Культура44

Вянок памяці: Барыс Жанчак

20 верасьня родныя і сябры разьвіталіся з паэтам Барысам Жанчаком. Аўтар мноства песень, былы выкладчык беларускай мовы і літаратуры Рэспубліканскай школы па музыцы і выяўленчым мастацтве для адораных дзяцей, муж кіраўнічкі легендарнай «Майстроўні» Ларысы Сімаковіч пакінуў гэты сьвет, не дажыўшы двух дзён да 76-годзьдзя.

Барыс Жанчак нарадзіўся ў 1937 годзе ў вёсцы Сеньніца пад Менскам. Скончыў філялягічны факультэт Белдзяржунівэрсытэту. Стаў працаваць выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры Рэспубліканскай школы па музыцы і выяўленчым мастацтве для адораных дзяцей, так званага Парнату. Маладога, прыгожага, шляхетнага настаўніка адразу ж палюбілі вучні. Прыгадвае былы «парнатавец», а цяпер знаны графік Рыгор Сітніца.

«Мала сказаць пра яго — настаўнік. Гэта чалавек, які сапраўды мог зрабіць так, каб мы гэтую мову і літаратуру палюбілі назаўсёды.

Прытым, рабіў гэта нязмушана. Паколькі ён сам быў надзвычай харызматычным і прыгожым чалавекам, вельмі творчым чалавекам, то дастаткова было проста бачыць, што такі чалавек размаўляе па-беларуску і робіць гэта вельмі прыгожа, шляхетна, нават экстравагантна, і гэта для многіх з нас было проста найярчэйшым прыкладам».

На любоў вучняў настаўнік адказваў узаемнасьцю. Многім нават прысьвячаў і дарыў свае вершы, якія яны памятаюць да сёньня. Як, да прыкладу, вядомы рэстаўратар Уладзімер Ракіцкі.

«Яму далі на выхаваньне пятую клясу мастакоў. Я ў гэтай клясе быў піянэрважатым. І я ўпершыню сустрэўся з паэтам, сапраўдным паэтам. І я да гэтага памятаю, як ён пры мне напісаў верш. Я яго і сёньня не забыўся.

Бальзамам з ран маёй зямлі сачыцца
вадзіца, якою хоць бяду лячы.
Крыніца будзе доўга ў жвіры віцца,
пакуль ня стрэне неба далячынь.
Ці ёй чыя патрэбна дапамога,
і ці яе да працы прымушаць,
бо чым далей, чым найцяжэй дарога,
тым найчысьцей крынічная душа.

Гэты верш быў напісаны Барысам Іванавічам, здаецца, у 1970 годзе. І ён мне яго падарыў».

З тых «парнацкіх» часоў доўжылася сяброўства Барыса Жанчака і з жывапісцам Ягорам Батальёнкам, якому ён даверыў сваю паэтычную спадчыну.

«Яго паэзія зусім невядомая шырокаму колу грамадзкасьці. Ён вядомы ў вузкіх колах людзей, якія цікавяцца паэзіяй і наогул мастацтвам. Ён часта выступаў на вэрнісажах са сваімі вершамі. У колах мастацкіх выдатна ведаюць гэтага чалавека і паэта. Ён для мяне — як узор чалавека, які любіў сваю радзіму. І ўся творчасьць яго фактычна прысьвечана гэтаму».

У 1993-м выйшла першая і адзіная кніга Барыса Жанчака «Некалі потым». З таго часу ён амаль не друкаваўся.

У апошнія гады, праўда, зьмяшчаў частку твораў у інтэрнэце. Сябры абяцаюць у хуткім часе выдаць вялікі том творчай спадчыны паэта. У пэўным сэнсе прадмовай да яго можна лічыць слова пра Барыса Жанчака дасьледчыка беларускай мовы і літаратуры Пётры Садоўскага.

«Я не магу сказаць. што мы з Барысам былі вельмі блізкімі сябрамі. Мы да канца не раскрываліся адзін перад адным. Хаця мы — суседзі ўжо больш як 20 гадоў. Ня раз сустракаліся адзін у аднаго дома. Звычайна зь нейкай побытавай нагоды. Аднак усё заканчвалася вершамі ...

Ня бачыліся мы зь ім зь мінулай восені. Я некалі (мо гадоў пяць-шэсьць таму) напісаў прадмову да ягонага інтэрнэт-зборніка, які чытаў яшчэ ў папяровым выглядзе. Папрасіў даслаць мне той мой тэкст у электронным выглядзе (каб нешта зьмяніць) і новыя вершы, калі напісаліся. Барыс гэта зрабіў... Я скажу тое, што адчуваю. Магчыма, іншыя адчуваюць інакш.

Сёньня, калі «нас няма вакол Барыса» (ён пісаў: не я сярод людзей, яны вакол мяне), ягоныя вершы чытаюцца да болю выразна. Барыс быў ціхім паэтам адзіноты, па-беларуску сьціпла іранічным у адносінах да сябе: «Сяджу пад плотам на дравах, // Вартую сонца неўміручасьць, // А ведалі б. як гэта зручна, // Заплюшчыўшыся вандраваць ...».

Барысавы вершы — нетаропкія, сузіральныя. Ён «трымае нетаропкую справаздачу перад Бацькам, які цяпер разьліты па ўсім сьвеце.» Гэта я пераказваю простым тэкстам. Каб зразумець, што гэта не фальшывы патас, трэба прачытаць дзясяткі тры-чатыры вершаў. Барыс Жанчак і ягоная паэзія, як дрэва Райнэра Марыя Рыльке: карані ў доме, ствол прарастае праз столь, дах і цягнецца ў неба. Ягоны Бог — пантэістычны. У траве, у вадзе, у жураўлях, што, як цеціва памяці, верная вясьне, імкнуць у вырай, каб зноў вярнуцца. Нават гарадзкі трамвай — вусень, які можа нечакана павярнуць рэйкі ў іншы бок ... Па дыяганалі ягоныя вершы нельга чытаць.

Можна ўзгадваць зь ягоных вершаў выдатныя побытавыя замалёўкі з надзвычай тонкімі мэтафарамі. Аднак для мяне Барыс — паміж небам і зямлёй. Музычны — як арфа. Але ляканічны, як Антон Вэбэр. Вы скажаце — патасна і несумяшчальна. Не: калі паэт сузірае, акрэсьлівае, асэнсоўвае і прыходзіць да шчасьлівай адзіноты, дзе «верад тонкі ад незавершанага верша перацякае ў ёмкі выраз», там пануе незвычайная гармонія. Тады паэт там, — дзе Рыльке, Максім Багдановіч, Арсен Таркоўскі, Лермантаў.

Беларускасьць у Барыса — ціхая і журботная: «Я пасылаю прывітаньне // Народу, што не знае сьлёз // З нагоды слуцкага паўстаньня ... Мяне ў хаўрус не возьмуць змагары: // Не разбуру, не зьвергну, не прыстукну...

Такім я буду помніць Барыса Жанчака. Барыс не пайшоў бясьсьледна. Ён пакінуў сына Яна. Ян час ад часу пераўвасабляецца ў Паэта з „Апокрыфа“ Максіма Багдановіча, і таксама трымае сваю нетаропкую справаздачу перад Бацькам».

Каментары4

Цяпер чытаюць

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць23

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядомая агульная вартасць усіх зямель Беларусі1

Пяскоў: Мэты вайны ва Украіне не дасягнутыя цалкам4

Румынія прыпыніла выдачу віз беларусам7

Лідара Gods Tower не пусцілі на самалёт на Кіпр, гурт паляцеў без яго10

З раскошным відам на ваду. У сталіцы пачынае фармавацца новы мікрараён, першы дом хутка будзе гатовы6

«Аааа, нарэшце! Мы ўсё думалі, калі ўжо вашы суставы…» Севярынец расказаў, як яго мэтанакіравана мучылі ў зняволенні7

Лукашэнка абнавіў склад камісіі па памілаванні1

Маладая сям’я з Жодзіна расказала, як у чатыры разы скараціла выдаткі на ежу12

Ціханоўская звярнулася да ўкраінцаў: Мы, беларусы, ведаем, што такое Расія. Мы ведаем яе імперскія апетыты20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць23

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць