Меркаванні1010

Перамога непазбежная

Плошча-2010 скончылася прадказальна. Але яна не вястуе Лукашэнку нічога добрага. Піша Алесь Чайчыц.

Плошча-2010 скончылася ў цэлым прадказальна. Прычым, у адрозненне ад 2006 г., зусім не сорамна за дзеянні кіраўнікоў апазіцыі, якія цяпер не збаяліся апынуцца ў цэнтры падзеяў, замест таго каб распускаць людзей па дамах.

Некаторыя медыі кажуць пра «разгром апазіцыі». Але калі маляваць іншы магчымы сцэнар вулічных пратэстаў, дык захоп дзяржаўнай улады або нават якогасьці будынка ЦВК ці БТ сіламі дэманстрантаў быў апрыёры нерэальны.

Сілы былі па вызначэнні няроўнымі — з сённяшнім рэжымам і ў сённяшняй сітуацыі. Нават калі ўявіць сабе, што апазіцыя ўзяла пад кантроль Дом урада, — што далей? Абараняць яго ад Унутраных войскаў? Як? Навошта?

Нават калі атрымалася б дабіцца перамоваў з Лукашэнкам, гэта быў бы толькі пачатак працэсу з нявызначаным і хутчэй за ўсё сумным канцом. Чаго вартыя дамоўленасці з сучасным рэжымам, даўно пераканаліся на сваім досведзе і Вярхоўны Савет ХІІІ склікання ў 1996 г., і Расія ў працэсе будаўніцтва з Лукашэнкам «саюзнай дзяржавы», і Еўрапейскі Звяз са сваімі «Усходнімі партнёрствамі».

Затое 19 снежня, бачачы працэс фармавання афіцыйных вынікаў выбараў, мы ўсе маглі яшчэ раз пераканацца, што сэнсу вылучаць адзінага дэмакратычнага кандыдата сапраўды не было.

Менавіта дзякуючы вылучэнню дзевяці кандыдатаў, а не аднаго, апазіцыя напоўніцу скарысталася прадстаўленымі цягам кампаніі магчымасцямі агітацыі. Па выніках перадвыбарчай кампаніі маем цяпер цэлы шэраг новых раскручаных апазіцыйных палітыкаў нацыянальнага маштабу.

Гэтая ўлада не можа быць пераможаная на выбарах і «ў лоб». Рэальная мэта, якой трэба дамагацца, — гэта не падзенне рэжыму, але яго паступовая трансфармацыя.

Лукашэнка і блізкія да яго аналітыкі так і расплываюцца ў абяцаннях: маўляў, у Беларусі пабудавалі, так бы мовіць, моцныя дэмакратычныя інстытуты, дзе эканоміка працуе на карысць насельніцтва, і цяпер засталося толькі трошкі падладзіць гэтыя інстытуты пад заходнія стандарты. Вось і пабачым. Адступаць уладам асабліва няма куды, неабходнасць рэформаў нікуды не падзелася. Дэманстрацыя пратэстнага патэнцыялу, апанаваная апазіцыяй цэнтральная плошча, нават калі няма рэальнай пагрозы народнага паўстання і рэвалюцыі, вельмі добра спрыяе рэфарматарскаму настрою на чыста эмацыйным узроўні.

Дэмакратычная апазіцыя дасягнула мэты: інсцэнізацыя дэмакратычных выбараў правалілася, пратэст быў выказаны, планка Плошчы-2006 была падвышаная. Захад не прызнаў выбараў, а Расія выказалася падкрэслена суха.
Лукашэнку складаней дамаўляцца з Еўразвязам на фоне збітых журналістаў і палітыкаў. Замірэнне з Расіяй таксама не варта лічыць надта трывалым: Крэмль чакае першых прыкметаў непазбежнага невыканання абавязкаў па дамоўленасцях з боку Лукашэнкі, каб абрынуцца на яго з падвойнай сілай.

Мы пабачылі, што апазіцыя павінна быць, як спрут: дэцэнтралізаваная, усюдыісная, плюралістычная, але скаардынаваная па невялікай колькасці ключавых пазіцыяў. Ад жорстка непрыміральных да «канструктыўных», ад беларускамоўных да русафілаў, ад левых анархістаў да хадэкаў, ад жорсткага Статкевіча да карэктнага Міхалевіча.

Такую апазіцыю немагчыма «раз’яднаць», як немагчыма раз’яднаць ваду. Кожная апазіцыйная структура павінна сфакусаваць увагу на асобнай тэме: хто на эканоміцы, хто на беларускай мове, хто на мясцовым, скажам, кіраванні. А калі заходзіць зусім далёка ў мроях, дык лішні прадстаўнік апазіцыі ва ўрадзе — гэта лепш, чым лішні ганаровы палітвязень.


Такім чынам, варта захоўваць аптымізм што да будучыні. Мілошавіч сышоў, Франка і Салазар памёрлі, а Чаўшэску скончыў яшчэ горш. Ад законамернасцяў гісторыі нікому не дадзена збегчы. Наша перамога непазбежная.

Каментары10

Цяпер чытаюць

35 маладых беларусаў і беларусак, за якімі варта сачыць: апублікаваны першы спіс Next 3532

35 маладых беларусаў і беларусак, за якімі варта сачыць: апублікаваны першы спіс Next 35

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі ўзнагародзіў Ілана Маска ордэнам Свабоды

ЗША прыпынілі разгляд заяў на іміграцыйныя візы ва ўсім свеце3

У Петрыкаўскім раёне ўвялі каранцін праз успышку АЧС1

Гэтая беларуска так удала парадзіруе беларускіх прапагандыстаў і рускіх лібералаў, што яе відэа ўспрымаюць за чыстую манету ВІДЭА8

У Аршанскім раёне рабочага засыпала зямлёй пры мантажы водаправода

Аляксандр Рыбак паказаў сваю дзяўчыну. Здаецца, усё сур'ёзна19

У Мінску рэстаўруюць найстарэйшы інтэрнат БНТУ на праспекце Незалежнасці

Беларус у Гомелі паказаў, як расіянін прыпаркаваў машыну18

Wizz Air пачаў змагацца з падушкамі для шыі. Можаце развітвацца з вядомым лайфхакам7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

35 маладых беларусаў і беларусак, за якімі варта сачыць: апублікаваны першы спіс Next 3532

35 маладых беларусаў і беларусак, за якімі варта сачыць: апублікаваны першы спіс Next 35

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць