Грамадства1111

Савік Шустэр: Лукашэнку крымскі прэцэдэнт вельмі не падабаецца

Ці лічыць Лукашэнка Крым расійскім, а Пуціна — большым дыктарам, чым сам, распавядае вядучы ўкраінскай тэлеперадачы «Шустэр Live» Савік Шустэр.

Еўрарадыё: Ва Украіне сёння дастаткова асоб і персаналій для таго, каб рабіць праграмы на актуальныя тэмы – чаму вы менавіта зараз вырашылі зрабіць інтэрв'ю з кіраўніком суседняй краіны Аляксандрам Лукашэнкам?

Савік Шустэр: Найперш таму, што прэзідэнт Беларусі зрабіў некалькі гучных, важных заяў па сітуацыі ва Украіне і па Крымскай аўтаномнай рэспубліцы. Па-другое, як я зразумеў з яго друкаваных інтэрв’ю, ён дастаткова часта мае стасункі з прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі. Ну, і трэцяе – гэта, усё ж, суседняя краіна, моцна звязаная з Украінай. Мяркую, што для ўкраінскай аўдыторыі, для ўкраінскага тэлегледача будзе вельмі цікава пачуць меркаванне прэзідэнта Беларусі.

Еўрарадыё: Чаму той факт, што кіраўнік Беларусі дастаткова часта мае стасункі з Уладзімірам Пуціным, цікавы для ўкраінскіх тэлегледачоў?

Савік Шустэр: Гэты факт цікавы не толькі для ўкраінскага гледача – ён цікавы для сусветнага гледача. У тым сэнсе, што зараз усе спрабуюць зразумець: што на розуме ва Уладзіміра Пуціна? Што ў яго ў душы, што ён думае, якая ў яго стратэгія? Вось пра гэта пішуць усе, усе гадаюць, ва ўсіх рознае разуменне і ўяўленне.

Я думаю, што прэзідэнт Лукашэнка – адзін з тых людзей, які найбольш дакладна можа сфармуляваць стратэгію прэзідэнта Пуціна.

Вось ён сказаў, што нікуды больш, апроч Крыма, прэзідэнт Пуцін войскі не накіруе. Ён у гэтым упэўнены. Я думаю, што калі ён кажа, што ён упэўнены, то яму трэба верыць. І яму паверыць не толькі Украіна – яму паверыць Еўропа, яму паверыць Амерыка, яму паверыць свет.

Еўрарадыё: І як, на ваш погляд, гэта ўпэўненасць Лукашэнкі адаб’ецца на палітычнай сітуацыі ва Украіне?

Савік Шустэр: Ва Украіне цяпер асаблівая атмасфера – гэта атмасфера вайны. І любое слова, якое супакойвае, яно карысна. Людзі вельмі знерваваныя, усе ў вялікім напружанні, ніхто ў прынцыпе не можа прадказаць будучыню, прадбачыць, што будзе заўтра, паслязаўтра.

І ў такой абстаноўцы словы, якія супакойваюць, нават калі яны сыходзяць ад прэзідэнта іншай краіны, гэта – нібыта прамень надзеі.

Еўрарадыё: Ці доўга вам давялося чакаць згоды на інтэрв’ю?

Савік Шустэр: На дзіва хутка мы атрымалі адказ. Мушу сказаць, што з прэзідэнтам Лукашэнкам мы даўно знаёмыя – мы рабілі два эфіры яшчэ калі я працаваў на НТВ. І ён мяне добра ведае як прафесіянала. У гэты панядзелак мы накіравалі заяўку, і ўжо ў панядзелак вечарам мы атрымалі станоўчы адказ.

Еўрарадыё: Пытанні на ўзгадненне дасылалі?

Савік Шустэр: Не, мы проста акрэслілі тэмы. Ну, а тэма цалкам відавочная – было адразу зразумела, што ў асноўным, так яно і атрымалася ў выніку, мы будзем гаварыць пра крымскую сітуацыю, пра прэзідэнта Пуціна, Украіну, Майдан…

Еўрарадыё: Задавалі пытанні, непрыемныя для Лукашэнкі?

Савік Шустэр: Мяркуючы па выразу яго твару і па яго погляду – не было непрыемных пытанняў. Разумееце, калі мы гаворым пра сітуацыю вайны – тут усе пытанні непрыемныя з іншага боку. Але я не заўважыў ў яго вачах, што нейкія пытанні яму непрыемныя. Не, гэтага не было.

Еўрарадыё: Лукашэнка не вельмі добра выказаўся ў бок Віктара Януковіча. У свой час кіраўнік Беларусі вельмі пакрыўдзіўся на свайго ўкраінскага калегу за тое, што той не запрасіў яго на гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Вам не падалося, што тая крыўда і цяперашнія дрэнныя выказванні ў бок Януковіча звязаныя?

Савік Шустэр: Ён падкрэсліў: «Гэта мой сябра, але я кажу пра яго так, як я пра яго думаю». Я не думаю, што гэта звязана з крыўдай, я думаю, што гэта рэальна звязана з ацэнкай учынку Віктара Януковіча.

Еўрарадыё: І ўсё ж такі, якая сёння пазіцыя па Крыме кіраўніка Беларусі?

Савік Шустэр: Ён сказаў, што дэ-факта – расійскія войскі там, Расія ўводзіць рубель, уводзіць свае законы і фактычна гэта ўжо тэрыторыя Расіі. Што гэта нават адзначылі экс-прэзідэнты Кучма і Краўчук. І што вывадам войскаў, адсутнасцю супраціву цяперашняя ўлада Украіны сама падкрэсліла той факт, што гэта тэрыторыя Расійскай Федэрацыі. І сказаў, што гэта не патрабуе ніякага юрыдычнага прызнання.

Еўрарадыё: Падзяліцеся ўражаннем – якое стаўленне Аляксандра Лукашэнкі да такіх дзеянняў у Крыме расійскіх уладаў?

Савік Шустэр: Мне вельмі складана спрабаваць аналізаваць прэзідэнта Лукашэнку. Але ў мяне склалася ўражанне, што яму гэты прэцэдэнт вельмі не падабаецца. 

Еўрарадыё: Якія ўражанні ў вас засталіся ад суразмоўцы? Параўнайце з уражаннямі ад папярэдніх сустрэч.

Савік Шустэр: У яго заўсёды былі лідарскія якасці. Гэта ведаюць як яго прыхільнікі, так і яго праціўнікі. І гэтыя лідарскія якасці ў яго засталіся. За гэтыя гады, і гэта лагічна, ён стаў больш вопытны, стаў больш абазнаны. Гэта нармальна – з узростам і вопытам становішся больш мудрым. Амаль ва ўсіх людзей так.

Еўрарадыё: Ці лічыце вы яго аўтарытарным кіраўніком?

Савік Шустэр: Ён без усялякіх сумневаў аўтарытарны кіраўнік!

Еўрарадыё: Ці можна ў гэтым сэнсе параўноўваць Пуціна з ім?

Савік Шустэр: Так ён сам сябе з ім параўнаў!

Я спытаўся: «Як вы ставіцеся да таго, што вас называюць дыктатарам?», і ён сказаў: «Я не проста дыктатар – я апошні дыктатар!»

Я яму ў адказ кажу: «Зараз ужо Уладзімір Уладзіміравіч вас апярэджвае ў гэтым сэнсе», і ён адказаў: «Так, я яму таксама гэта сказаў». Прыкладна так гэта прагучала.

Еўрарадыё: Якое яго стаўленне да дзеючай украінскай улады?

Савік Шустэр: Абсалютна прагматычнае. Ён з уладай, абранай украінскім народам, і ў прыватнасці – з Аляксандрам Турчынавым, гатовы і будзе супрацоўнічаць, і ў самым бліжэйшым часе з Турчынавым будзе сустракацца. А адносіны да ўкраінскага народа ў яго самыя цёплыя.

Каментары11

Цяпер чытаюць

Каардынатара пошукавага атрада «Анёл» пасадзілі за палітыку2

Каардынатара пошукавага атрада «Анёл» пасадзілі за палітыку

Усе навіны →
Усе навіны

Беларус за 150 рублёў спрабуе прадаць эксклюзіўную фігурку з «Кіндара»1

Літва і ЗША будуць размаўляць, каб прызнаць гібрыдныя атакі Беларусі тэрарыстычнымі дзеяннямі18

Дзмітрый Баскаў стаў суўладальнікам піваварнай кампаніі24

З'явіўся новы спосаб выманіць коды з SMS3

«Замест выратавання Еўропы цэнтрысты вядуць яе ў прорву»10

Замежны брэнд выпусціў правакацыйную лінію адзення на тэму Чарнобыля9

Карлас Алос пакідае пасаду галоўнага трэнера Беларусі1

У Казані судзілі Ісуса Хрыстоса6

Ураджэнец Беларусі ўзначаліў Масад21

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Каардынатара пошукавага атрада «Анёл» пасадзілі за палітыку2

Каардынатара пошукавага атрада «Анёл» пасадзілі за палітыку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць