Культура1414

Вядоўца са сцэны: Здзейснілася прадказанне газеты «Наша Ніва», зробленае ў 1910 годзе!

«Прыйдзе час, калі памяць пра Ігната Буйніцкага будзе святой для ўсіх! І гэтая сённяшняя ўрачыстасць — сведчанне таму! Памяць пра Ігната Буйніцкага — дарагая для ўсіх!»

Мітынг ля помніка на магіле Ігната Буйніцкага ў цэнтры Празарок.

У Празароках (Глыбоцкі раён) прайшло свята ў гонар 155-х угодкаў з дня нараджэння заснавальніка прафесійнага беларускага тэатру Ігната Буйніцкага.

Калі аўтару гэтых радкоў прапанавалі скласці кампанію — паехаць у Празарокі на ўрачыстасць, то было прадчуванне нейкага масавага мерапрыемства, ва ўсялякім разе, калі не дзяржаўнага маштабу, то хоць абласнога. Усё ж — 155! А прыехалі — пусты прыкасцельны пляц! Праўда, з дзясятак камерсантаў, са сваімі гандлёвымі намётамі, дзіцячымі атракцыёнамі ўсё ж было.

Пакуль усё пачнецца, завітаў у краму «Дукат», што на прыкасцельным пляцы — набыць напою, бо спёка.

— Не бачу ў вашай вёсцы свята! Усё ж — юбілей! ­— кажу прадаўцу, якая ў пустой краме глядзела на мяне пажадліва, — хоць бы нешта купіў.

— Усе на бульбе! Ды й для каго свята? Адны састарэлыя пенсіянеры! Усе Празарокі — дзесьці 300 чалавек…

— А ваш «Дукат» — дзяржаўная ці прыватная крама? 

— Дзяржаўная! Тут жа побач «Талер» — прыватная. Дык рашылі, каб была «канкурэнцыя», назвалі нашую «Дукат»! — тлумачыць прадавец.

Першае ўражанне, як сталася, было памылковае. Увесь народ прысутнічаў на імшы ў касцёле, пры гэтым, як мне сказалі, у ксяндза і дзень народзінаў.

Пасля касцёла — за два дзясяткі крокаў — народ перайшоў у Дом культуры.

Магу назваць колькасць людзей, якая прысутнічала, з дакладнасцю 99%. 132 — столькі месцаў у зале, плюс з дзясятак людзей, якія стаялі ў праходах. То бок, як для вёскі (ой, аграгарадка) — вялікае свята!

Прывітальнае слова ад кіраўніцтва раёна прамовіла Таццяна Малатоўнік, намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях. Згадаўшы пры гэтым, што Глыбоччына — радзіма дзясяткаў выбітных людзей, якія пакінулі свoй важкі след у гісторыі Беларусі. Нагадала, што Глыбоччына ёсць радзімай і для Вацлава Ластоўскага, палітыка, гісторыка, літаратара, Клаўдзія Дуж-Душэўскага, грамадска-культурнага дзеяча, архітэктара, дыпламата.

Стала ўжо добрай традыцыяй — глыбоцкія чыноўнікі не цураюцца на сцэне роднай мовы.

На сцэне выступілі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Дамоў культуры Глыбоцкага раёна, а таксама артысты мясцовага Дома культуры, якія прадэманстравалі танцы і праспявалі любімыя беларускія песні Ігната Буйніцкага, што былі ў рэпертуары яго тэатральнай трупы.

Адзінае засмучэнне — перыядычна, раз на 2-3 гады, прыязджаючы ў Празарокі, бачыш, як шыкоўнае і вядомае некалі мястэчка паступова ператвараецца ў непрыкметны аграгарадок.

Паспільвалі векавыя ясені і клёны. Неяк стала пуста і няўтульна. А самае галоўнае, пазносілі шмат цікавых местачковых будынкаў. Гадоў дзесяць таму я прайшоўся ад касцёла па Цэнтральнай вуліцы — кіламетры паўтара — аж да чыгуначнага прыпынку «Палевачы». То ўся вуліца ўяўляла тэатральную сцэнічную пляцоўку часоў Ігната Буйніцкага. Цяпер тут стаяць тыповыя, з белай цэглы, «аграгарадковыя» дамкі. І стала «красіва»!

Дарэчы, у Празароках — 6 вуліцаў і ніводнай савецкай назвы:

Літоўская, Полацкая, Аптэчная, Цэнтральная, Вакзальная, Садовая.

Каментары14

Цяпер чытаюць

«Мая праца згарэла». Беларускія бізнэсы страцілі тавар на складах Wildberries, але маюць больш шанцаў на кампенсацыю, чым расіяне5

«Мая праца згарэла». Беларускія бізнэсы страцілі тавар на складах Wildberries, але маюць больш шанцаў на кампенсацыю, чым расіяне

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп назваў сітуацыю з прыпыненнем дыскваліфікацыі Балагуна самым запамінальным момантам мундыялю1

Зяленскі пракаментаваў сённяшнія ўдары па складах Wildberries15

Украіна ўпершыню адказала на расійскія атакі на склады «Новай пошты» сіметрычнымі ўдарамі па хабах «Вайлдберыз». Падмаскоўны згарэў дашчэнту10

Былы ратавальнік МНС стаў фермерам і вырошчвае буякі4

Беларус выгрыз кватэру памерлай сваячкі ў Пецярбургу, хоць стаяў у шостай чарзе спадчыннікаў1

Выхавацеля вучылішча алімпійскага рэзерву з Мазыра асудзілі за замах на здраду дзяржаве3

«Тэлефануй бацьку, у мяне ўжо нерваў не хапае». Як абітурыенты штурмавалі ВНУ ў апошнія гадзіны прыёмнай кампаніі3

Каб выправіць прыкус, беларуска рашылася на распілоўванне сківіцы — і не пашкадавала. Але вынесці такую аперацыю зможа не кожны9

Чаму гэтую пісьменніцу ХІХ стагоддзя так часта экранізуюць? У чым яе феномен?3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мая праца згарэла». Беларускія бізнэсы страцілі тавар на складах Wildberries, але маюць больш шанцаў на кампенсацыю, чым расіяне5

«Мая праца згарэла». Беларускія бізнэсы страцілі тавар на складах Wildberries, але маюць больш шанцаў на кампенсацыю, чым расіяне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць