Меркаванні5555

Адказ Шыталю: Перастаньце мераць чарапы. Эдуард Вайніловіч — беларус!

Нам даўно трэба перастаць разглядаць гісторыю Беларусі, а таксама нашых гістарычных дзеячоў, празь нейкія вузкія этна-нацыяналістычныя рамкі.

Пагатоў, гэтыя рамкі часьцей за ўсё навязваюцца нам нацыяналістычнай гістарыяграфіяй суседніх народаў, якія менш за беларусаў пацярпелі ад русіфікацыі і дэнацыяналізацыі. Рамкі гэтыя, канечне ж, скіраваныя на прыніжэньне беларусаў і іхнай ролі ў гісторыі.

Так, атрымліваецца, што Эдуард Вайніловіч, нашчадак карэннай наваградзкай шляхты, не беларус, бо беларусам сябе не называў (называў літвінам і палякам) і ня быў сацыялістам. Тое ж самае з увогуле амаль усёй беларускай шляхтай і амаль усімі знакамітамі ўраджэнцамі Беларусі да сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя. Вялікія літоўскія князі — летувісы, бо таксама беларусамі сябе не называлі (за дужкамі застаецца такая «дробязь», што ў часы ВКЛ такога паняцьця, як нацыянальнасьць, не было ўвогуле).

Пры гэтым, праўда, Францішак Скарына, які сябе беларусам не называў, у нас усё-ткі беларус. Як і Аляксандар Лукашэнка, які не размаўляе на беларускай мове, называе сябе «расейцам з знакам якасьці» і дваццаць гадоў праводзіць палітыку русіфікацыі.

Ва ўсім гэтым ёсьць нейкая супярэчнасьць.

Насамрэч,

дзяліць мясцовых людзей, аб'яднаных супольнымі каранямі, на беларусаў і небеларусаў — гэта беспэрспэктыўны шлях.

Беларусь — гэта тэрыторыя. Беларус — гэта аўтахтонны жыхар гэтай тэрыторыі, незалежна ад рэлігіі і ад самавызначэньня.

Слова «паляк» 100 і 200 гадоў таму было ня тым жа, што цяпер. Яно магло абазначаць любога славяніна-каталіка ці ўвогуле любога чалавека з абшараў Рэчы Паспалітай. Прыкладна як у ХХ стагодзьдзі любога чалавека з СССР за мяжой называлі «расейцам». І беларуская каталіцкая шляхта пачатку ХХ стагодзьдзя таксама сябе лічыла «ў шырокім сэнсе» палякамі, а «ў вузкім сэнсе слова» — літвінамі, спадкаемцамі Вялікага Княства Літоўскага.

У выпадку з Вайніловічам ягоная прыналежнасьць да Беларусі — гэта рэч абсалютна апрыёрная і відавочная.

Чалавек, які нарадзіўся ў Беларусі, жыў і працаваў у Беларусі і чые ўсе продкі жылі ў Беларусі, а не прыехалі сюды, скажам, з Польшчы — гэта беларус.

Больш за тое, Вайніловіч меў вялікую сымпатыю да беларускасьці і ў яе вузкаэтнічным сэнсе, нават матэрыяльна падтрымліваў беларускія культурніцкія ініцыятывы, з сымпатыяй ставіўся да Беларускай Народнай Рэспублікі і бываў на паседжаньнях Рады БНР. Разыходжаньні Вайніловіча зь беларускім рухам перадусім былі ў палітычнай галіне: беларускі рух быў збольшага лявацкі-сацыялістычны, варожа настроены да любых буйных землеўласьнікаў як Вайніловіч.

Небеларус — гэта замежнік. Гэта чалавек, які сябе ў першую чаргу ідэнтыфікуе, скажам, з Варшавай і Кракавым, а не зь Менскам і Гародняй. Вайніловіч — не замежнік, а, значыцца, у сучасным сэнсе слова беларус.

Эдвард Вайніловіч, Уладзіслаў Сыракомля, Адам Міцкевіч і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч — гэта адназначна тутэйшыя людзі, а значыцца мы ня маем нагоды ня лічыць іх беларусамі.

Зрэшты, і Марк Шагал, Хаім Суцін ці дынастыя рабінаў Салавейчыкаў — таксама беларусы. Беларусы габрэйскага паходжаньня, беларускія габрэі ці як хочаце, але — беларусы. Людзі, чые продкі некалькі стагодзьдзяў жылі ў Беларусі — ну хто яны, як не тутэйшыя, як не беларусы?

Проста тое, што ўсе гэтыя людзі — таксама беларусы, накладае на нас, сучасных беларусаў, абавязак даглядаць, вывучаць і іхную культурную спадчыну таксама.

Культура беларускіх палякаў-літвінаў, беларускіх габрэяў-літвакоў, беларускіх татараў — гэта ўсё нашая, беларуская, спадчына, якая павінна быць часткай нашай ідэнтычнасьці, нашага культурнага коду.

Мы павінны вывучаць яе і захоўваць яе як сваю родную. Што мы робім вельмі дрэнна.

І таму пытаньне, якое задае Кастусь Шыталь, ёсьць па форме некарэктнае, а па сутнасьці — рытарычнае. Мы, бясспрэчна, павінны шанаваць усіх нашых землякоў, хто рабіў тут дабро і хто праславіў Беларусь у сьвеце. Мы ўжо маем вуліцы імя Ўладзіслава Сыракомлі і Адама Міцкевіча, таму прэцэдэнт стварэньня тапанімічнай адзінкі ў гонар шляхціца-літвіна будзе ня першым.

У Менску патрэбная плошча Вайніловіча і помнік гэтаму чалавеку.

Вядома, дзеля гэтага ня трэба пераймяноўваць вуліцы, якія маюць ці мелі старажытныя (дарэвалюцыйныя ці асабліва сярэднявечныя) назвы. Наколькі магу разумець, у выпадку з прапанаванай плошчай Вайніловіча такой сытуацыі няма, таму надаць гэтую назву — варта.

Зьвяртайцеся ў Менскі гарадзкі выканкам з просьбамі зрабіць гэта — зварот можна накіраваць тут: http://minsk.gov.by/ru/feedback/10/.

Каментары55

Цяпер чытаюць

Усіх студэнтак беларускіх ВНУ абавязалі тэрмінова запоўніць анкету з пазначэннем свайго росту52

Усіх студэнтак беларускіх ВНУ абавязалі тэрмінова запоўніць анкету з пазначэннем свайго росту

Усе навіны →
Усе навіны

Крышціяну Раналду завяршыў кар'еру ў зборнай Партугаліі?

Тураўскія каменныя крыжы, якія нібыта прыплылі з Кіева, мабыць, паставілі пры Канстанціне Астрожскім5

У «Мінсктрансе» расказалі, колькі ў Мінску штомесяц ловяць зайцаў5

Рубіа запатрабаваў ад іранскай дэлегацыі неадкладна пакінуць Нью-Ёрк1

«Я пацягнуў за штурвал». Пасажыр рэйса Flydubai распавёў, як яму ўдалося выратаваць самалёт Дубай — Тэль-Авіў1

Жанчына з Тэнэсі выжыла пасля дзвюх смяротных ін'екцый падчас пакарання смерцю і была дастаўлена ў бальніцу6

Свабода дурніц. Як амерыканцы пачалі вырошчваць ягады ў Кітаі, але радаваліся нядоўга7

26 палос мае хіба што самая шырокая аўтастрада свету. Але ад затораў не ратуе

Гомельскага блогера Мелстроя, магчыма, затрымалі на Кіпры на запыт Казахстана3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усіх студэнтак беларускіх ВНУ абавязалі тэрмінова запоўніць анкету з пазначэннем свайго росту52

Усіх студэнтак беларускіх ВНУ абавязалі тэрмінова запоўніць анкету з пазначэннем свайго росту

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць