадратных метраў», якiя не хочуць аддаваць сваю ўласнасць за бясцэнак, вырашылi дачакацца лепшых часоў. Каму ж тэрмiнова патрэбна прадаць нерухомасць — засталiся на рынку. Яны рэальна глядзяць на цэны, гатовыя таргавацца i нават, калi знойдзецца пакупнiк з «жывымi» грашыма — iдуць насустрач, могуць знiзiць цану на 2‑5 тысяч даляраў ад першапачатковай, каб толькi прадаць сваю нерухомасць. (Праўда, некаторыя прадаўцы жывуць яшчэ меркамi мiнулага года i выстаўляюць на продаж свае «аднапакаёўкi» за 70 тысяч i больш.)

— Сёння можна канстатаваць, што апошнiя 2‑3 месяцы цэны амаль стабiльныя: рэзкага знiжэння не назiраецца, — кажа дырэктар агенцтва нерухомасцi «Загарадны дом» Уладзiмiр Чарнушэвіч. — Калi i iдзе рэальнае знiжэнне цаны, то канкрэтна пад пакупнiка на канкрэтнай кватэры. Каму патрэбна тэрмiнова прадаць сваю нерухомасць, той гатовы iсцi на ўступкi; каму, як кажуць, не гарыць — трымае цану. Iншымi словамi, рынак стабiлiзаваўся. А стабiльнасць заўсёды выгадная i пакупнiкам, i прадаўцам. Яны ведаюць цану, разумеюць, на што можна разлiчваць, таму больш упэўнена сябе адчуваюць. Калi ж увесь час на рынку нерухомасцi ваганнi, нервуюцца i прадаўцы, i пакупнiкi. Нават маючы невялiкую суму грошай, чалавек наўрад цi рашыцца на пакупку, калi не будзе ўпэўнены ва ўстойлiвасцi цаны аб’екта, якi ён набывае.

Звычайна лiпень — лепшы прадажны месяц года. Людзi, што падумваюць купiць кватэру, прыглядваюцца да сваёй будучай пакупкi яшчэ з вясны, першы месяц лета — час актыўных пошукаў, а ўжо ў лiпенi чалавек «саспявае» для набыцця нерухомасцi. Гатовыя новабудоўлi таксама лепш прадаюцца ў лiпенi i ў кастрычнiку.

Але сёлета, напэўна, жнiвень‑верасень будуць самымi «ўдарнымi» месяцамi па продажы: у сёлетняга сезона ёсць адна асаблiвасць, не ўласцiвая мiнулым гадам, i прычына не толькi ў фiнансавым крызiсе, якi iстотна паўплываў на рынак нерухомасцi.

— Так склалася, што ў гэтым годзе ў школах — два выпускi, — кажа Уладзiмiр Георгiевiч. — Шмат iншагароднiх учарашнiх школьнiкаў стане (а некаторыя ўжо сталi) студэнтамi сталiчных iнстытутаў цi тэхнiкумаў. Усiх ахвотных навучальныя ўстановы не змогуць забяспечыць iнтэрнатамi. Некаторым давядзецца здымаць жыллё.

Сёння вялiкi працэнт iншагароднiх бацькоў з‑за таннасцi нерухомасцi гатовыя купiць для сваiх дзяцей кватэру, каб сын цi дачка атрымалi мiнскую рэгiстрацыю i пасля вучобы размеркавалiся ў сталiцу. Праз пяць гадоў, пакуль дзiця будзе вучыцца i жыць у кватэры, яна падаражэе. Набыццё такой уласнасцi — неблагое ўкладанне грошай. Iншагароднiя бацькi купляюць, у асноўным, аднапакаёвыя кватэры. А той, хто прадаў гэтую кватэру, дадаўшы грошай, пераязджае ў двухпакаёвую, былы гаспадар «двушкi» — у «трошку»… Iншымi словамi, нерухомасць прадаецца па ланцужку. Змяняюць кватэру на меншую тыя, каму цяжка плацiць камунальныя, тэрмiнова патрэбны грошы на нейкiя свае мэты. Некаторыя бяруць крэдыты на спажывецкiя патрэбы, прадаюць сваю нерухомасць i купляюць кватэры большай плошчы. Рынак ажывiўся. Але гэта асаблiвасць сёлетняга сезона.

— У студзенi‑лютым‑сакавiку вельмi адчувалася, што рынак стаiць, — працягвае дырэктар агенцтва нерухомасцi. — А сёння за кошт «iншагароднiх» грошай адбыўся штуршок. Думаю, такая тэндэнцыя захаваецца да новага года. Потым зноў чакаецца зацiшша. Зiмой, звычайна, i ў добрыя гады, да крызiсу, на рынку нерухомасцi быў штыль. У гэты час у людзей менш грошай: за лета‑восень, у час водпуску, яны добра трацяцца.

Што будзе з цаной на кватэры далей, па прагнозах спецыялiстаў, залежыць i ад забудоўшчыкаў новага жылля. Калi яны якiм‑небудзь чынам змогуць патаннiць свае затраты на будаўнiцтва i прапануюць кватэры, скажам, па 800 даляраў за «квадрат», тады адгукнецца i папаўзе ўнiз цана i на б/к жыллё.

— Пакуль iдзе тэндэнцыя «ў мiнус»: нерухомасць таннее. Многiя пытаюцца, калi ж будзе «дно».

Мяркую, тое самае «дно» будзе ўжо ў студзенi‑лютым гэтага года, — прагназуе Уладзiмiр Чарнушэвiч. — Тады чакаецца самы пiк знiжэння цэнаў.
Пасля гэтага попыт i дэфiцыт прапаноў выклiчуць павольны, але рост. Таму чалавеку, якi хоча прадаць сваю нерухомасць, лепш рабiць гэта цяпер. А пакупнiкам, калi кватэра патрэбна тэрмiнова, таксама не мае сэнсу цягнуць з пакупкай, бо хутка такога выбару ўжо не будзе. Каму ж «не гарыць» — лепш дачакацца зiмы. Праўда, iснуе верагоднасць, што тады ўжо давядзецца задавольвацца тым, што засталося, напэўна, не самым лепшым.

Прадавец i пакупнiк — гэта заўсёды супрацьлеглыя бакi, адзiн хоча даражэй прадаць, а другi — танней купiць. Калi ўладальнiк знаходзiць ахвотнiка купiць яго нерухомасць, то адразу згодны на ўсе ўмовы, а пасля атрымання грошай здаралася, што некаторыя былыя гаспадары нават ручкi з дзвярэй выкручвалi, каб нiчога лiшняга не пакiнуць ва ўжо не сваёй уласнасцi. Для людзей, якiя сутыкаюцца з набыццём кватэры ўпершыню, складанасцi могуць выклiкаць самыя простыя, на першы погляд, рэчы: калi перадаваць грошы, як упэўнiцца ў iх сапраўднасцi. Калi ёсць пасярэднiк памiж пакупнiком i прадаўцом, якi адлюструе ўсе пажаданнi i патрабаваннi абодвух бакоў на паперы ў выглядзе дагавора, становiцца прасцей. Да таго ж страхавы полiс, у выпадку судовай спрэчкi, застрахуе чалавека i пакрые яго расходы, калi здзелка будзе прызнана несапраўднай.

— Калi мы правяраем кватэру для продажу, напэўна, баiмся дзесьцi памылiцца больш за клiентаў, — прызнаецца дырэктар агенцтва нерухомасцi. — У выпадку памылкi з нашага боку, страхавы полiс пакрые суму грамадзянiну, а страхавая арганiзацыя прад’явiць рэгрэсны iск нам за тое, што мы не належным чынам правялi праверку дакументаў, не вывучылi гiсторыю кватэры. Людзi, калi набываюць жыллё, хочуць быць спакойнымi, ведаць, што кватэра «чыстая», нiхто на яе не будзе прэтэндаваць. I агенцтва гэта гарантуе. У нас прыкладна два разы на тыдзень купляюць нерухомасць расiяне. Патрэбна бачыць, як яны вычытваюць дагаворы, стараюцца не прапусцiць нi адной лiтары, слова. У iх паталагiчны страх застацца без грошай i кватэры. Нашы беларусы ў гэтым плане спакойныя, яны ведаюць, што на рынку жорсткi парадак, iх не падмануць.

Што нi кажы, але цяпер вельмi цяжка купiць цi пабудаваць кватэру без дапамогi крэдытаў. Яшчэ нядаўна грошы на будаўнiцтва i пакупку нерухомасцi выдавалi восем беларускiх банкаў: Беларусбанк , Белгазпрамбанк, Белiнвестбанк, Белрасбанк, БПС‑банк, Прiорбанк, Белзнешэканамбанк, Парытэтбанк. Сёння сiтуацыя крышку змянiлася.

Як вядома, з 28 лiпеня да 1 студзеня 2011 года беларускiя банкi не будуць выдаваць крэдытаў фiзiчным асобам у замежнай валюце.
У сувязi з гэтым тры з вышэйпералiчаных банкаў — Белгазпрамбанк, Прiорбанк i Белрасбанк — часова спынiлi выдачу грашовых сродкаў на набыццё i будаўнiцтва жылля. У Белрасбанку расказалi, што цяпер выдаюць толькi спажывецкiя крэдыты, распрацоўваецца аўтакрэдытаванне, а даваць грошы на нерухомасць у найблiжэйшы час не плануецца.

Белзнешэканамбанк выдае крэдыты на нерухомасць толькi на агульных умовах, пад 26 працэнтаў гадавых. У Беларусбанку, Белiнвестбанку i БПС‑банку, акрамя крэдыту на агульных умовах, грошы могуць атрымаць i тыя, каму патрэбна паляпшэнне жыллёвых умоў: пад 17 працэнтаў гадавых ад 70 да 80 працэнтаў ад агульнага кошту кватэры. Сума крэдыту залежыць ад даходу крэдытаатрымальнiка. Парытэтбанк крэдытуе толькi пярвiчны рынак (новыя кватэры) пад 18 працэнтаў гадавых да 70 працэнтаў ад агульнага кошту нерухомасцi. Белiнвестбанк, калi дазваляе даход, можа пракрэдытаваць да 80 працэнтаў ад агульнага кошту жылля, Беларусбанк — да 75 працэнтаў.

БПС‑банк чалавека, якi стаяў на ўлiку па паляпшэннi жыллёвых умоў не менш за пяць гадоў, можа пракрэдытаваць да 70 працэнтаў ад агульнага кошту нерухомасцi. Астатнiя могуць разлiчваць толькi на тое, што пракрэдытуецца 15 кв. метраў на аднаго чалавека. У кожным канкрэтным выпадку вылiчваецца iндывiдуальная сума крэдыту.

Акрамя таго, Нацыянальны банк да канца года збiраецца знiзiць стаўку рэфiнансавання з 14 да 12 працэнтаў, а значыць — стануць больш даступныя i крэдыты.

Мая знаёмая, каб купiць кватэру, у жнiўнi мiнулага года ўзяла крэдыт у Белрасбанку.

Аднапакаёўка, якую яна хацела купiць, каштавала тады 67 тысяч даляраў.

Банк даваў крэдыт у замежнай валюце на 15—20 гадоў пад 12 працэнтаў гадавых да 90 працэнтаў ад агульнага кошту жылля. Жанчына скарысталася такiм крэдытам, бо ўласных зберажэнняў у яе было не больш за 10 тысяч даляраў. Праз пару месяцаў, як вядома, кватэры вельмi патаннелi, а даляр пасля новага года стаў каштаваць больш. У вынiку цяпер мая знаёмая кожны месяц плацiць 622 даляры па крэдыце, што складае больш за яе зарплату. Жывуць на заробак мужа. Жанчына расказала, што даволi шмат людзей з яе работы таксама купiлi кватэры, якiя потым вельмi i вельмi патаннелi. Што будзе далей i як жыць, калi напрыклад, скароцiцца зарплата мужа, мая знаёмая нават не ўяўляе, як i тыя людзi, якiм не пашчасцiла купiць такiя дарагiя кватэры.

Марына Лявошка, Звязда

Каментары

З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай4

З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай

Усе навіны →
Усе навіны

«Пуцін свядома абраў Каляды для нападу». Расія нанесла чарговы масіраваны ўдар па энергетыцы Украіны3

Беларусаў, якія раней заплацілі за данаты, пачалі выклікаць у пракуратуру13

Стаў вядомы прысуд Паўлу Іванову з Віцебска, якога судзілі за «абразу Лукашэнкі»

Маляваныч расказаў, чым адкупляўся ад даішнікаў1

У Мінску адбыўся вялікі сход Дзядоў Марозаў і Снягурак ФОТЫ1

Пасажырскі самалёт разбіўся ў Казахстане. На борце былі 67 чалавек, 25 выжылі3

Апублікаваныя дэкларацыі кандыдатаў у прэзідэнты. Колькі ў Лукашэнкі, а колькі ў астатніх?25

Арыштавалі 58-гадовую гаспадыню аграсядзібы з Баранавічаў, якая была прэтэндэнтам на прэзідэнцкіх выбарах — 202012

Данія ўзмацняе абарону Грэнландыі. Трамп нядаўна зноў загаварыў пра жаданне набыць яе6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай4

З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай

Галоўнае
Усе навіны →