Крадуць у славутасьці
Юбілейны Караткевічаў год адзначаецца ня толькі пленэрамі. Да лістападаўскіх урачыстасьцяў плянуецца адкрыць сталую экспазыцыю ў Аршанскім музэі Ўладзімера Караткевіча. Ён разьмешчаны ў самым цэнтры гораду ў прывабным адрэстаўраваным будынку пачатку ХХ ст., дзе й нарадзіўся пісьменьнік (нарадзіўся ў тым сэнсе, што будынак у тыя часы выкарыстоўваўся як радзільня). Нядаўна сьцяну будынку ўпрыгожыў вялізны партрэт Караткевіча з напамінам пра сёлетні юбілей. Дзякуй богу, на яго пакуль ніхто не паквапіўся. А вось мэталічныя адлівы на падваконьнях у адну зь ліпеньскіх начэй нехта скраў.
Акты вандалізму ў дачыненьні да знакамітага земляка ў Воршы не спыняюцца. Летась была скрадзена мэмарыяльная пліта з помніка У.Караткевічу ў Прыдняпроўскім парку. Знайсьці яе не ўдалося, таму давядзецца рабіць новую, з больш таннага матэрыялу.
Яўген Жарнасек, Ворша
Прывіды там ня ходзяць
Важатая дзіцячага летніка на Валожыншчыне аднойчы ўначы самлела — ёй падалося, што з вакна жылога корпусу аддзяліўся прывід і скокнуў уніз. Міліцыя прывіду не зарэгістравала, але на наступную ноч пільна ахоўвала … важатую. Ці мала што.
Вялейскі трылер
25 ліпеня сярод белага дня ў Вялейцы, на вуліцы Талстога, невядомы скраў аўтамабіль «Аўдзі». Супрацоўнікі ДАІ падчас перасьледу злодзея адкрылі стральбу па колах, але спыніць машыну не ўдалося. Прастрэленую іншамарку знайшлі назаўтра за горадам. Злодзей у вышуку.
Паводле «Рэгіянальнай газэты»
Каментары