Беларусам трэба гуртавацца вакол беларускіх сымбаляў — і Беларуская Народная Рэспубліка сярод іх адзін з галоўных.
Чым бы ні кіраваліся расейскія ўлады, далучаючы Крым — цяпер надышоў час напружвацца беларусам. Анэксія Крыма — прэцэдэнт. Усю прапагандыскую аргумэнтацыю, якой суправаджалася далучэньне Крыма, мы можам вельмі лёгка прымерыць і да беларускіх рэалій. Крэмль, відавочна, і так можа лічыць, што мае Беларусь амаль у кішэні: у «расейскамоўныя» можна запісаць хоць 90% насельніцтва, КДБ і армія Беларусі шчыльна завязаныя на Расею. А што самае прыкрае - відавочна, што Захад за адыёзны лукашэнкаўскі рэжым заступацца будзе куды менш актыўна, чым за Ўкраіну.
Што цяпер рабіць? Адказ -
трэба рыхтавацца да абароны, трэба інфармаваць блізкіх і сяброў, супрацьстаяць, найперш, інфармацыйнай і ідэйнай агрэсіі.
Бывалі і нашмат горшыя часы для беларускай незалежнасьці - нічога, перажылі.
Беларусам трэба гуртавацца вакол беларускіх сымбаляў - і Беларуская Народная Рэспубліка, незалежнасьць якой мы сьвяткуем сёньня, бясспрэчна зьяўляецца адным зь іх.
Адрозьненьне Беларускай Народнай Рэспублікі ад БССР, ад якой вядзе свой радавод лукашэнкаўскі рэжым, відавочнае:
БНР стварылі самі беларусы, а БССР навязалі Беларусі бальшавікі з усходу.
Гэтаксама бальшавікі потым стваралі паралельныя сурагатныя «рабоча-сялянскія» дзяржавы ў дзясятках іншых краінаў, ад Віетнама да Фінляндыі, каб стварыць нагоды для сваёй вайсковай агрэсіі.
Менавіта БНР была першай у сучаснай гісторыі ўласнабеларускай заяўкай на стварэньне сваёй сувэрэннай дэмакратычнай дзяржавы. БССР гэткай заяўкай не была.
Савецкая ўлада на Беларусі была ўсталяваная гвалтам вонкавай іншаземнай сілай — расейскай Чырвонай арміяй, дзе не было беларускіх атрадаў і якая не карысталася падтрымкай беларускага насельніцтва. Савецкі пэрыяд у гісторыі Беларусі - гэта адназначна пэрыяд замежнай, савецкай акупацыі Беларусі, якая працягвала калечыць і нявечыць беларускае грамадзтва, вынішчаць беларускую моўную і культурную самабытнасьць, забіваць назгодных з гэтым людзей. Усе беларускія нацыянальныя дасягненьні савецкага часу адбыліся не дзякуючы камуністам - а насуперак ім, выключна праз тое, што беларусы прымусілі бальшавікоў лічыцца з сваімі інтарэсамі.
Стварэньне БНР - гэта подзьвіг. Беларуская рэспубліка зьявілася ў нашмат меней спрыяльных умовах, чым незалежныя дзяржавы ў Балтыі, на Паўднёвым Каўказе або ва Ўкраіне.
Беларускі рух быў вымушаны дзейнічаць ва ўмовах прысутнасьці на тэрыторыі Беларусі нямецкіх, польскіх, бальшавісцкіх вайсковых фармаваньняў, аднолькава варожых да ідэі беларускага сувэрэнітэта і самакіраваньня. Але сам акт стварэньня незалежнай беларускай дзяржавы быў найважным жэстам, быў як падняцьце свайго сьцяга над сваёй краінай: самаарганізаванае мясцовае насельніцтва мае права і мае волю самастойна вызначаць сваё ўласнае жыцьцё. І
гісторыя паказала, што з гэтай дэклярацыяй усе наступныя акупанты былі вымушаныя лічыцца.
Менавіта пачынаючы з абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі Беларусь непарыўна існуе ў якасьці адзінкі на сучаснай палітычнай мапе Эўропы: як БНР, як ССРБ/БССР, як Рэспубліка Беларусь. Калі б не было таго жэста ў выглядзе абвяшчэньня беларусамі БНР, калі б шматгадовай папярэдняй і наступнай пасьля гэтага барацьбой, у тым ліку ўзброенай, беларусы не даказалі суседзям сваё права на нацыянальную дзяржаву - нас бы праігнаравалі і мы былі б цяпер альбо пэрыфэрыйнымі крэсовымі палякамі, альбо пэрыфэрыйнымі заходнімі расейцамі.
Стварэньне БНР стала момантам якаснага скачка беларусаў ад проста этнаграфічнай супольнасьці да дзяржаўнай нацыі.
Дзякуючы БНР Беларусь мае права разглядаць сябе як цэнтар свайго ўласнага «сьветапарадку», мае права на ўласнае бачаньне ўласнай гісторыі і свайго месца ў будучым сьвеце. Мы сказалі першае слова, і апошняе слова таксама будзе за намі. Беларускі народ абвесьціў сваю незалежнасьць, і гэтае абвешчаньне застаецца ў сіле нягледзячы ні на што, ні на якую савецкую ці гітлераўскую акупацыю, ні на які нігілістычны бязродны лукашэнкаўскі рэжым.
І тое, што Беларуская рэспублка 1918 года засталася ў першую чаргу праектам, не павінна нас засмучаць: значыцца,
гэты праект мы яшчэ маем рэалізаваць. БНР - гэта вобраз іншай, будучай Беларусі, якую мы маем пабудаваць замест сёньняшняй карумпаванай ізаляванай тыраніі.
Вобраз беларускай, дэмакратычнай і цывілізаванай Беларусі, дружнай з усімі эўрапейскімі краінамі, прыязнай да правоў і да годнасьці кожнага чалавека.
Са сьвятам!
Каментары