Грамадства4545

Беларускую мову на ЦТ выбірае ўсё меншая доля выпускнікоў школ. Калі 20 гадоў таму яе здавала амаль палова, цяпер — толькі кожны шосты

Паказчык паўзучай русіфікацыі: колькасць тых, хто здае беларускую мову, няўхільна зніжаецца — але ў сярэдзіне 2010‑х быў нават невялікі рост і выхад на ўстойлівае плато. Разабраліся, як з гадамі мянялася колькасць тых, хто выбірае беларускую, і чаму.

Ілюстрацыйнае фота. Фота: БелТА

Да 2023 года ў Беларусі існавалі дзве розныя сістэмы: усе адзінаццацікласнікі здавалі выпускныя экзамены ў школах (у тым ліку пісалі пераказ па мове), а для паступаючых далей абавязковай была здача ЦТ па беларускай або рускай мове на выбар. Толькі ў 2023 годзе гэтыя выпрабаванні аб'ядналі ў адзіны цэнтралізаваны экзамен (ЦЭ).

З 2023 года цэнтралізаваны экзамен стаў абавязковай выпускной атэстацыяй для ўсіх адзінаццацікласнікаў, дзе адну з дзвюх дзяржаўных моў абавязаны выбраць кожны. Гэта дзве зусім розныя кагорты: самаадбор абітурыентаў супраць суцэльнага зрэзу выпускнікоў.

А ўнутры эпохі ЦТ ёсць яшчэ адзін пералом — 2017 год, калі дазволілі здаваць чатыры прадметы замест трох і абітурыенты пачалі браць абедзве мовы для падстрахоўкі. Таму ставіць усе лічбы ў адзін шэраг можна толькі з гэтымі агаворкамі.

Доля беларускай мовы сярод тых, хто здаваў адну з дзвюх дзяржаўных моў на ЦТ (2008—2022) і ЦЭ (2023—2026). У перыяд з 2017 па 2022 бачнае выразнае плато, выкліканае ўвядзеннем правіла пра чацвёрты прадмет. Фота: «Наша Ніва»

Рэальны спад: 2008—2016

У канцы 2000‑х гадоў беларускую мову на ЦТ выбірала амаль палова абітурыентаў. На ЦТ-2008 беларускую пісалі каля 69 тысяч пры 107 тысячах на рускай (39,2%), у 2009‑м — 65 тысяч супраць 110 тысяч (37,1%), у 2010‑м — 66 тысяч супраць 105 тысяч (38,7%).

Потым пачаўся спад. У 2016‑м паказчык дасягнуў тагачаснага мінімуму — 22 тысячы супраць 78 тысяч (22,3%). Гэта быў сапраўдны дэмаграфічна-культурны зрух: беларуская мова на ЦТ усяго за пяць гадоў страціла больш за траціну сваёй аўдыторыі.

Колькасць абітурыентаў, якія здавалі рускую і беларускую мовы на ЦТ у 2008—2022 гадах, і доля беларускай. Фота: «Наша Ніва»

Скачок 2017 года і плато

У 2017 годзе доля беларускай раптам адскочыла з 22% да 27% і потым шэсць гадоў трымалася на ўзроўні каля чвэрці абітурыентаў. Спакуса прачытаць гэта як адраджэнне цікавасці да беларускай мовы вялікая — але прычына больш прагматычная.

У пачатку 2017 года зменамі ў Правілы прыёму абітурыентам дазволілі здаваць чацвёрты прадмет замест трох (па жаданні, залічэнне засталося па трох), а тэрмін дзеяння сертыфікатаў падоўжылі да двух гадоў. З'явіўся «вольны слот», і многія дабралі беларускую мову як лёгкі дадатковы сертыфікат, які не каштаваў вялікіх намаганняў.

Паказальна, што агульная колькасць абітурыентаў у той год нават упала — каля 92 тысяч супраць 100 тысяч годам раней. То-бок беларуская вырасла не за кошт прытоку новых людзей, а за кошт пераразмеркавання: тыя ж абітурыенты сталі браць больш прадметаў. У наступныя гады гэтая прагматычная стратэгія стала нормай і ўтрымлівала вызначанае плато.

Колькасць абітурыентаў, якія здавалі кожную мову на ЦТ. Беларуская абвалілася да 2016 году, потым мела кароткі ўсплёск 2017‑га ад увядзення правіла пра чацвёрты прадмет. Фота: «Наша Ніва»

Калі глядзець не на долю, а на абсалютныя лічбы, бачна, што беларуская ўвесь гэты час падала і ў абсалюце таксама — з 28 тысяч у 2017‑м да 18 тысяч у 2022-м. «Плато» трымалася толькі ў працэнтах, бо маса тых, хто здаваў рускую мову, у гэтыя гады абвальвалася яшчэ хутчэй — з 78 тысяч да 50. А агульнае падзенне адбывалася праз дэмаграфічную яму.

За 2008—2022 агульная маса абітурыентаў упала са 176 да 68 тысяч. Фота: «Наша Ніва»

Абвал 2023 года

Пасля 2023 года доля беларускай зноў пайшла ўніз, прабіўшы ранейшае дно. Але і гэты зрыў — не пра моўны выбар, а пра тое, што памянялася сама кагорта. З увядзеннем ЦЭ мову абавязаны здаваць кожны выпускнік, а не толькі матываваныя абітурыенты. У першы год ЦЭ беларускую выбралі 21,6%, у 2024‑м — 20,7%, у 2025‑м — 18,9%, а ў 2026‑м — 17,7%: 10 417 чалавек супраць 48 456.

Параўноўваць гэтую долю з данымі ЦТ у лоб нельга — гэта, як мы пісалі вышэй, розныя сукупнасці людзей. Тым не менш, для новай эпохі ЦЭ карціна аднастайная і трэнд недвухсэнсоўны: чатыры гады запар доля беларускай зніжаецца. 

Калі ачысціць лічбы ад уплыву рэформаў — скачок 2017‑га ад чацвёртага прадмета і карэнны пералом 2023‑га — застаецца просты факт. Два дзесяцігоддзі таму беларускую і рускую на галоўным іспыце выбіралі ў прыкладна супастаўных суадносінах. Сёння — адзін да пяці. Рэзкія зрухі на графіках тлумачацца зменамі правіл, але агульны кірунак адзіны — уніз.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары45

  • Asmongold
    24.06.2026
    Усё проста - паўзучая русіфікацыя і акупацыя паступова вынішчае беларускую мову.
    Бо нават беларускія крыпта-мілліянеры ганарацца цеткамі ў Расеі ;)
  • sad but true
    24.06.2026
    Інспіраваная прамаскоўскім рэжымам этнічная дэградацыя. Калі б узялі ў разлік дадзеныя за яшчэ папярэднія 5 гадоў з 2002/03, калі ўпершыню пачалі тэсты ладзіць, і здавала пакаленне 1980-х г.н., якое трохі зачапіла Адраджэнне пач. 1990-х, то вынік быў бы яшчэ больш кантрастным. Балюча, але трэба ведаць і бачыць, што робіць г.зв. "моўная роўнасць" у адукацыі, тлумачыць, чаму двухмоўе - не наш варыянт, планаваць карэктуючыя дзеянні пасля змены рэжыму.
  • Шклоуски конюх
    24.06.2026
    Не мучайте уже детей.
    Нету в Беларуси уже языка.Он уничтожен
    Через лет 10 гордо окупанты скажут что его никто не выбирает на цт

Цяпер чытаюць

«Яна гадамі цярпела, а пасля адзін раз ударыла мужа нажом — гэтага хапіла, каб забіць»

«Яна гадамі цярпела, а пасля адзін раз ударыла мужа нажом — гэтага хапіла, каб забіць»

Усе навіны →
Усе навіны

У каршэрынгу з’явіўся «Масквіч». Колькі каштуе пракаціцца?4

Сабака ў намордніку ўсю ноч чакаў гаспадара каля крамы. Яго шукалі ўсім Threads2

Кіроўцам гарадскіх аўтобусаў абяцаюць заробкі да 5000 рублёў. Хто можа разлічваць на такія грошы?5

Пачобут: Паеду ў Беларусь на пачатку верасня. Скончу яшчэ некалькі спраў і паеду17

Як атрымаць летам шэнген? Чаму беларусам у ім адмаўляюць і дзе атрымаць візу прасцей?4

У Падмаскоўі беларус забіў іншага беларуса. А пасля ад крыўды раздзеў яго дагала4

Украінскія ракеты нанеслі ўдар па ракетным заводзе ў Самары5

Толькі адзін голас, але за тры краіны. «Еўрабачанне» хоча змяніць правілы, каб у галасаванні было менш палітыкі1

Трамп паабяцаў абвясціць Армузскі праліў тэрыторыяй ЗША7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Яна гадамі цярпела, а пасля адзін раз ударыла мужа нажом — гэтага хапіла, каб забіць»

«Яна гадамі цярпела, а пасля адзін раз ударыла мужа нажом — гэтага хапіла, каб забіць»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць