У Кангрэсе даследчыкаў Беларусі возьмуць удзел навукоўцы дзевятнаццаці краін
Кангрэс пройдзе 28–30 верасня ў Каўнасе.
Летась у Каўнасе ўпершыню адбыўся кангрэс даследчыкаў Беларусі — тады навукоўцы з розных краінаў, якія займаюцца беларускім пытаннем, атрымалі шанец сустрэцца. Сёлета адбудзецца другі кангрэс, які па маштабах значна пераўзыходзіць папярэдні — арганізатары атрымалі каля 400 заявак ад навукоўцаў з дзевятнаццаці розных краін.
«Наша Ніва» паразмаўляла з адным з арганізатараў кангрэса Аляксеем Ластоўскім.
«Мінулагодні кангрэс быў амаль цалкам прысвечаны сацыяльным навукам. — расказвае спадар Аляксей. — Сёлета вялікі ўпор робіцца на гуманітарныя навукі, даследаванні ў галіне мастацтва: будзе, напрыклад, секцыя кіназнаўства.Да таго ж, падчас кангрэса будуць працаваць эканамічныя секцыі — гэта балючае пытанне для Беларусі, але на абмеркаванне яно выносіцца рэдка».
«Канечне, для нас галоўнае — даць слова беларускім удзельнікам, — кажа Ластоўскі. — Аднак магчымасцяў сустракацца з замежнымі калегамі ў нашых навукоўцаў мала. У выніку сярод замежных гасцей у нас не толькі беларусы, якія працуюць у замежжы, аднак і навукоўцы, якія не маючы беларускіх каранёў, займаюцца беларускім пытаннем. Напрыклад, у кангрэсе возьме удзел японскі даследчык, які сёлета прэзентуе даклад, прысвечаны Браніславу Тарашкевічу».
З замежных зорак на кангрэс завітаюць айцец Аляксандр Надсан, славіст Арнольд Макмілін і старшыняАнга-беларускага таварыства Вялікабрытаніі Джым Дынглі. З Расіі прыедуць Аляксей Мілер, які спецыялізуецца на гісторыі Усходняй Еўропы, і знаны гісторык Міхаіл Дзмітрыеў. Беларусь будуць прадстаўляць яскравыя навукоўцы і практыкі ад Валера Карбалевіча і Андрэя Казакевіча да Генадзя Сагановіча і Андрэя Кудзіненкі.
«Выйшла так, што сёлета мы ахопім усю беларускую гісторыю, — расказвае Ластоўскі. — Нашы гісторыкі, і гэта вельмі заўважана па дакладах, цалкам уключаныя ў сучасны гістарычны працэс. Аднак наш кангрэс, хай гэта прагучыць нясціпла, застаецца адзінай пляцоўкай, дзе яны могуць сустрэцца. Калі Акадэмія навук не займаецца арганізацыяй такіх мерапрыемстваў, то нехта мусіць гэта рабіць».
-
Аўтапартрэт звязанага з Віцебскам мастака прадалі ўдвая вышэй ацэнкі. І гэта не Шагал
-
Беларусы спрасцілі пошук па тысячах раней засакрэчаных аэрафотаздымкаў Беларусі, апублікаваных Нацыянальным архівам ЗША
-
Галоўная архітэктурная прэмія свету дасталася кітайскаму архітэктару, чые праекты «праслаўляюць паўсядзённае жыццё людзей»
Каментары