Эканоміка

«Сюды не едуць па грошы». Праграміст пра жыццё, цэны i адукацыю ў Фiнляндыi

Аляксандр (iмя змененае па жаданнi праграміста) амаль год жыве i працуе ў Фiнляндыi. Кажа, гэтая краiна не для тых, чыя мара — зарабiць грошай як мага больш, i называе яе «вялiкiм санаторыем». Dev.by пагутарыў з iм i пра сiстэму адукацыi ў Фiнляндыi — бо дачка праграміста вучыцца ў мясцовай школцы, i аб працоўных звычках фiнаў. Абмеркавалі таксама падаткi і цэны. 

«Амаль ззяючы Захад, але з нейкiмi рысамi сацыялiзму»

— Калi ў 2020 годзе мы думалi, куды паехаць з Беларусi, то глядзелi ў бок Скандынавii, таксама разглядалi i Фiнляндыю, бо 1,5 гадзiны — i ты ў Менску (тады яшчэ так «было можна»). Да Расii блiзка — можна на цягнiк сесцi ды зганяць у Пiцер па кнiжкi.

А яшчэ вельмi важная акалiчнасць — адукацыя. Нашай дачцэ 12 год, у Беларусi яна хадзiла ў прыватную школку, i мы шукалi для яе добрую адукацыйную сiстэму. Сяброўка, што працуе настаўнiцай у Карэi, параiла нам Фiнляндыю, бо ў тым, што тычыцца школы, фiны далёка наперадзе. 

Ну i проста хацелася пажыць у краiне з развiтым грамадствам. А Фiнляндыя — амаль ззяючы Захад, але з нейкiмi рысамi сацыялiзму кшталту бесплатнай медыцыны. 

Яшчэ тут паўсюль ужываецца ангельская мова — нават з чыноўнiкамi можна вырашыць любое пытанне па-ангельску, — i гэта плюс. Што яшчэ — клiмат падобны да беларускага, прырода амаль такая ж. А яшчэ ў Фiнляндыi вельмi проста атрымаць дазвол на жыхарства. 

Мы выязджалi ў 2021 годзе. Спачатку я перабраўся ў Польшчу — сям’я засталася ў Мінску, каб дачка магла скончыць навучальны год. А потым 24 мая яны прыляцелi да мяне ў Варшаву — лiтаральна апошнiм самалётам.

Пакуль я быў адзiн у Польшчы, пэўны час шукаў (i нават знайшоў) там працу, каб легалiзавацца. Але мая кантора прыдумала, як мяне зацiкавiць — i зрабiла контр-офер.

— I чым можна было вас зацiкавiць?

— Вось якраз працай у Фiнляндыi. Кампанiя прапрацавала варыянт, як перавесцi мяне ў свой хельсiнскi офiс. 

— А офiс быў у той час?

Быў, але у яго iншая спецыялiзацыя — там былi людзi, якiя пiсалi на C++ i мабiлках. А зараз ужо i вэб ёсць, i дызайн, i шмат iншых кiрункаў.

Ну вось так мы перабралiся ў Хельсiнкi. 

«ВНЖ зрабiлi за 3 днi: падаўся ў панядзелак, а ў чацвер было гатовае рашэнне»

Офiс у Фiнляндыi не вельмi вялiкi (каля 50 чалавек), там няма адладжанай сiстэмы рэлакейту, таму мне далi грашовы бонус — а ўсё астатняе «калi ласка самi»: шукайце кватэру, заводзьце рахунак у банку.

Дарэчы, я не сказаў пра ВНЖ. Мне зрабiлi яго за 3 днi. Я падаўся ў панядзелак увечары, а ў чацвер, а чацвёртай дня ўжо было гатовае рашэнне. Падача анлайн — дадаеш сканы дакументаў, запаўняеш формы, потым трэба схадзiць у пасольства паказаць арыгiналы ды пальчыкi адбiць. Таксама трэба заплацiць збор, ён дастаткова вялiкi — 450 еўра з чалавека.

З усяго працэсу рэлакацыi самае цяжкае было — атрымаць рахунак у банку, гэта аказалася вельмi марудна — ад 3 да 6 тыдняў.

Спярша трэба было зарэгiстравацца ў магiстраце (у нас бы называлася «прапіска»), а падчас пандэмii там быў электронны запiс — ты запiсваешся, пасля чакаеш каля тыдня. Затым iдзеш у палiцыю, i яна тыдзень цi два робiць табе электронную картку — ID. Ну i толькi потым ты можашь пайсцi ў банк і падлучыцца да «лічбавай дзяржавы». Банк таксама марудзiў, бо было лета, усе ў адпачынках… Ну, вы разумееце. 

На 1,5 месяцы мы знялi маленькую кватэрку на AirBnB у раёне, дзе збiралiся шукаць жытло на доўгi тэрмiн. Дзесьцi праз два тыднi пошукаў знайшлi. Лэндлорд нават пачакаў нейкi час, калi ў нас будзе гатовы рахунак у банку, без якога не пакiнуць заклад. 

Калi параўноўваць з Польшчай, ў Фiнляндыi кватэры дарагiя. Жытло кшталту беларускай трохпакаёўкі — 1200—1400 еўра. Дом у прыгарадзе — каля 90 «квадратаў» з гаражом — можна зняць дзесьцi за 1500. Тут чым далей ад цэнтра, тым танней. Але мы свой раён абiралi па прынцыпе: больш школ з профiльнымi класамi.

«Бацькоў адсоўваюць у бок — не трэба вучыцца разам з дзецьмi» 

Уладкаваць дачку ў школу было непраблематычна. Я напiсаў лiст ў гарадскую службу па адукацыі. I мне адказалi праз дзень: акей, вось гэткая школа з iнтэграцыйнай класай — прыходзьце ў панядзелак. 

Гэта не найблiжэйшая да нас школка — дачцэ трэба ехать недзе 10 хвiлiнаў на аўтобусе, але для яе гэта не праблема, яна вельмi хутка асвоiлася ездзiць. Дарэчы квiткi на аўтобус для дзяцей у Хельсiнкi — бясплатныя: горад дае спецыяльныя карткі для праезду ў школу і назад дахаты.

Адукацыя ў школе вядзецца па-фiнску. Але ў адаптацыйным класе, дзе сабраныя дзецi з усяго свету, навучаюць па-англійску. Наша дачка вучылася ў прыватнай школе, таму яна разумее англійскую мову i можа свабодна на ёй размаўляць. 

Цiкава, што бацькоў у Фiнляндыi адразу адсоўваюць у бок — не трэба вучыцца разам з дзецьмi, яны павiнны хатняе заданне рабiць самi. У беларускай школе, здаецца, больш кантролю, i настаўнiкi больш чакаюць ад бацькоў. Што яшчэ дадаць — адукацыя ў Фiнляндыi цалкам бясплатная: ты толькi спартовыя штаны ды абутак набываеш, а ўсё астатнее дае школа. 

Беларуская школа i фiнская iдуць па сходных праграмах. Але тут рэальная нагрузка пачынаецца толькi з сёмага класа, а да шостага — пачатковая школа. Мая дачка павiнна была пайсцi ў шосты клас, але пайшла зноў у пяты, бо ў шостым класе трэба вучыць шведскую мову, а вывучаць шведскую адначасова з фiнскай мовай вельмi няпроста. 

Адаптавалася дачка лёгка — з-за ангельскай мовы ў асноўным.

Тут дзецi шмат працуюць з камп'ютарам, але iм забаронена карыстацца мабiльнымi тэлефонамi, пакуль яны ў школе.

У iх ёсць вялiкiя перапынкi па паўгадзiны — i тады яны iдуць гуляць на вулiцу, прычым i ў дождж, i ў снег. Таксама ж у iх ёсць заняткi ў парку цi ў лесе — iм распавядаюць пра раслiны і жывёл. А ў вераснi яны хадзiлi збiралi чарнiцы.

«Па-англійску можна дамовiцца нават з грузчыкамi цi сантэхнікам»

Што мяне парадавала ў Фiнляндыi — прырода. Яна падобная да беларускай: сасновыя бары, чарнiчнiк паўсюль, але гэты саснова-мохавы пейзаж дапаўняецца скаламi-камянямi — i выглядае вельмi прыгожа, амаль казачна.

Што здзiвiла — гэта колькасць рамонту, якi робяць фiны. Летам усё перакрываюць — i давай-давай мяняць. Пры гэтым яны робяць гэта хутка: увесь час нешта прывозяць-увозяць, шась-шась, адна тэхнiка змяняе другую — i прагрэс вiдавочны. 

Ад чаго яшчэ прыемныя ўражаннi — ад таго, што па-ангельску можна дамовiцца не толькi з дырэктарам школы, але нават з грузчыкамi цi сантэхнікам. А калi ты тэлефануеш у нейкiя службы, i там пачынаюць размову па-фiнску, то праз хвiлiну-другую суразмоўца без праблем пераходзiць на ангельскую мову. Я сустракаў тут беларусаў з дыяспары, яны казалi, што тут можна жыць 8 год — i так i не вывучыць фiнскую мову, бо патрэбы няма.

Нам сказалi, што з-за пандэмii мы сустрэнемся з настаўніцай на пляцоўцы каля школы. Мы прыйшлi туды. I да нас падышоў дзядзечка ў гадах, але ў спартовых шортах. Гэта аказаўся дырэктар, што было незвычайна пасля беларускай школы.

Каб уладкаваць дзiця ў школу, ты запаўняеш анкету — вельмi простую: iмя аднаго з бацькоў, тэлефон, персанальны нумар i адрэсу, — i ўсё. Анiякiх больш даведак цi асабiстых спраў не спатрэбiлася.

З дырэктарам мы больш не камунiкавалi наўпрост — толькi анлайн. У школы ёсць платформа — i там ты пiшаш, што дзiцё захварэла цi не прыйдзе па нейкай iншай прычыне. А настаўнiк можа даслаць табе адзнакi i нейкiя паведамленнi. 

Ёсць нешта, што нагадвае бацькоўскi сход: ты прыходзiш разам з дачкой цi сынам, i табе распавядаюць, як яна цi ён дае рады. Галоўнае ў гэтай сустрэчы — што дзiця павiнна паставiць перад сабой дзве-тры мэты, якiх асабiста хоча дасягнуць падчас навучання ў школе ў гэтым годзе. Плюс нейкiя мэты ставiць настаўнiк. 

«У Менску замаўлялi гатовую ежу, хадзiлi ў кавярнi — тут гатуем самi»

Цi дарагое жыццё у Фiнляндыі — так, дарагое. Увогуле з-за таго, што тут сацыялiзм, людзям плацяць дастойны заробак — нават грузчыкi зарабляюць каля 2,5 тысяч еўра, а то i больш. Мы звыклiся да таго, што такая праца вельмi танная, але тут гадзiна працы будзе каштаваць да 100 еўра: мы замаўлялi мэблю ў Ikea i пераканалiся ў гэтым на сваiм вопыце. 

Ежа таксама дарагая. Тут ёсць буфеты: у горадзе можна паесцi на 10—14 еўра, на ўскраiне — i на 8 магчыма. Але гэта вельмi простая ежа — салат, нейкiя мiтболы ды пюрэ цi бутэрброды i суп. Пiва ў кавярнi каштуе 8—11 еўра, кава — 4—7 еўра i бутэрброд ад 7 да 10.

На траiх толькi на ежу за месяц патрэбна каля 900 еўра. Можна танней: адзiн мой таварыш жыве не ў горадзе, а за горадам, дык вось ён кажа, што ўкладваецца ў 600. 

У Мінску мы замаўлялi гатовую ежу, таксама хадзiлi ў кавярнi — тут гатуем самi. Але прычына не толькi ў эканомii. Мне, напрыклад, не падабаецца смак тутэйшай кавы — я магу лепш зрабiць.

Кава і бутэрброд цi пiрожнае каштуе каля 12—16 еўра, а на траiх — больш за 35. I ты думаеш: можна i дома зрабiць бутэрброд — ён будзе такi самы.

Тут мы гатуем смачней, чым у Беларусi, бо гароднiна ў крамах дастаткова свежая, садавiна, ягады ёсць круглы год. Па фiнскiх цэнах яны не выглядаюць такiмi ўжо дарагiмi. А бульба, капуста, морква наогул каштуюць, як у Беларусi. Салаты тут смачныя, масла і сыры. 

Не iмперская раскоша, а сцiпласць ды розум: усё для людзей

Наша каманда можа працаваць дома — некаторыя нашыя супрацоўнiкi жывуць у iншых гарадах i наведваюць Хельсiнкi толькi часам. Але мне больш даспадобы праца ў офiсе. Мы жывем недалёка ад станцыi — трэба крыху прайсцi праз лес. Цягнiкi ходзяць кожныя 10 хвiлiн i давозяць да цэнтра за 12 хвiлiн. Таму паўгадзiны — i ты на працы. А на ровары я дабiраюся за 45 хвiлiн.

У нас у камандзе людi лiтаральна з усяго свету, з Беларусi — ужо 6 чалавек. Гэта няшмат.

У Фiнляндыю ж не едуць «па грошы» — тут вялiкiя падаткi (у мяне, напрыклад, — каля 40%), на шырокую ногу, як у Беларусi, не пажывеш. Калi ў Менску многiя мае знаёмыя амаль не гатавалi дома i вандравалi шмат — i амаль не глядзелi, колькi трацяць — то тут трэба лiчыць грошы i нават у чымсьцi ўціскацца. 

Ну i клiмат тут не для кожнага, некаторыя кажуць: паганы. Надвор’е ў Фiнляндыi амаль як у Беларусi, узiмку тут дзьмуць вятры — i холад адчуваецца нават больш моцна. А яшчэ цемра, сонца значна менш, чым у Менску. 

Трэба нейкую прычыну мець, каб абраць Фiнляндыю для рэлакацыi. Затое чым яна падкупляе — сваiм падабенствам да санаторыі: тут лес, лавачкi стаяць, людзi бегаюць, мора — можна прыйсцi да яго i глядзець. I ў архiтэктуры — не iмперская раскоша, а сцiпласць ды розум: усё для людзей, як кажуць. 

Дарэчы, што дапамагае — саўна, у нас ёсць свая ў кватэры. I тут ёсць публiчныя саўны ў басейнах. I дарэчы, басейны тут вельмi танныя — 5 еўра каштуюць 2 гадзiны: з саўнай, джакузi… 

Ты iдзеш гуляць — прыходзiш i залазiш у сауну, грэешся, i табе робiцца так добра. Тут я нават зрабiўся аматарам саўны, пачаў плаваць у халодным зiмовым моры пасля саўны i прымаць ледзяны душ. Пасля гэтага ў цябе лепшае настрой на тыдзень.

— А саўна ў кватэры ў вас замест ванны?

— Так, у Фiнляндыi недзе з 90-х пачалi прыбiраць ванны падчас рамонтаў. И ведаеце, мне гэтага вельмi бракуе — я люблю паляжаць у ванне, пачытаць.

— Цi прынята ў Фiнляндыi авертаймiць i перапрацоўваць?

— Не, не прынята. Фiны задаюць тон: яны з’яўляюцца на працы недзе у 8:30, на абед не iдуць цi збегаюць у краму — i хуценька назад з ежай, каб паесцi i зноўку працаваць. У смол-токах яны не ўдзельнiчаюць, працуюць, амаль не адрываючыся. А чацвёртай сыходзяць. Калi ў iх увечары сазвон з Амерыкай, яны сыдуць у 15.00. 

— Вам давялося павандраваць па Фiнляндыi?

— Не вельмi актыўна, бо эпiдэмiя ж была — усё было зачыненае. Мы з’ездзiлi ў Порвоо, у Турку, таксама ў нацыянальны парк Нууксiо i на востраў Суоменліна.

Каментары

Цяпер чытаюць

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ29

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння ноччу тэмпература паветра апускалася да мінус 31°С — рэкорд гэтай зімы1

«Чым больш цемры, тым больш патрэбныя ліхтарыкі». Уладзімір Пугач — пра надзею, Максіма Знака і першы аўтобус да Мінска1

Прапануюць бясплатна пажыць на выспе ля берагоў Уэльса — тым, хто гатовы лічыць тупікаў і іншых жывёл

Памёр экс-намеснік міністра культуры, дыпламат Васіль Чэрнік

Мінэнерга: Людзі павінны з разуменнем ставіцца да зніжэння тэмпературы ў кватэрах8

12‑гадовы хлопчык у рэанімацыі пасля катання на цюбінгу3

Па сённяшнім дні вызначалі, калі прыйдзе вясна2

Уначы над Беларуссю бачылі Снежны Месяц ФОТЫ

Bad Bunny выйграў «Грэмі» за найлепшы альбом года

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ29

Беларус, які ваяваў за Украіну, распавёў, чым яго зачаравала каханка Іна Кардаш, агентка КДБ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць