У Літвы будзе новы прэзідэнт. Сёння там выбары, і ёсць інтрыга, вартая добрага дэтэктыва
Сёння ў Літве праходзіць першы тур прэзідэнцкіх выбараў. Краіна з 1993 года абірае ўжо пятага прэзідэнта, а выбары сёмыя. Даля Грыбаўскайце адбыла два тэрміны і, паводле Канстытуцыі, не можа балатавацца.
На фінішную прамую выйшлі дзевяць кандыдатаў:
ад партыі «Сялян і зялёных» — прэм'ер-міністр Саўлюс Сквярняліс, ад кансерватараў — Інгрыда Шыманіце, ад сацыял-дэмакратаў — еўракамісар Віцяніс-Повілас Андрукайціс, лідар Выбарчай акцыі палякаў Літвы-Саюз хрысціянскіх сем'яў (ІАПЛ-СХС) Вальдэмар Тамашэўскі, філосаф Арвідас Юазайціс, член Еўрапарламента Валянцінас Мазуроніс, эканаміст Гітанас Наўседа, парламентарыі Міндаўгас Пуйдокас і Нагліс Пуцейкіс.
Таксама сёння праходзяць рэферэндумы па скарачэнні колькасці членаў Сейма, і аб двайным грамадзянстве
Тамашэўскі, напрыклад, выказваецца за абарону рускамоўнага і польскамоўнага насельніцтва. Але ягоны рэйтынг роўны 1,5%.
Арвідас Юазайціс мае цікавую біяграфію, ён — плывец, бронзавы прызёр Алімпіяды-1976, потым паступіў на філасофскі факультэт, стаў доктарам філасофіі, быў старшым навуковым супрацоўнікам АН Літвы. Юазайціс — адзін з заснавальнікаў «Саюдзіса».
Але галоўная барацьба разгорнецца паміж трыма кандыдатамі, якія маюць прыкладна аднолькавы рэйтынг.
Гэта кансерватар, кандыдат ад Саюза Айчыны — Хрысціянскіх дэмакратаў Інгрыда Шыманіце.
Шыманіце — 45 гадоў, у 2009—2013 гг. яна была міністрам фінансаў, затым намеснікам старшыні Банка Літвы. Інгрыда выйграла праймерыз у дыпламата Вігаўдаса Ушацкаса з вынікам 78%.
Ейныя галоўныя супернікі — эканаміст Гітанас Наўседа і прэм'ер Саўлюс Сквярняліс.
Наўседу — 55 гадоў, ён вядомы банкір і эканамічны дарадца. Быў дарадцам прэзідэнта Валдаса Адамкуса. Часта выступае ў СМІ з тлумачэннем эканамічных праблем Літвы.
Саўлюсу Сквярнялісу — 48. З адукацыі ён інжынер-матэматык, але вырашыў зрабіць паліцэйскую кар'еру. Прайшоў усе прыступкі: ад дарожнага інспектара ў Тракаі да генеральнага камісара паліцыі і міністра ўнутраных спраў. Яго партыя «Саюз зялёных і сялян» у 2016 г. выйграла выбары, і Сквярняліс узначаліў урад.
Рэйтынг у трох кандыдатаў прыкладна аднолькавы:
тройка лідараў у канцы красавіка выглядала так: Інгрыда Шыманіце — 26,2% (у сакавіку 24,8%), Наўседа - 24,6% (27,9%), Саўлюс Сквярняліс - 16,6% (14,5%). У пачатку мая Сквярняліс скараціў адставанне.
Другі тур пройдзе 26 мая.
Усе кандыдаты ў Літве цвёрдыя незалежнікі, рыначнікі і прыхільнікі ЕС, таму ніякіх зменаў курсу пасля выбараў не будзе. Аднак прэзідэнт Літвы валодае значнымі паўнамоцтвамі.
І менавіта яму (ці ёй) удзельнічаць у мерапрыемствах па перапахаванні парэшткаў Каліноўскага.
Каментары