Меркаванні22

Свой водгук на інтэрв'ю Красулінай нам даслаў былы паплечнік Цапкалы

Святаслаў Барбук, былы намеснік кіраўніка ініцыятыўнай групы Валерыя Цапкалы, крытыкуе Ганну Красуліну за недасказанасць у яе выказваннях аб працы штабоў апазіцыйных вылучэнцаў. Сам Барбук у 2010 годзе збіраў подпісы за Аляксандра Лукашэнку і быў адным з кіраўнікоў мінскага БРСМ, але ў 2020-м далучыўся да кампаніі Цапкалы. «Нашай Ніве» ён сказаў, што наважыўся публічна адрэагаваць на інтэрв'ю Красулінай, бо, на яго погляд, каманда Цапкалы і яе заслугі цалкам ігнаруюцца, або падаюцца медыямі негатыўна.

Святаслаў Барбук. Фота: яго асабісты архіў

Святаслаў Барбук кажа, што да арышту 2021 года працаваў у прыватнай кампаніі, якая займалася інжынерным забеспячэннем сродкаў сувязі. Па вызваленні зразумеў, што адбыты палітычна матываваны арышт можа быць не апошні і ў верасні 2021 года з жонкай эміграваў. На чужыне зарабляў таксуючы, працаваў ахоўнікам. Цяпер у адной з краін Еўрапейскага саюза праходзіць навучанне па перакваліфікацыі. 

Што каманда Бабарыкі пераняла ў штаба Цапкалы

Святаслаў Барбук лічыць, што Ганна Красуліна, гаворачы пра аб’яднанне штабоў, не адзначыла ўнёску каманды Валерыя Цапкалы.

Прэтэнзій да каманды Святланы Ціханоўскай у Барбука няма, але, як ён адзначае, Ціханоўская стала кандыдаткай у прэзідэнты проста дзякуючы таму, што ўлады не бачылі ў ёй небяспекі.

«Я разумею, чаму не згадваецца каманда Цапкалы, бо Валера [Цапкала], відаць, паводзіць сябе не вельмі годна з гледзішча Аб’яднанага пераходнага кабінета, але, калі мы гаворым пра 2020 год, то чаму прадстаўнікі Бабарыкі не раскажуць, што іх заслуга толькі ў тым, што яны скінуліся грашыма і ўклаліся ў медыя», — тлумачыць сваю пазіцыю Святаслаў Барбук.

На яго погляд, у штабе Бабарыкі працавалі дылетанты, бо толькі яны маглі прыдумаць азначэнне «старая апазіцыя», якая ім не падабалася.

«Уся цяпер каманда Святланы Георгіеўны, паводле каманды Віктара Дзмітрыевіча, гэта маргіналы і старая апазіцыя. Калі мы хочам гаварыць аб праўдзе, то яна такая», — падкрэслівае Барбук.

Валерый Цапкала ў 2020 годзе

Барбук лічыць, што ўклад каманды Цапкалы — у адпрацоўцы методыкі збірання подпісаў.

Паводле яго, бабарыкінцы паводзілі сябе агрэсіўна адносна канкурэнтаў. Яны адпраўлялі ў штабы апанентаў людзей, якіх не хацелі браць сабе, і выкарыстоўвалі іх для збірання інфармацыі аб працы канкурэнтаў.

Так, да Цапкалы пранік Юрый Васкрасенскі, а таксама Святаслаў Мілейкоўскі, які быў каардынатарам па збору подпісаў па Фрунзенскім раёне. Толькі праз тыдзень стала вядома, што ён лазутчык бабарыкінцаў і яму ўдалося выведаць сакрэты збірання подпісаў, мяркуе Барбук.

«У штаба Бабарыкі была агрэсіўная пазіцыя з гледзішча запазычвання спосабаў працы апанентаў. У нашым выпадку — гэта мы. Яны раўніва ставіліся да таго, што ў некага нешта выглядае лепей», — гаворыць ён.

Святаслаў Барбук кажа, што ў першыя дні стварэння ініцыятыўнай групы кансультаваўся ў паліттэхнолага Віталя Шклярава, як найлепей выкарыстаць яго напрацоўкі, якія ён укараняў на выбарах у Расіі. Адна з актывістак штаба Цапкалы расказала пра гутарку бабарыкінцам і неўзабаве Шкляраў аб’явіўся ў Мінску.

«Штаб Цапкалы не меў столькі рэсурсаў, каб з ЗША «выпісаць» безумоўна таленавітага, паліттэхнолага. А Шкляраў сваёй кансультацыяй сапраўды дапамог адтачыць маё бачанне методыкі збору подпісаў. І бабарыкінцы паспяхова яе скапіявалі», — адзначае Барбук.

«З Цапкалам працавалі актывісты з досведам удзелу ў выбарчых кампаніях як на баку апазіцыі, так і ўлады»

Барбук лічыць, што бабарыкінцы выбудоўвалі перадвыбарчую кампанію на камерцыйнай аснове, але бачання таго, як трэба праводзіць яе, у іх было дылетанцкім, у адрозненне ад каманды Цапкалы, дзе працавалі прафесіяналы.

«Валерый Цапкала падбіраў людзей з дзяржаўнага апарата. У ініцыятыўнай групе было шмат дзяржаўных службоўцаў, людзей з дыпламатычным стажам», — даводзіць Барбук.

Акрамя таго, дадае ён, з Цапкалам працавалі актывісты з досведам удзелу ў выбарчых кампаніях, як на баку апазіцыі, так і ўлады. Таму працэс у штабе быў адладжаным, падкрэслівае Святаслаў.

«У камандзе працавалі людзі, якіх бабарыкінцы называлі «маргіналамі» і «старой апазыцыяй», — акцэнтуе ўвагу суразмоўца.

Святаслаў Барбук упікае Ганну Красуліну ў няшчырасці адносна таго, што штаб Бабарыкі дзейнічаў згодна з заканадаўствам.

Наадварот, сцвярджае ён, Валерый Цапкала, каб мець сродкі на выбарчую кампанію заклаў свой дом. За гэта ён атрымаў 100 тысяч еўра легальных сродкаў.

Паводле Барбука, Цапкала быў зацікаўлены, каб у яго штабе працавалі партыйныя актывісты, нават з «сумнеўнай рэпутацыяй», бо яны ўмелі працаваць з людзьмі.

«Мяккі адміністрацыйны рэсурс, які грунтуецца на ўменні, пераконваць, а не прымушаць, павінен прысутнічаць у любой структуры. Чалавек, які працаваў у ёй, ведае, што такое з'езд, справаздача, праца з дакументамі. Яна без вопыту не прыйдзе», — даводзіць Барбук.

Валерый Цапкала ў 1994 годзе быў адным з кіраўнікоў перадвыбарчага штаба Аляксандра Лукашэнкі.

Туды 29-гадовы юрыст перабег з каманды Станіслава Шушкевіча. У Лукашэнкі Цапкала працаваў на дыпламатычных пасадах. Кіраваў адміністрацыяй Парку высокіх тэхналогій.

У 2020 годзе заявіў аб сваіх прэзідэнцкіх амбіцыях. Кандыдатам у прэзідэнты яго не зарэгістравалі, забракаваўшы больш за палову са 160 тысяч пададзеных у Цэнтрвыбаркам подпісаў. Спроба даказаць у судзе неправамернасць рашэння ведамства Ярмошынай не дала плён.

Далей у выбарчай кампаніі брала актыўны ўдзел жонка Валерыя Цапкалы Вераніка. Разам са Святланай Ціханоўскай і Марыяй Калеснікавай яна стварыла трыумвірат выбарчай кампаніі.

Рашэнне аб аб’яднанні штабоў Валерыя Цапкалы, Святланы Ціханоўскай і Віктара Бабарыкі іх прадстаўнікі прынялі 16 ліпеня 2020 года.

Паводле Ганны Красулінай, далучэнне да каманды Святланы Ціханоўскай камандаў Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы адбылося дзякуючы меседжу, з якім Ціханоўская ішла на выбары: «Як толькі я прыйду да перамогі, то правяду чэсныя выбары». 

«Былі свае ўяўленні аб светапоглядзе»

Святаслаў Барбук з 2007 года ўдзельнічаў ва ўсіх выбарчых кампаніях. У 2010 годзе збіраў подпісы за Лукашэнку, а ў 2012 годзе быў сябрам тэрытарыяльнай выбарчай камісіі.

У 2020 годзе далучыўся да каманды Цапкалы і стаў намеснікам кіраўніка яго ініцыятыўнай групы. У 2021 годзе быў асуджаны на 10 дзён адміністрацыйнага арышту за «несанкцыянаванае пікетаванне». Столькі ж прысудзілі і жонцы Святаслава. Яны сядзелі ў ізалятары на Акрэсціна і ў Баранавічах.

За Лукашэнку, кажа Святаслаў, ён збіраў подпісы, калі яму было троху за дваццаць і ў яго тады «былі свае ўяўленні аб светапоглядзе», але яны змяніліся.

Па яго словах, праца на выбарах у лукашыстаў была адметнай хлуснёю.

«Сабралі дваццаць, а заяўлялася пра 20 тысяч», — тлумачыць ён.

Барбук згадвае, як у 2010 год, калі замянілі начальніка штаба Лукашэнкі з Козіка на Шэймана, апошні заявіў, што за Лукашэнку сабрана ўжо больш за 100 тысяч подпісаў. Але «Белая Русь» тады штодня публікавала статыстыку і там было каля 10 000 подпісаў.

Ён кажа, што большая частка подпісаў за Лукашэнку збіралася ў працоўных калектывах.

«Дзясяткі падпісных лістоў на вуліцаў і тысячы падпісных лістоў на прадпрыемствах. Так было ў маёй акрузе, дзе я быў памочнікам дэпутата і другім сакратаром гаркама БРСМ. Таму, гаварыць пра вялікую падтрымку Лукашэнкі не выпадае», — адзначае Святаслаў Барбук.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

Два гады таму Марыю Калеснікаву і Максіма Знака асудзілі на гіганцкія тэрміны. Ужо некалькі месяцаў пра іх няма ніякіх звестак

Паплечнік Васкрасенскага Мікалай Серыкаў расказаў пра сябе: Летась звольніўся з КДБ, быў у штабе Цапкалы, а цяпер паверыў Юру

Адзін з кіраўнікоў штаба Бабарыкі шчыра расказаў пра выбарчую кампанію, сваю ролю ў ёй, арышт і вызваленне

Дыпламатычныя крыніцы: Васкрасенскі вярзе лухту

Каментары2

  • Паўлюк
    08.10.2023
    Асабіста ў мяне ўвёсну 2020 было адчуванне, што ўваход у кампанію Цапкалы выглядаў чымсці раптоўным і нелагічным. Бабарыка адразу ставіў на перакуляючае галасаванне, і гэта было бачна па тым, наколькі старанна ён абыходзіў усе другасныя у тый момант пытанні, якія маглі б неяк декансалідаваць усіх незадаволеных шматгадовым некампэтэнтным аўтарытарызмам Лукашэнкі. Уваход у гонку Цапкалы, які з усёй моцы спрабаваў стварыць сабе імідж кампетэнтнага тэхнакрата (насамрэч, не) выглядаў як авантурная спроба перацягнуць сабе галасы ад Бабарыкі праз вядомасць сярод наменклатуры. А Ціханоўскі сваім гарачым папулізмам нагадваў Казуліна з 2006. У прынцыпе, калі б Лукашэнка не гнаўся за ідэяй фікс намаляваць сабе відавочна хлуслівыя 80+ адсоткаў, то ён мог спакойна дапусціць іх усех да выбараў, намаляваць сабе 60 адсоткаў, Бабарыке - 16, Цапкалы і Ціханоўскаму - па 10, Дзмітрыеву - 2, а сумленным спойлерам Чэрачню і Канапацкай - па суцяшальнаму адсотку. Па сутнасці паўтарыўся б 2010 год, але без плошчы. Захад выказаў бы свае фі, але прынцыпова выбары прызнаў бы. Бабарыку зразумела назад у бгпб не ўзялі б, а пры адсутнасці ўласнай палітычнай партыі і мяккам супрацьдзеянні спецуры тактычная папулярнасць Бабарыкі паступова сыйшла б. Бо "Разам" бы ніхто не зарэгістраваў, а захапіць АГП у Бабарыкі, ў адрозненні ад захопа Черачнем БСДГ у 2018, наўрадці б атрымалася. Як насамрэч адбылося - мы ведаем, а ў выніку ў палацы чакаюць усяго - спецназа ГРУ РФ, адказнасці за саўдзел у пуцінскай авантуры ва Ўкраіне, ордэра з МКС і паўстання "5й калоны змагароў" ўнутры.
  • Kub
    08.10.2023
    "Барбук лічыць, што ўклад каманды Цапкалы — у адпрацоўцы методыкі збірання подпісаў."

    Я правільна разумею, што гэта менавіта тое, што каманда Валеры НЕ зрабіла. Подпісы яны не сабралі.... Во ўнёсак!
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Студэнт гістфака БДУ, якога катавалі ў міліцыі падчас пратэстаў. Расказваем пра загінулага каліноўца Аляксандра Сераду6

Студэнт гістфака БДУ, якога катавалі ў міліцыі падчас пратэстаў. Расказваем пра загінулага каліноўца Аляксандра Сераду

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка: Ніякай вайны з Еўропай Пуцін не плануе. Калі б планаваў — я б дакладна ведаў13

Зяленскі: Курская аперацыя выканала сваё заданне4

Праз тры месяцы пасля вызвалення з наваполацкай калоніі памёр былы палітвязень. Яму было 485

Беларускі фермер паказаў, як трымерам рыхтуе клубніцы да сезону — мільёны праглядаў

У AirPods плануюць дадаць сінхронны пераклад размовы

Лукашэнка пра Зяленскага: Валодзя як сын мне быў, але паступіў як гніда32

Генштаб УСУ абверг заяву Трампа аб «акружэнні ўкраінскіх войскаў»2

Чалы аналізуе задачы, якія Лукашэнка паставіў новаму ўраду3

Украінская паліцыя затрымала чалавека, якога падазраюць у забойстве актывіста Дзям'яна Ганула4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Студэнт гістфака БДУ, якога катавалі ў міліцыі падчас пратэстаў. Расказваем пра загінулага каліноўца Аляксандра Сераду6

Студэнт гістфака БДУ, якога катавалі ў міліцыі падчас пратэстаў. Расказваем пра загінулага каліноўца Аляксандра Сераду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць