«Прафесійны і небяспечны блазан». Што замежная прэса пісала пасля перамогі Лукашэнкі ў 1994-м
30 год таму заходняя прэса называла Лукашэнку папулістам і дэмагогам з вульгарнымі манерамі, які можа адкінуць краіну ў мінулае «не на адзін крок назад, як Кебіч, а на цэлых два», узгадвае «Свабода».
«Аляксандар Лукашэнка — непрадказальны апаратчык»
Інфармацыю пад такім загалоўкам, якую распаўсюдзіла агенцтва Франс Прэс, апублікавалі шматлікія францускія газэты.
Франс Прэс называла Лукашэнку «маладасьведчаным і непрадказальным палітыкам», якому «камуністы дапамаглі зрабіць кар’еру». Аднак «ягоны памагаты дэпутат-юрыст падбіў яго зьляпіць новы імідж — чалавека, незалежнага ад камуністаў. Аўтар адзначае, што шмат хто гэтаму даў веры, асабліва пэнсіянэры і сяляне. Франс Прэс цытуе таксама аднаго заходняга дыплямата, які заявіў пра Лукашэнку: «Гэта ў найвышэйшай ступені папуліст, бяз досьведу ўлады, фэномэн кшталту Жырыноўскага».
Le Monde пісала, што Захад можа зусім адвярнуцца ад Беларусі
Карэспандэнт Le Monde піша, што праграма Лукашэнкі «наскрозь дэмагагічная». Яна «пераважна пабудаваная на вобразе гэткага змагара з карупцыяй, які абяцае ў выпадку перамогі пасадзіць у турму прэм’ер-міністра і ягонае атачэньне».
Аналізуючы першы тур выбараў, Le Monde адзначае: пасьля таго «як дэмакратычная апазыцыя выбыла з барацьбы, разам зь ёю, мяркуючы па ўсім, зьніклі надзеі на эканамічныя рэформы і сьцьверджаньне нацыянальнай самабытнасьці беларусаў. Заходнія краіны, якія і без таго аддавалі Беларусі ўвагу хіба што сярод іншых, пасьля перамогі Лукашэнкі могуць страціць да яе ўсялякі інтарэс». Імкненьне Лукашэнкі да так званага эканамічнага саюзу з Расеяй «можа прывесьці да хуткай і поўнай страты незалежнасьці краіны», — пісаў карэспандэнт Le Monde.
Liberation: «Прафэсійны блазан»
«У другім туры ў беларускіх выбарцаў не было ніякага выбару, — адзначае француская Liberation. — Абодва кандыдаты выступалі за шчыльны саюз з Расеяй і вяртаньне Беларусі ў зону расейскага рубля».
Гэтая газэта таксама называе Лукашэнку папулістам і параўноўвае яго з Жырыноўскім. Liberation піша, што замежныя дыпляматы, якія працуюць у Менску, характарызуюць Лукашэнку як «прафэсійнага блазна, прытым блазна небясьпечнага», ад якога невядома чаго можна чакаць.
Сярод іншага аўтар адзначае, што над Домам ураду ў Менску трапечацца невялікі бел-чырвона-белы сьцяжок, а пад ім — вялізная эмблема БССР, якую так дагэтуль і не прыбралі. «Гэтая краіна пакуль так і ня вырашыла, па якім шляху ёй ісьці».
Gazeta Wyborcza: «Па Беларусі сунецца бульдозэр»
Gazeta Wyborcza зьмясьціла публікацыю пад красамоўнай назвай «Хто больш любіць Расею». Журналіст інфармуе пра тэледэбаты Лукашэнкі і Кебіча: Кебіч пераконваў, як шмат зрабіў дзеля інтэграцыі рэспублікі з Расеяй, а Лукашэнка абвінавачваў яго ў хлусьні і абяцаў, што зробіць значна больш.
«Па Беларусі сунецца бульдозэр» — так называўся іншы артыкул у GW. «На характэрную постаць Лукашэнкі ўпершыню зьвярнулі ўвагу, калі ён быў абраны на пасаду старшыні парлямэнцкай камісіі па справах карупцыі ў органах дзяржаўнай улады. Тады злоязычныя журналісты назвалі яго «Бульдозэрам». Дырэктар саўгасу з-пад Магілёва са сваёй лысінай, на якую зачэсвае рэдкі касмыль валосься, і беларуска-расейскім дыялектам, у Вярхоўным Савеце хутка стаў прадметам для кпінаў. «Для амбітнага дырэктара саўгасу здабыць уладу — ня сродак дзеля дасягненьня мэты, а сама мэта».
Rzeczpospolita ацэньвае выбар беларусаў: «Для людзей, якія за яго галасуюць, ён — народны герой, беларускі Робін Гуд, які забярэ ў багатых — спэкулянтаў, мафіі — народнае дабро і аддасьць бедным, то бок сумленным працаўнікам і пэнсіянэрам».
Życie Warszawy пісала: «Апазыцыя суцяшаецца тым, што першаму прэзыдэнту накавана быць «зьедзеным», бо ён змушаны прымаць вельмі непапулярныя рашэньні».
«Аднак застаецца пытаньне: ці пагодзіцца першы прэзыдэнт Беларусі на «зьядзеньне», перш чым Беларусь аддадуць на «зьядзеньне» Расеі».
«Палітыка, ад якой валасы дыбарам становяцца» — брытанская прэса
«Прасавецкі рэфарматар выйграў беларускія прэзыдэнцкія выбары», — пад такім загалоўкам надрукавала інфармацыю лёнданская Times. Яна піша, што Лукашэнкавы «дзікія абяцаньні» далі падставу заходнім аглядальнікам назваць магчымую лінію новага прэзыдэнта «палітыкай, ад якой валасы дыбарам становяцца». Аднак «іншыя кажуць, што ён павінен будзе ўзяць больш прагматычны курс», — адзначае Times.
Financial Times лічыць, што перамога Лукашэнкі «пагражае пагоршыць эканамічныя праблемы Беларусі, калі новы прэзыдэнт выканае свае абяцаньні змагацца супраць карупцыі і рынкавай эканомікі».
Guardian называе Лукашэнку «нахабным папулістам з малым палітычным досьведам». «Ніхто ня ведае, што будзе рабіць Лукашэнка з уладай, якую ён атрымаў у якасьці першага прэзыдэнта краіны».
«Бальшыня беларусаў паводзіць сябе так, нібыта ня хоча жыць ані ў незалежнай, ані ў дэмакратычнай дзяржаве», — нямецкая прэса
Бонская General Anzeiger, вядомая сваёй набліжанасьцю да МЗС Нямеччыны, піша, што вынікі выбараў у Беларусі былі «ўдарам грому надзвычайнай сілы» ня толькі для «звыклага да ўлады, панурага і сварлівага Кебіча», але і ягоных «нязграбных маскоўскіх памочнікаў на выбарах пад кіраўніцтвам Чарнамырдзіна». Кебіч быў для Масквы «цалкам прадказальны», Лукашэнка «такім ня будзе», — лічыць General Anzeiger.
Газэта Frankfurter Allgemeine назвала перамогу Лукашэнкі з такою перавагаю «сэнсацыйнай». Падобна да таго, адзначаецца ў камэнтары, што Беларусь і Ўкраіна, моцна зрусыфікаваныя, пачынаюць рухацца «назад у імпэрыю». Калі б у гэтых дзяржавах быў эканамічны ўздым, то ані Кучма, ані, відаць, нават Лукашэнка ня сталі б прэзыдэнтамі. Яны абодва сказалі сваім народам, што ў саюзе з Расеяй справы пойдуць угару, аднак яны не сказалі, што ў самой Расеі эканоміка стаіць. Калі народы Беларусі і Расеі расчаруюцца ў сваіх прэзыдэнтах, то падымецца «новая нацыянальная хваля». Беларусь, як адзначаецца, будзе зноў «шукаць дыстанцыю» ад Расеі. Што ж да Ўкраіны, то няясна, ці застанецца яна цэльнаю дзяржаваю.
На думку газэты, застаецца таямніцаю, чаму выбарцы Беларусі падчас першых свабодных выбараў аддалі галасы Лукашэнку, які, «як мяркуюць, завядзе незалежную дзяржаву не на адзін крок назад у мінуўшчыну, як Кебіч, а на цэлыя два». Выхад зь цяжкага эканамічнага крызісу Лукашэнка бачыць у тым, каб узмацняць ролю дзяржавы ў цэнаўтварэньні і захоўваць дзяржаўную ўласнасьць у прамысловасьці і сельскай гаспадарцы. Гэта азначае, што нават самыя сьціплыя спробы рынкавых рэформаў будуць стрымлівацца. Адным словам, лічыць Frankfurter Allgemeine, Лукашэнка прапануе старыя ідэі ў «папулісцкай упакоўцы».
Беларусы хацелі неадкладнай зьмены ўлады. Абраўшы Лукашэнку, яны паводзяць сябе так, «нібыта бальшыня народу ня хоча жыць ані ў незалежнай, ані ў дэмакратычнай дзяржаве», робіць выснову Frankfurter Allgemeine.
Газэта Welt паведаміла, што Лукашэнку параўноўваюць з Жырыноўскім за «дэмагагічныя выказваньні». «Застаецца пад вялікім пытаньнем ягоная здольнасьць прысутнічаць на міжнароднай арэне з такімі, часта вульгарнымі, манерамі выказваць свае думкі».
З прыходам Лукашэнкі «ўзрастае небясьпека і хаос». Зноў да ўлады прыйшоў «красамоўны папуліст, ягоная мінуўшчына ляжыць у камунізьме, а сучаснасьць складаецца з выразаў-загадаў». Лукашэнка — гэта чалавек, «чый поціск рукі спрычыняе боль». На Захадзе таксама адчуваецца «перапалох»: менскі лідар яшчэ мае ядзерную зброю.
На думку Handelsblatt, да ўлады ў Беларусі прыйшоў чалавек, які «шмат разоў мяняў перакананьні». Газэта падкрэсьлівае: «У эканоміцы Лукашэнка мае намер адразу ж зрабіць прадпрыемствы прыбытковымі. Гэта тройчы немагчыма. Па-першае, прадпрыемствы Беларусі, у сваёй бальшыні зарыентаваныя на вайсковую прадукцыю, яшчэ ніколі не прыносілі прыбытку. Па-другое, кіраўнічы апарат ёсьць і застаецца карумпаваным, бо Лукашэнка ў бліжэйшай будучыні ня зможа знайсьці чыноўнікаў. Нарэшце, у ягонай камандзе няма сапраўдных прафэсіяналаў.
Перадусім, лічыць Handelsblatt, у Беларусі разгорнецца «жорсткая барацьба за ўладу». Кебіч, які пацярпеў паразу, зусім не адмовіўся ад «інструмэнтаў старога апаратчыка». «Прэм’ер-міністрам ён быў толькі на паверхні».
У Маскве заяўлялі, што «мелі дачыненьне да палітычнай мінуўшчыны Лукашэнкі»
Як паведаміла ІТАР-ТАСС, «добрым варыянтам» для Расеі назваў вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі намесьнік старшыні Дзяржаўнай Думы Аляксандар Венгероўскі. Спаслаўшыся на словы лідэра ЛДПР, намесьнікам якога ён зьяўляецца, Венгероўскі адзначыў, што «на першых прэзыдэнцкіх выбарах, як правіла, перамагае чалавек, які больш за ўсіх і вельмі канструктыўна крытыкаваў улады».
У сваю чаргу, каардынатар думскай фракцыі «Выбар Расеі» Барыс Залатухін падкрэсьліў, што «існуе вялікая розьніца паміж кандыдатам у прэзыдэнты і самім прэзыдэнтам». Спыніўшыся на апошніх выказваньнях Лукашэнкі ў Думе пра тое, што ён імкнецца да дэнансацыі Белавескіх пагадненьняў, Залатухін адзначыў, што «ад прэзыдэнта любой дзяржавы не залежыць дэнансацыя міжнародных пагадненьняў — гэта залежыць ад парлямэнту».
Каардынатар думскай фракцыі «Яблоко» Ігар Якавенка заўважыў, што «мае пэўнае дачыненьне да палітычнай мінуўшчыны спадара Лукашэнкі».
Каментары
А народ, як пісаў Быкаў, "меў клопат ня так з праблемай адраджэння, як з праблемай выжывання (...) Народ пайшоў за жорсткім, нахабным, прагматычным дырэктарам саўгасу, ідэі якога былі простыя, як мычэнне каровы і зразумелыя дарэшты".