У Бабруйску хацелі выселіць прытулак для сабак, але яго ўратавалі людзі
У Бабруйску ўдалося выратаваць прытулак для сабак таварыства «Пяць свабод», якому пагражала высяленне. За некалькі дзён неабыякавыя людзі сабралі 105 тысяч рублёў, неабходных для выкупу зямельнага ўчастка, на якім знаходзіцца прытулак. Цяпер зямля належыць таварыству, і 160 сабакам больш не пагражае высяленне, паведамляе «МогилевОнлайн».

Некалькі гадоў таму таварыства «Пяць свабод» набыло былы будынак кавярні і ператварыла яго ў прытулак для жывёл. Пазней арганізацыя арандавала 36 сотак зямлі вакол будынка і паставіла там вальеры. Аднак уладальнік участка вырашыў выставіць зямлю на продаж.
Зоаабаронцы спрабавалі адстаяць свае правы ў судзе, але прайгралі справу. Паводле вынесенага рашэння, яны павінны былі вызваліць тэрыторыю да 2 кастрычніка.
Сітуацыю ўзяў на асабісты кантроль старшыня Бабруйскага гарвыканкама Максім Гурын. Улады прапаноўвалі прытулку іншыя ўчасткі, але ў арганізацыі не было сродкаў для пераезду.
Тады ў «Пяць свабод» вырашылі паспрабаваць самастойна выкупіць зямлю ў яе ўладальніка, каб захаваць прытулак на ранейшым месцы. Для гэтага патрабавалася 105 тысяч рублёў, якіх у арганізацыі не было. Таму прадстаўнікі прытулку звярнуліся да падпісчыкаў праз Instagram з просьбай пра дапамогу.
Неабходную суму ўдалося сабраць усяго за некалькі дзён. У выніку зямельны ўчастак выкупіла таварыства, а прытулак застаўся на сваім месцы. Цяпер 160 сабак могуць заставацца там у бяспецы.
Каментары