Архіў

Наталка Бабіна. Новая восень

№ 35 (297), 20 верасьня 2002 г.

Наталка Бабіна

Новая восень

Насуперак верасьнёўскай традыцыі, не з баразны, а з гары падзівімся на новую восень. Бо адсюль відаць ня тое, што бачым звычайна.

Дзявочая Горка ля вёскі Дубрава, стромкая і высокая, проста як на Каўказе, — мэта нашага паходу. Мы прыйшлі сюды пешшу ў цёплай кампаніі, пакінуўшы машыны адпачываць на лецішчы. Дарога ляжала праз прыгажэнныя пагоркі і лугі, спаскуджаныя ўсюдыіснымі плястыкавымі бутэлькамі, паўз маляўнічыя хутарцы пад дубамі, а потым празь вёску Дубрава: вул.Дыбоўскага (“Заоляг з сусьветнай вядомасьцю, нарадзіўся паблізу, на хутары Адамарын”), потым вул.Касьцельная.

“Касьцельная” прывяла да былога касьцёлу: руіны, трагічныя ў сваёй велічы, з калёнамі, што падпіраюць неба, са старой-старой магілай (“And… Paszkievicz… zmarły… 1862…”) і, як заўжды ў такіх месцах, з купай лайна пасярэдзіне… Ля самай сьцяны прытулілася яблыня-дзічка. Царкву ў Дубраве нядаўна пабудавалі, а касьцёл, ясна, не адбудаваны.

Паколькі старая вуліца, што ішла ад касьцёлу, называлася “вул.Дзявочая Горка”, мы зразумелі, што ідзём правільна.

На вяршыні, пакуль дзеці шукаюць “каля дваццаці курганаў другой паловы XI ст., у якіх знойдзена адзінаццаць жаночых і адно мужчынскае пахаваньне”, я з асалодай прысядаю на плахту і выцягваю ногі — усе чатыры кілямэтры шляху Томця праехала на маёй сьпіне, нізавошта не жадаючы перасесьці ні на татаву, ні на дзядзькаву.

Тут ціха. Ціха і адзінока. Шоргат асіны, шум ветру ў клёнах. Вецер не нясе дажджу, але торфам тут, высока, таксама ня цягне. Тысячу гадоў таму гара, пэўна, была лысай. Дзіўнае пачуцьцё: час цячэ з гукам. От цікава, гэтыя адзінаццаць жанчын, адна зь дзіцем, так і ляжаць тут, неглыбока пад зямлёй?

Здаецца, не — курганоў сапраўды шмат, але відаць, што адны зь іх ускрытыя і наноў насыпаныя археолягамі, а на іншых, відаць, папрацавалі мясцовыя хлопцы. І я іх разумею. Баюся, каб у мяне была рыдлёўка, я б таксама паддалася спакусе. Не, яны ня барбары. Барбары ня прыйдуць на Дзявочую Горку, бо нічога пра яе ня ведаюць.

Мясцовыя хлопцы — гэта нешта. З адным такім навучэнцам пачатковай школы лістуецца мая старэйшая дачка. Лісты з абодвух бакоў дастаўляюцца на роварах і хаваюцца пад адметным каменем пры дарозе. Перапіска вядзецца па-беларуску! Не, на гэтых хлопцаў сердаваць не выпадае, — думаю, калі мы вяртаемся вуліцай Каліноўскага. Выглядае яна ў Дубраве нашмат сымпатычней, чым аднайменная ў сталіцы.

А вечарам надыходзіць час падумаць пра будзённае — і я бяруся марынаваць перцы. “Дурны той, хто яшчэ сам варыць сабе варэньне, — успамінаецца зь Бёля. — Гальштэге зробіць гэта за цябе!” Найн, ніякі Гальштэге за мяне гэтага ня зробіць. Помню, у Мамучы з “Бога дробных рэчаў” кансэрвы заўжды атрымваліся трошачкі саланейшыя, чым трэба. Мае перцы будуць мець дасканалы смак — рэцэпт правераны.

Дзеці ў самаробным шалашы надзіва зладжана сьпяваюць “Тры чарапахі” (Томця падцягвае кожнае апошняе слова радка), іх таты займаюцца шашлыком. Цямнее, і праз дымную смугу ў небе настойліва, але зь цяжкасьцю пачынаюць прасьвечваць зоркі. Палярнай за дымам не відаць. Мы зь сяброўкай бярэмся за працу.

Рэцэптам магу падзяліцца. Новая восень — не апошняя, а там, можа, яшчэ і зіма не апошняя. Прыдасца.

Перцы кансэрваваныя

3 кг перцаў (нячышчаных), 2 шклянкі вады, шклянка алею, шклянка 9-працэнтнага воцату, шклянка цукру, сталовая лыжка солі, 6–8 лаўровых лістоў, 10–15 гарошынаў чорнага перцу.

Перцы памыць, пачысьціць, кожны разрэзаць на 4–5 частак.

У шырокі рондаль уліць ваду, масла, воцат, усыпаць цукар, соль, укінуць лаўровае лісьце і чорны перац. Давесьці да кіпеньня.

Падрыхтаваныя перцы апусціць у рондаль і варыць, асьцярожна памешваючы, ня больш за 15–20 хвілінаў з моманту апусканьня.

Адразу пасьля гэтага расфасаваць разам з марынадам у невялічкія слоікі і закатаць.

Атрымліваецца 6 паўлітровых слоікаў. Прыгатаваньне, разам з мыцьцём і стэрылізаціяй слоікаў, займае гадзіну і 15 хвілінаў, калі працуе адзін чалавек.


Каментары

Цяпер чытаюць

Каля плошчы Бангалор у Мінску вырас яшчэ адзін звышсакрэтны аб’ект10

Каля плошчы Бангалор у Мінску вырас яшчэ адзін звышсакрэтны аб’ект

Усе навіны →
Усе навіны

Рыжанкоў: Для сустрэчы Лукашэнкі і Трампа робяцца адпаведныя крокі3

Генпракурор ААЭ: Другі пілот рэйса FlyDubai напаў на капітана, выкарыстоўваючы аварыйную сякеру

У мінскай паліклініцы медсястра назвала пацыента свінотай21

46‑гадовага айцішніка з Гомеля асудзілі па пяці палітычных артыкулах4

Беларус паехаў рэзаць брокалі ў Нідэрланды і паказаў, колькі зарабляе і што застаецца за кадрам12

ЕС не дасць Украіне дадатковых грошай да выканання абяцаных рэформаў5

Класкоўскі: На гандаль людзьмі Лукашэнка гатовы, на лібералізацыю — не7

Як камуністы цалкам знішчылі 700‑гадовы горад Мост дзеля вугалю. Гістарычныя кварталы прадавалі Галівуду пад здымкі рэальных выбухаў13

Два дні разам — і зноў цягнік у Вільню. Як чатыры гады чакання польскай карты побыту выпрабоўваюць шлюб беларусаў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Каля плошчы Бангалор у Мінску вырас яшчэ адзін звышсакрэтны аб’ект10

Каля плошчы Бангалор у Мінску вырас яшчэ адзін звышсакрэтны аб’ект

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць