«На, с…ка, атрымай!» Доктар-уролаг расказаў, як яго пазаўчора жорстка збілі ў міліцэйскім бусіку і РУУСе
Аляксею Беластоцкаму 31 год, сам ён родам з Магілёва. Вучыўся ў Гомельскім медыцынскім універсітэце на ўролага. Там жа праходзіў ардынатуру. У 2019 годзе Аляксей пераехаў у Мінск, да гэтага ў сталіцу перабраліся і ягоныя бацькі, уладкаваўся ў 4-ю бальніцу.
2 верасня Аляксея да сябе дадому ў лазню паклікаў бацька. «Я звычайна еду да яго па МКАДзе, але на гэты раз вырашыў праехаць праз горад, каб паглядзець, што там адбываецца. На Пушкінскай убачыў, што там кучкай стаяць людзі. Думаю, мо патрэбна нейкая дапамога, спыніў машыну, прыпаркаваўся, але дапамогі не трэба было. У выніку я далучыўся да людзей, якія прыбіралі соль з надпісу «Не забудзем» на месцы забойства Тарайкоўскага», — расказвае «НН» лекар.
Побач з людзьмі ўвесь час знаходзіўся міліцыянер. «Я ўбачыў, што ён вельмі нахабна спрабаваў адагнаць людзей, я падышоў да яго, стаў пытацца, на якой аснове ён гэта робіцца, хай прадставіцца, пакажа дакументы. У выніку я нічога не дабіўся і зноў адышоў да людзей. Потым ён стаў чапляцца яшчэ да аднаго хлопца, я стаў за яго заступацца: «Хто вы такі? Што робіце?» Хлопца атрымалася адбіць, а ў свой бок пачуў: «Я цябе ў РУУС адпраўлю».
Аляксей кажа, што праз нейкі час да іх падышоў чалавек у касцюме («мабыць, начальнік»), які зноў заклікаў разысціся. «Я спытаў: гэта просьба? Мне адказалі, што так. Я адказаў, што ў такім разе просьбу адхіляю. І так ён на мяне паглядзеў, што стала зразумела, што дабром гэта не скончыцца. Праз нейкі час пачуўся жаночы крык і я ўбачыў каля дзясятка моцных такіх хлопцаў у масках».
Калі Беластоцкага затрымлівалі, то яго не збівалі. Калі ж закінулі ў бусік, то ён пачуў: «Завешвайце шторкі». «У гэты момант і пачалі біць. З мяне знялі заплечнік, майку апранулі на галаву. Пакуль былі сілы, то я супраціўляўся, стаяў на нагах, потым мяне павалілі на падлогу. Адзін чалавек трымаў мяне, іншы корпаўся ў мабільніку, а трэці — збіваў. Хутчэй за ўсё, што збіваў той самы, з якім я меў дыялог. Маўляў, хто я такі, каб у яго дакументы патрабаваць. Шмат нецэнзурна лаяўся: «На, с…ка, атрымай» і ў такім духу. Білі ўсю дарогу да РУУС па баках, спіне, шыі», — расказвае пацярпелы.
У пастарунку Аляксея спачатку кінулі на падлогу ў асобны пакой. «Там я атрымаў два ўдары па галаве: спачатку ў раён правага вуха, потым — левага. Удары былі моцнымі, у мяне разбалелася галава, прасіў таблетку, але пачуў толькі: «Ага, зараз пабягу». Склалі два пратаколы: за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаванне дзеянням міліцыі і адвезлі на Акрэсціна. У ізалятары мяне не білі, я прасіў выклікаць хуткую, што ў мяне баліць спіна. Але чуў толькі, што так-так, абавязкова».
Ноч доктар правёў у камеры. «Крыху атрымалася паспаць: спачатку седзячы, потым лежачы. У мяне пачаліся дрыжыкі, моташнасць, ваніты. Фельчарка памерала ціск, ён быў павышаны. Тым не менш, мяне павялі на суд у іншае крыло ізалятара, ён мусіў адбывацца па скайпе. Я нават не мог глядзець на суддзю, бо ў мяне так балелі мышцы галавы, што не мог яе падняць. Я папрасіў перанесці суд у сувязі са сваім станам, суддзя даў дазвол, толькі тады мяне забрала хуткая».
У выніку ў Беластоцкага пацвердзілася чэрапна-мазгавая траўма, удар левай ныркі, а таксама пералом хрыбеткі. «Хадзіць магу, але толькі па роўным і вельмі марудна, — кажа ён. — Падняцца па лесвіцы,ці спусціцца, было б складана».
Калегі па 4-й бальніцы і тэлефануюць, і прыязджаюць да яго. «Сёння прыязджаў нават галоўны ўрач з начмедам па хірургіі, агледзелі мяне. Сказалі, каб трымаўся. Кажуць, што пра звальненне не можа быць і гаворкі».
Аляксей Беластоцкі расказвае, што хадзіў амаль на ўсе акцыі салідарнасці ў першыя дні. «Ездзілі з жонкай у Жодзіна, яна ў мяне таксама медык, дзе сустракалі людзей з СІЗА. Калі трэба нейкая дапамога, былі гатовыя рабіць агляды. А літаральна праз дзень пасля Жодзіна дапамагаў у апераванні хлопца, які моцна пацярпеў на Акрэсціна».
Каментары