Тэатр

Марнае паляванне на сябе: крытык Аляксей Стрэльнікаў аб прэм'еры паводле Вампілава ў РТБД

2018 год — год нечаканых гучных прэм'ер. Вядомы ўкраінскі рэжысёр Стас Жыркоў, мастацкі кіраўнік тэатра «Залатыя вароты», які прывозіў у Мінск два свае спектаклі паводле п'ес Дзмітрыя Багаслаўскага, падрыхтаваў для Тэатра беларускай драматургіі адразу два спектаклі. На вялікай сцэне тэатра прайшоў спектакль «Паляванне на сябе» паводле самай знакамітай п'есы Аляксандра Вампілава «Паляванне на качак», а на малой быў паказаны work-in-progress «Гэта мы» паводле «Радзіва «Прудок» Андруся Горвата, прэм'ера гэтага спектакля можа адбыцца ў хуткай будучыні.

Жыркоў выдатна працуе з тэатральнай формай. Яго спектаклі нагадваюць складаныя музычныя кампазіцыі, дзе кожны кожны элемент мае сваё дакладнае месца. Ён не ідзе за «літарай тэксту», часам цалкам перарабляючы матэрыял, але яго спектаклі трапляюць у нерв часу. Фармалісцкія эксперыменты Жыркова цікавыя на беларускай глебе тым, што яны на поўную выкарыстоўваюць патэнцыял беларускіх артыстаў.

Фота са старонкі Стася Жыркова ў фэйсбуку. 

Тэкст Вампілава больш асацыюецца з фільмам з Алегам Далем, для Беларусі гэта знакавая п'еса знаёмая хіба тым, што на пачатку 1980-х менавіта з яе пачаўся Тэатр-студыя кінаакцёра.

Нейкай сцэнічнай традыцыі Вампілава ў нас няма. Цяжка сказаць, што Стас Жыркоў разбурыў п'есу, насыціўшы яе сучаснымі алюзіямі на мінскае жыццё. Па сюжэце Зілаў атрымлівае ад дырэктара кватэру, у спектаклі кватэра — у Новай Баравой, яго сябра замест футбола спяшаецца на матч «Дынама-СКА», шэф ладзіць сваім падначаленым такі разнос, які вельмі нагадвае «селектарныя нарады», а рэстаран «Незабудка» ў спектаклі называюць «Друз'я», што ў кантэксце стасункаў Зілава з сябрамі гучыць вельмі па-злому і здзекліва. Але больш за тое, псіхалагічная, побытавая п'еса граецца ў абстрактнай, экспрэсіянісцкай стылістыцы. Артысты з дзікімі фрызурамі, бегаюць і крычаць не сваімі галасамі, але гумар настолькі трапляе па адрасе, што глядзець спектакль вельмі весела, хоць і падпісаны ён «не камедыя».

Зілаў — адзін са складаных вобразаў расійскай драматургіі ХХ стагоддзя. Для савецкай драматургіі было скандалам выяўленне персанажа, які беспрынцыпна маніць жонцы, начальству, сябрам, напіваецца і робіць спробу самагубства.

Думайце, што хочаце, але сёння Зілаў выглядае вельмі сучасна — тыповы менеджар сярэдняга звяна. П'есу можна зразумець па-рознаму, ёсць у тэксце сведчанні, што Зілаў ладзіць дэбошы не першы і, мабыць, не апошні раз, але ёсць і моманты шчырасці, якія дазваляюць верыць у маральнае адраджэнне героя.

Для Вампілава прынцыпова важна, каб крыніцай усведамлення гэтай маральнасці быў сам герой.

Максім Брагінец грае Зілава вельмі падобна да аўтарскага апісання. У ім шмат свабоды і рашучасці, такой сапраўднай мужчынскай энергіі, якая патрабуе выхаду.

Але ў афармленні спектакля наўмысна не прадугледжана стрэльбы, выйсця для буйнай энергіі няма. Праца нецікавая, каханне лёгкае, сябры няверныя, а палявання на качак у гэтым умоўным свеце насамрэч не існуе. І ўся гэтая энергія абарочваецца злой і накідваецца на тых, хто Зілаву сапраўды блізкі. Дуэт Брагінца і Людмілы Сідаркевіч, якая грае Галю, жонку Зілава, па сутнасці, не пра каханне, а пра ратаванне, ледзь не ў рэлігійным сэнсе. Кволая далікатная жанчына настолькі кантрастуе з фарсавай эстэтыкай астатняга спектакля, што менавіта гэта, здаецца, робіцца сапраўднай лініяй канфлікту, толькі Галя можна дапамагчы Зілаву ўтаймаваць хаос свайго жыцця, яго ўнутраны хаос. Толькі з гэтай жанчынай нахабная, самазадаволеная інтанацыя Зілава змяняецца чалавечай, часам бездапаможнай.

Фота са старонкі Стася Жыркова ў фэйсбуку. 
Фота са старонкі Стася Жыркова ў фэйсбуку. 

Безнадзейнасць — важная тэма для «Палявання на качак». Фантасмагорыя апраметнай нездарма становіцца асновай для кампазіцыі спектакля, бо ўжо ў п'есе закладзена гэтая рваная нелінейная гісторыя, якая наводзіць на думку, што Зілаў ці то сніць п'яныя мроі, ці ўжо нават зусім памёр і наканаваны на вечнае чаканне палявання на качак, якое ніколі не надыдзе. 

Фота са старонкі Стася Жыркова ў фэйсбуку. 

Спектакль вызначаецца найвышэйшым узроўнем складанасці акцёрскай ігры, і тое самае тычыцца лабараторнай працы над кніжкай Андруся Горвата.

Адчуваецца ўзровень даверу, які артысты даюць рэжысёру. У спектаклях занятыя тыя, хто зараз грае ў мінскіх пастаноўках Юркі Дзівакова і Аляксандра Марчанкі, то бок іх не здзівіш экспрэсіўнасцю рэжысуры. Але відавочна, што на сцэне ім цікава, што ад смелых задумак рэжысёра ім весела, што падрыхтаваныя гэгі выглядаюць лёгкай імправізацыяй.

Шчыра спадзяюся, што супрацоўніцтва ўкраінскага рэжысёра з беларускімі тэатрамі працягнецца.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Дык усё ж ці бяспечны Telegram і для якіх мэтаў бяспечны? Вось што ясна на сёння11

Дык усё ж ці бяспечны Telegram і для якіх мэтаў бяспечны? Вось што ясна на сёння

Усе навіны →
Усе навіны

Не ігнаруйце гэтыя змены скуры — яны могуць сведчыць пра пачатак дыябету6

Пасол Венгрыі па-майстэрску сыграла на аргане ў касцёле ў Магілёве3

Прэзідэнт Сербіі Вучыч упершыню з пачатку вайны наведаe Украіну1

Аўтобус з 22 пасажырамі, мікрааўтобус і легкавы аўтамабіль патрапілі ў ДТЗ на трасе М-1 у Баранавіцкім раёне. Ёсць загінулы1

Самы папулярны тыкток-блогер у свеце, які высмейвае бязглуздыя лайфхакі, выдвараны з ЗША як нелегал7

Нахабныя збіральнікі грошай на праезд у Мінску ўжо просяць перавод на картку2

У Магілёве ідзе спектакль 18+, які карыстаецца шалёнай папулярнасцю — гледачы прыязджаюць з іншых гарадоў10

Грузія пастрожыць правілы знаходжання замежнікаў, ажно да выдварэння1

Каго часцей за ўсё кусаюць камары? Даведаліся ў вучонага1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дык усё ж ці бяспечны Telegram і для якіх мэтаў бяспечны? Вось што ясна на сёння11

Дык усё ж ці бяспечны Telegram і для якіх мэтаў бяспечны? Вось што ясна на сёння

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць