У вёсцы пад Мінскам стаяць хаты, якія выглядаюць як сапраўдныя творы мастацтва ФОТЫ
У вёсцы Вішнёўка пад Мінскам ёсць дзве незвычайна аздобленыя драўляныя хаты. Адна з іх ператвораная ў своеасаблівую вялікую мазаіку з рознакаляровых пластыкавых накрывак, другая ўпрыгожаная разнымі птушкамі і драўлянымі ўзорамі, піша pristalica.by.

Першая хата знаходзіцца на Цэнтральнай вуліцы. Здалёк здаецца, што яе фасад проста размаляваны яркімі арнаментамі, але зблізку відаць, што амаль усе выявы зробленыя звычайнымі пластыкавымі накрыўкамі ад бутэлек.

Накрыўкі выкарыстаныя не толькі на адным баку хаты. Яны абрамляюць вокны, утвараюць узоры на рагах будынка і цягнуцца ўздоўж карніза.

Сярод арнаментаў можна ўбачыць цэлыя кампазіцыі і персанажаў. Над карнізам размясцілася птушыная сям'я — певень, куры і кураняты. Ніжэй ёсць выявы мурашкі і слімака, а таксама дрэў і кветак. На іншым баку дома можна разгледзець мядзведзяў, матылькоў і мульцяшную варону.


Незвычайна аформлены і плот. На драўляных панэлях зробленыя выявы сабакі, ката, качак і іншых персанажаў. Асобныя панэлі нагадваюць экспанаты невялікай вулічнай галерэі.


Мясцовыя жыхары расказалі, што аўтаркай такога афармлення была мастачка. Цяпер хата мае іншых гаспадароў, бо ранейшая ўладальніца прадала яе, але створанае ёю аздабленне захавалася.

Другая незвычайная хата знаходзіцца на суседняй Службовай вуліцы. Будынак стаіць на рагу, таму яго добра відаць нават з дарогі Р-23.

У адрозненне ад першай хаты, тут няма яркіх накрывак і вялікай колькасці розных персанажаў. Хата мае бірузовы драўляны фасад з белымі разнымі элементамі. Асабліва вылучаюцца вокны: над імі размешчаныя дзве белыя птушкі, а само ваконнае абрамленне дапоўнена дэкаратыўнымі драўлянымі дэталямі. На франтоне драўлянымі літарамі выкладзена назва вуліцы — «Служебная».

Перад домам стаіць блакітны плот, упрыгожаны вялікімі белымі птушкамі ў той жа стылістыцы. Разныя элементы ператвараюць звычайную агароджу ў працяг аздаблення хаты.
Такое афармленне звязана з традыцыяй дэкаратыўнага ўпрыгожвання драўляных хат, калі асаблівая ўвага надавалася вокнам, франтону і іншым элементам фасада.
У цэнтры Мінска прадаецца кватэра-музей. Там антыкварная мэбля і вялікія пакоі
З самаробным чоўнам, гусямі і зёлкамі замест лекаў. Як жыве сапраўдны палескі рабінзон
«Падляшша недаацэненае новымі эмігрантамі». Беларус стварае фотапраект, прысвечаны аканіцам хат на польскім памежжы
У вёсцы на Гродзеншчыне можна купіць палову вуліцы за 315 рублёў
Каментары