Грамадства

«Мне зараз некамфортна, часам страшна». Лідар J:МОРС распавёў пра забарону ўезду ва Украіну, страх і канцэрты ў Беларусі

13 лютага музыкаў беларускага гурта J:МОРС не пусцілі ва Украіну, нягледзячы на запланаваны канцэрт у Кіеве. Уладзімір Пугач, лідар гурту, распавёў «Нашай Ніве» што адбывалася на украінскай мяжы, як ён ставіцца да сітуацыі і ці не страшна яму жыць у сённяшняй Беларусі.

Выступ J:МОРС меў адбыцца 14 лютага ў Кіеве, у арт-пабе «Торвальд» (які, дарэчы, адкрыў віцебчук Віталь Броўка).

За суткі да імпрэзы музыкі паехалі ва Украіну праз памежны пункт пропуска «Выступовічы». Але ж у Кіеў яны так і не трапілі.

«Мы ехалі аўтамабілем, у пункце пропуску ўкраінскія пагранічнікі сабралі ўсе нашы дадзеныя, сфатаграфавалі афішы, — згадвае Уладзімір Пугач. — Яны самі не прымалі рашэнне — усю інфармацыю пра нас пераслалі праз Вотсап свайму начальству, у Жытомір ці куды яшчэ. І паведамілі: цяпер чакаем, калі вам дазволяць уезд, мы вас прапусцім. І ўсё.

Чакалі гадзіну, прыйшла інфармацыя: адмоўлена. Мы тлумачылі, што едзем граць канцэрт: паказалі адпаведныя дакументы, запрашэнне ад кіеўскіх прамоўтараў. Але нам усё роўна адмовілі. 

Мы спрабавалі знайсці нейкія выхады на афіцэраў памежнай службы, каб нам патлумачылі, чаму адмаўляюць ва ўездзе, але дэтальна нешта казаць ніхто настроены не быў. Адказ быў: «Усё разумеем, але зараз, на жаль, не можам вас пусціць у краіну». 

Я не магу сказаць, што пагранічнікі неяк кепска да нас ставіліся, хутчэй наадварот, усё было цывілізавана. Але яны выконвалі загад зверху. Праўда, нас не выгналі з пераходу, далі час паспрабаваць вырашыць пытанне. 

Уладзімір Пугач, фота з яго старонкі ў Facebook

У выніку на гэтым памежным пераходзе мы прастаялі даволі доўга, гадзін восем, бо спрабавалі неяк паўплываць на гэтую сітуацыю. Вельмі дапамагала беларуская дыяспара ў Кіеве, мы нават выйшлі на пагранічны камітэт Украіны, але не дапамагло. Можа яшчэ таму, што быў выходны, нядзеля. 

Пасля ў пагранічнікаў скончылася змена і яны былі вымушаныя папрасіць нас з’ехаць назад у Беларусь».

Цяпер Пугач плануе перанесці дату канцэрта і усё ж спадзяецца прыехаць у Кіеў.

«Калі зменіцца нейкім чынам сітуацыя на мяжы, спадзяюся, што зможам прыехаць і сыграць канцэрт. 

Нейкія выдаткі на дарогу ў нас былі, гэта непрыемна, але не магу сказаць, што фатальна для нас. Неяк зможам з гэтым жыць далей, — пасміхаецца Уладзімр Пугач. — А вось прамоўтары, якія рыхтавалі імпрэзу ў Кіеве, маглі згубіць грошы, усё ж рыхтавалі арэнду абсталявання, памяшкання…

Што да самой сітуацыі, то, па-першае, пагранічнікі вельмі добра да нас ставіліся і я разумею, што яны проста вымушана выконвалі загад. Мы ж бачылі, што не яны самі прынялі рашэнне нас не пусціць. 

Па-другое, у сённяшніх абставінах, калі нічога не зразумела, калі падвышаная турбулентнасць, граюцца ў вайнушку, эвакуююць людзей з Украіны, я не ведаю, што б рабіў на месцы ўкраінскіх уладаў. Нікога не хачу вінаваціць у гэтай сітуацыі. Яна даволі непрыемная, але я магу яе зразумець.

Ці было нам страшна ехаць ва Украіну? Не, для мяне ўсе гэтыя чуткі пра канфлікт — гэта хутчэй дэманстрацыя сілы, бразганне зброяй, чым намер пачаць сапраўдную вайну».

Пугач мяркуе, што атрымаецца перанесці кіеўскі выступ J:МОРС на сакавік:

«Пра зварот квіткоў пытанне не да мяне, гэта хутчэй да кіеўскіх прамоўтараў. Але са свайго боку я гарантую, што мы ўсё ж даедзем, і тыя, хто не здасць квіткі, па іх зможа прыйсці на канцэрт». 

Атрымліваецца, гурт J:МОРС сёння не можа граць як у гасцях, так і дома.

«У Беларусі сёння няма выступаў, я так скажу. Калі мы апошні раз спрабавалі зладзіць канцэрт, у нас не атрымалася. І відавочна, што не атрымаецца і цяпер. Публічныя канцэрты праводзіць немагчыма.

Карпаратывы адбываюцца, але рэдка. Бо і шмат людзей, якія нас слухаюць, з’ехалі з краіны, і сітуацыя з каранавірусам не спрыяе правядзенню карпаратываў», — тлумачыць Уладзімір Пугач.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, сам ён застаецца ў Беларусі.

«Летась я выязджаў з краіны, месяц пражыў у Кіеве, але пасля вярнуўся. Па персанальных прычынах, па сямейных абставінах, мне трэба зараз быць у Беларусі. — кажа Пугач. — Ну і гэта мая Радзіма, я буду спрабаваць заставацца тут настолькі доўга, наколькі гэта магчыма.

У мяне вельмі шмат сяброў, якія з’ехалі. Адныя з’ехалі, бо была рэальная пагроза жыццю ці свабодзе, другія з’ехалі, бо ім было страшна, а трэція — бо ім было некамфортна.

Вось мне зараз таксама некамфортна, часам бывае і страшна. Але абставіны, праз якія я застаюся ў Беларусі, яны пераважваюць».

Чытайце яшчэ:

«Са мной было пяць беларусаў, не прайшоў ніхто». Мікіта Мелказёраў расказаў, як яго не пусцілі ва Украіну

Каментары

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна13

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна

Усе навіны →
Усе навіны

Прыгожая традыцыя ў Берліне працягваецца. Дзясяткі тысяч заўзятараў «Уніёна» спявалі на стадыёне калядныя песні3

У Еўропе падымуць цэны на новыя аўто, каб стымуляваць пераходзіць на электрамабілі. Ці закране гэта Беларусь?29

Навагоднія падарункі ад Слуцкага сыраробнага камбіната ўразілі сваёй шчодрасцю10

На вуліцах Львова жыццё спаборнічае са смерцю ФОТАФАКТ9

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне49

Пашкоджанні кабеляў працягваюцца. На гэты раз адзін з іх абарваны паміж Эстоніяй і Фінляндыяй4

Масквічы папрасілі Пуціна перанесці будаўніцтва гасцявога комплексу для пасольства Беларусі6

Навошта Лукашэнку «прэзідэнцкі баль» — такая дэманстратыўная і крыху архаічная, сэксісцкая па форме традыцыя?24

Байдэн збіраецца на развітанне ўвесці пакет санкцый супраць «ценявога флоту» Расіі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна13

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна

Галоўнае
Усе навіны →