Кандыдатка педагагічных навук Алена Ратмірава, якая раней займала гэтую пасаду, звольнілася сама, кажуць у Акадэміі.

Крэсла першага прарэктара ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў вакантнае ад панядзелка.
«Чалавек звольніўся. Пакуль мы без першага прарэктара, нікога не прызначылі», — пацвердзілі ў прыёмнай.
У 1993 годзе Алена Ратмірава скончыла Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут (мастацка-графічны факультэт). Да 2006‑га працавала ў гімназіі №10 Маладзечна настаўніцай выяўленчага мастацтва і працы.
Паралельна паступіла ў аспірантуру Нацыянальнага інстытута адукацыі. Абараніла кандыдацкую на тэму «Дыдактычныя асаблівасці засваення вучнямі 5-7 класаў элементаў праектнай дзейнасці на ўроках тэхналогіі». У 2021 годзе скончыла дактарантуру.
У свой час Ратмірава займала пасаду дэкана факультэта падвышэння кваліфікацыі ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Пасля гэтага ўладкавалася ў Акадэмію мастацтваў.

Вядома, што цяпер Алена Ратмірава працягвае працу ў Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі на кафедры філасофіі і гуманітарных праблем адукацыі.
Вясной у БДАМ з’явілася новая кіраўніца — замест Міхаіла Баразны на пасаду рэктара прызначылі архітэктарку Настассю Каласоўскую. Сваю галоўную мэту тая сфармулявала як «разбудзіць Акадэмію».
Каментары