Меркаванні88

«Яно прыйдзе і па цябе!»

Маскоўская пракуратура вядзе следства адносна часопіса «Новая Польша», які падазраецца ў распальванні экстрэмізму ў Расіі. Піша Віталь Тарас.

Маскоўская пракуратура вядзе следства адносна часопіса «Новая Польша», які падазраецца ў распальванні экстрэмізму ў Расіі. Падставай для завядзення крымінальнай справы стала скарга ў міліцыю галоўнага рэдактара літаратурнага часопіса «Наш современник» Станіслава Куняева, паведамляе Gazeta Wyborcza.

Часопіс «Новая Польша» выдаецца ў Расіі больш за дзесяць гадоў, выйшла ўжо 117 нумароў і за гэты час да яго не было ніякіх прэтэнзій з боку расійскіх уладаў. Галоўны рэдактар часопіса Ежы Памяноўскі ў гутарцы з журналістам расійскай службы Радыё Свабода Дзмітрыем Воўчакам сказаў, што гэтае выданне было створана на падставе ідэі Ежы Гедройца, рэдактара парыжскай «Культуры». (Ежы Гедройц — выбітны дзеяч польскай паваеннай іміграцыі, які нарадзіўся ў Мінску ў 1906 годзе. Памёр у 2000‑м).

Ежы Памяноўскі перакладаў на польскую Чэхава, Льва Талстога, Ахматаву, Пастэрнака, Мандэльштама… Ён падкрэсліў у гутарцы, што «Новая Польша» — незалежнае выданне, якое ставіць на мэце не павучаць, але знаёміць расейскую інтэлігенцыю з польскім досведам дэмакратычнай трансфармацыі, найперш, у культуры. Як таго і жадаў Ежы Гедройц. Траціна супрацоўнікаў часопіса — расейскія літаратары, палітолагі, публіцысты.

Станіслаў Куняеў ужо даўно патрабуе ад уладаў забароны часопіса «Новая Польша» ў Расіі.

Некалькі гадоў таму ён выпусціў кнігу «Шляхта і мы», дзе называе палякаў «фашыстамі» і «здраднікамі».

Магчыма, я не стаў бы адгукацца на гэтую гісторыю, калі б не адна акалічнасць. Аднойчы ў жыцці мне давялося бачыцца з Куняевым. Наўрад ці ён памятае гэта, бо мне тады было гадоў дзесяць. А Куняеў быў хоць і малады, але ўжо даволі вядомы паэт…

Тады, у сярэдзіне 60‑х, на Нарачы можна было адпачыць, проста паставіўшы намёты ў лесе, ля берага возера. Мае бацькі некалькі разоў праводзілі адпачынак у такой «намётавай калоніі» разам з сябрамі — журналістамі, паэтамі, філосафамі. Некалькі разоў прыязджаў у госці Ігар Шклярэўскі, зацяты рыбалоў. Ён быў родам з Магілёва і чамусці гэтага саромеўся — не хацеў прызнавацца, што «вялікі расейскі паэт» (як ён сам сябе называў) з «правінцыі». Шклярэўскі, наколькі памятаю, і пазнаёміў маіх бацькоў з сваім тагачасным сябрам з Расіі Стасікам Куняевым. (Абодва ўжо шмат гадоў жывуць у Маскве).

Перад тым я неяк пачуў спрэчку паміж дарослымі наконт верша, у якім былі такія радкі:

    Добро должно быть с кулаками,
    Добро суровым быть должно,
    Чтобы летела шерсть клоками
    Со всех, кто лезет на добро

Якое ж гэта дабро, калі яно лезе некуды з кулакамі і гатова парваць некага на шматкі? Верш адразу прынёс вядомасць маладому Куняеву. Пазней нехта напіша пародыю:

    «Добро, должно быть, с кулаками,
    С хвостом и острыми рогами,
    С копытами и с бородой.
    Колючей шерстию покрыто,
    Огнём дыша, бия копытом,
    Оно придёт и за тобой!»

Калі мне сказалі, што да нас прыедзе аўтар таго верша, дык я уявіў сабе мажнага дзецюка, бамбізу з агромністымі валасатымі кулакамі. А ў сапраўднасці гэта быў сярэдняга росту бялявы мужчына ў акулярах і ў швэдры. І кулакі ў яго былі нармальнага памеру. Праўда, у амбітнасці і самалюбаванні ён Шклярэўскаму не саступаў.

За творчасцю Куняева я не сачыў, але аднойчы, у 80‑я гады, трапіўся на вочы ягоны верш, які тады насмяшыў. Размова ў ім ішла пра СНІД — пра тое, што ў Расіі гэты падступны вірус, вынайдзены на Захадзе, не пройдзе, бо яго заб’е «русский холод».

Цяпер «Наш современник» на чале з Куняевым друкуе патрыятычныя вершы, у якіх усхваляецца Сталін.

І гэта сёння ўжо не смешна.

Гаворка тут, зразумела, не пра асобу Куняева і не пра часопіс «Наш современник» (хоць, дарэчы, яго рэдактары нядаўна сустракаліся з чытачамі на Міжнародным кніжным кірмашы ў Мінску).

Данос пісьменніка на польскі часопіс, прынамсі, мае аднаго аўтара.

Ліст кіраўніцтву Польшчы, перададзены ў Варшаву праз польскае пасольства ў Мінску пасля прыняцця рэзалюцыі Еўрапарламента па Беларусі, падпісалі 24 тысячы «беларускіх грамадзян польскай нацыянальнасці». (Такую лічбу падаюць афіцыйныя СМІ).

А сутнасць абодвух лістоў — аднолькавая.

Падпісанты з Беларусі заклікаюць улады Польшчы «спыніць дыскрымінацыйную палітыку ў адносінах да сваіх суайчыннікаў», маючы на ўвазе нежаданне Варшавы супрацоўнічаць з Саюзам палякаў, афіцыйна прызнаным у РБ. На думку 24 тысяч падпісантаў, «у шматнацыянальнай Беларусі ўсе народы адчуваюць сябе паўнапраўнымі грамадзянамі сваёй краіны незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання». Распальваюць жа канфлікт польскія СМІ, у якіх адбываецца «разгул фальшу». Ну, і, вядома, Анжаліка Борыс ды яшчэ некалькі экстрэмістаў з незарэгістраванага Саюзу палякаў на Беларусі.

Мне гэта нагадала іншыя калектыўныя лісты, якія падпісвалі простыя савецкія «грамадзяне яўрэйскай нацыянальнасці» ў той час, калі іншым яўрэям забаранялі эміграваць у Ізраіль. Героі Савецкага Саюза, заслужаныя работнікі культуры, ветэраны вайны і працы, рабочыя‑ударнікі, прафесары, настаўнікі і студэнты‑выдатнікі падпісваліся пад тым, што ў СССР няма антысемітызму і нацыянальнай варажнечы. А ёсць толькі дружба народаў, і культура кожнага з іх квітнее. Уся праблема ў асобных адшчапенцах‑ здрадніках, а таксама ў «разгуле фальшу» сіянісцкай прапаганды на Захадзе.

Як і сорак‑пяцьдзесят гадоў таму, ўсё перакулена з ног на галаву.

Улады арганізуюць калектыўныя лісты, вымагаючы ад падпісантаў усхвалення афіцыйнай палітыкі. І ніхто з дзржаўных чыноўнікаў нават не задумваецца, што такі «эпісталярны жанр» яшчэ больш дыскрэдытуе ўлады РБ. Бо гэта ўлюбёны метад дыктарскіх рэжымаў — прыкрывацца масавай «падтрымкай знізу». А калі падумаць, такія лісты дыскрэдытуюць не толькі арганізатараў, але ж і падпісантаў, зневажаюць іх саміх і народ, ад імя якога яны, нібыта, выступаюць.

Насамрэч, гэта ўлады павінны рабіць усё, каб і беларусы, і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў — палякі, расейцы, украінцы, літоўцы, латышы, яўрэі адчувалі сябе грамадзянамі сваёй краіны.

А грамадзяне Беларусі сапраўды маюць поўнае права захоўваць сваю культуру, сваю спадчыну, сваю мову — разам з беларускай. Замест гэтага прапануецца перайсці ўсім кагалам на адзіную «обшчапанятную» мову. Не выпадкова калектыўны ліст з усхваленнем мудрай міжнацыянальнай палітыкі напісаны па‑расейску. Вось і ўвесь дыялог культур.

Каментары8

Цяпер чытаюць

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай34

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай

Усе навіны →
Усе навіны

Яшчэ дзве беларускія фрыстайлісткі выступяць на Алімпіядзе. Склад беларускай дэлегацыі ў Італіі выключна жаночы

Рагачоўская ці глыбоцкая, калдуны ці дранікі, Гродна ці Брэст? Арына Сабаленка адказала на прынцыповыя для беларуса пытанні16

Удава з Індыі кажа, што трапіла ў бяду ў Беларусі і яе трымаюць у нейкім кароўніку12

У парку жывёл ля Баранавічаў можна паабдымацца з капібарай за 100 рублёў3

«Бог вельмі ганарыцца працай, якую я зрабіў». Трамп вылецеў на Сусветны эканамічны форум у Давосе10

Святлана Ціханоўская завяла трэдс. Што ёй пішуць беларусы?15

Расійская ракета СПА трапіла ў жылы дом у Адыгеі10

Прэм'ер Канады: Стары сусветны парадак не вернецца, сярэднім дзяржавам трэба трымацца разам4

Пад Барселонай сышоў з рэек цягнік, загінуў машыніст, дзясяткі людзей паранены2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай34

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць