Масква Беларусі не выцягне, мяркуе шведскі міністр замежных спраў.
У Польскім інстытуце міжнародных адносінаў у Варшаве эксперты, палітыкі і дыпламаты сустрэліся, каб пагаварыць пра еўрапейскую палітыку добрасуседства. Галоўным госцем мерапрыемства быў шведскі міністр замежных справаў Карл Більт. Натуральным чынам пытанне Беларусі было ў цэнтры ўвагі.
Більт: «Ва „Усходнім партнёрстве“ істотна, каб мы трымаліся прынцыпу „больш за больш“ і „менш за менш“ — калі хтосьці ідзе на рэформы, то ён мае больш падтрымкі і магчымасцяў, і наадварот. Гаворачы пра „менш за менш“, маем відавочны прыклад — Беларусь. Асоба, якая прымае рашэнні ў Менску, выбрала ісці ў іншым накірунку, нават не ісці, а падаць уніз. І гэта адпаведна адбілася на нашых магчымасцях дапамагаць з рэформамі і інтэграцыяй Беларусі ў еўрапейскую супольнасць. Гэта еўрапейская краіна, у якой, аднак, аўтарытарны рэжым, а гэта несумяшчальна. Я думаю, гэта зменіцца — і нашая прапанова ляжыць на стале ў Менску. Адначасна мы выразна кажам, што для нас недапушчальна: палітычныя вязні, палітычны пераслед, які мы бачым сёння».
Ці лічыць міністр мэтазгодным увядзенне агульных эканамічных санкцыяў супраць Беларусі?
Більт: «Кропкавыя эканамічныя санкцыі — так. Але цяпер адна з галоўных праблемаў, з якой сутыкнулася краіна — гэта вельмі, вельмі вялікі эканамічны хаос. Гэта было б не так страшна, калі б Беларусі мела інвестараў, замежных партнёраў, была надзейнай для крэдытавання краінай і магла б атрымаць грошы пад разумны адсотак. Я не мушу тлумачыць, што пра апошняе можна забыцца, бо хто хоча ўкладаць грошы ў Лукашэнку? Ніхто! Кіраўніцтва Беларусі спадзяецца, што Масква іх цяпер выцягне. Але, мне падаецца, Масква не зробіць гэтага. Напэўна не ў даўжэйшэй перспектыве. Бо ніхто, яшчэ раз падкрэслю, не хоча ўкладаць грошы ў чорную дзірку, якой з’яўляецца Беларусь. Ніхто — ці то з захаду, ці то з усходу. Неўзабаве ў Лукашэнкі не застанецца варыянтаў — ён будзе вымушаны звярнуцца па дапамогу да міжнародных інстытутаў. ЗША не могуць дапамагаць Беларусі
мы паставім вельмі жорсткія ўмовы і пільна прасочым за паводзінамі ўладаў. Беларусь у вельмі, вельмі адчайным эканамічным стане. Апроч таго, я перакананы, што ўвядзенне агульных эканамічных санкцыяў перадусім адбілася б на звычайных людзях».
Паўстала і пытанне аб правядзенні ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі. Цікава, што прагучала яно ад прадстаўніцы фінскай амбасады ў Польшчы.
Спадарыня: «Чаму б нам не паспрабаваць штосьці крэатыўнае, як, напрыклад, хакейная дыпламатыя? Магчыма мы маглі б пазбавіць Беларусь чэмпіяната свету па хакеі? Можа гэта было б адчувальна, бо кажуць, што Аляксандр Лукашэнка вялікі энтузіяст гэтага спорту».
Більдт: «У мяне закрадваюцца падарэнні, што Фінляндыя хоча проста сама правесці гэты чэмпіянат (смех на эфекце). Калі сур’ёзна, я не вельмі веру ў спартовую дыпламатыю. А нават калі б гэта магло аказаць уздзеянне, то не я такое рашэнне магу прыняць, а Міжнародная федэрацыя хакею. Але калі яны вырашаць адмяніць мерапрыемствы ў Менску, я дакладна не буду тым, хто будзе моцна супраціўляцца такому рашэнню».
Тая ж спадарыня з амбасады Фінляндыі задала напаўрытарычнае пытанне: «Колькі яшчэ на мапе Еўропы будзе чырвоная пляма рэжыму Лукашэнкі?»
Більдт: «Як доўга гэта будзе працягвацца? Дзякуй за пытанне! (смех з эфекту) Некалькі рэчаў абсалютна пэўныя:
да гэтага часу кожны чалавек быў смяротны. І я не думаю, што Лукашэнка стане першым, хто будзе жыць вечна. (смех) Таму напэўна надыдзе момант, калі Беларусь будзе постлукашэнкаўскай. Я не гатовы адказаць, адбудзецца гэта заўтра ці праз дзесяць год. Але я дакладна ведаю адно: мы мусім быць гатовыя да гэтага моманту, каб дапамагчы ў пераходны перыяд з рэформамі эканомікі, палітычнай сістэмы, пераходу да іншай сістэмы вартасцяў».
Каментары