Культура

Эрыксан і Плакс злучылі Менск і Стакгольм

Па выхадзе на менскія вуліцы пасьля швэдзкіх імпрэзаў міжволі адчуваеш сябе ў Эўропе. І толькі нечаканыя сустрэчы пасярод праспэкту — міліцыянт насустрач, чалавек у цывільным сьледам, вядомы палітык з новаствораным лістом пратэсту — вяртаюць на зямлю. Менск ідэнтыфікуецца рэзка, і з усімі сваімі рысамі ён пакуль не становіцца Стакгольмам. Ну хіба ненадоўга, крыху — праз абмен энэргаёмістасьцю.

Менск наведалі мастакі і музыкі са Швэцыі — адзін з самых вядомых у сьвеце швэдзкіх кампазытараў сучаснай мастацкай музыкі і выканаўцаў фры-джэзу Дрор Файлер, вядомая мастачка ў галіне інсталяцыі Гуніла Шольд Файлер, мастак і навуковец, выкладчык вышэйшай мастацкай школы Konstfack у Стакгольме Магнус Бэртас, а таксама беларускі мастак і пісьменьнік Зьміцер Плакс — аўтар «плаксаў» у закрытай у 1990-я газэце «Імя», які цяпер жыве ў Стакгольме.

Культурніцкая акцыя адбылася дзякуючы дапамозе Аддзяленьня амбасады Швэцыі ў Менску пры падтрымцы Швэдзкага Iнстытуту. Паказальна, што прамовы падчас прэзэнтацыі гучалі альбо на беларускай мове, альбо ў перакладзе на яе. Пры гэтым па-беларуску гаварыў ня толькі швэдзкі беларус Зьміцер Плакс, але (і на добрым узроўні) прадстаўнік швэдзкай амбасады Стэфан Эрыксан.

18 і 19 студзеня госьці двойчы прэзэнтавалі выставу сваіх незвычайных твораў — спачатку ў мастацкай галерэі Нацыянальнага гісторыка-культурнага музэю-запаведніку ў Полацку, а потым у Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Менску, дзе выстава будзе працаваць да 27 студзеня.

У вызначэньні саміх аўтараў жанр прывезеных у Беларусь твораў гучыць як «відэаінсталяцыя». Іхнія інсталяцыі створаныя і ўспрымаюцца праз выкарыстаньне сучасных тэхнічных прыстасаваньняў, што неўзабаве пасьля адкрыцьця выставы дало гледачам падставу мімаходзь назваць «Грошык за твае думкі» Д. і Г.Ш.Файлера «фільмам». Гэта сапраўды падобна на нямое кіно з тытрамі галасоў, часам зусім драматургічна падзеленых на голас першы і другі. Нехта за кадрам думае, і ангельскамоўны тэкст на экране ўспрымаецца як сымбаль нявызначанай глябальнасьці, нават касьмічнасьці кожнага руху ў сьвеце людзей...

Тым часам відэашэраг утрымлівае абсалютны нуль таго, што можна ўмоўна назваць экшэнам, больш за тое — замест людзей мы бачым іхнія цені, абрысы, сылюэты. Толькі па позах і рухах мы здагадваемся, пра што гутараць гераіні твору, які іхні настрой, каго ці чаго чакае, прынамсі, адна зь іх і што насамрэч ілюструе музыка — выпраменьваньне сканцэнтраванага спакою зьмяняецца ў ёй адценьнем мэдытацыйнасьці... Аўтары «Грошыка...» (дарэчы, уладальнікі галерэі сучаснага мастацтва Tegen 2 у Стакгольме) тлумачаць, што цені дзяўчынак яны зьнялі проста як цікавая вулічная сцэнка, але потым гэтыя кадры «абрасьлі» новымі асацыяцыямі і далі штуршок ідэі.

Зусім іншай плыньню сьвядомасьці ўспрымаеш інсталяцыю Магнуса Бэртаса і Зьмітра Плакса «Шахматы». Тут усё падаецца вельмі простым, настолькі, што пачынаеш шукаць стоены падвох. Незвычайнасьць гульні ў шахматы Плакса і Бэртаса палягае ў дваістасьці візуальнага адлюстраваньня. На дошцы — фігуры, выкананыя, паводле швэдзкай народнай традыцыі, у выглядзе «рознакалібравых» журавоў. Процілеглы бок гуляе сіламі фігур-сланоў, якія выклікаюць спасылку на ўсходнюю гісторыю. Праз кампутар партыя трансьлюецца на вялікі экран на сьцяне, але ў гэтым кіно ўсе фігуры выглядаюць як звычайныя шахматы. Хутка замест таго, каб сачыць за хадамі чорных і белых, за лягічна-стратэгічнай надбудовай адчуваеш рэальнасьць умоўнага і шматзначнасьць бачнага.

Зрэшты, гэта толькі невялікае апісаньне — тлумачыць ідэю ня толькі саміх «Шахматаў», але і любога іншага авангардысцкага твору немагчыма, ды й непатрэбна. Менавіта пра гэта зайшла гаворка на праведзеным 20 студзеня З.Плаксам сэмінары «Прынцып няпэўнасьці і мастацтва інсталяцыі».

Мастацтвазнаўцы, творцы і іншая цікаўная публіка абмяркоўвалі «прыгоды аб’екта ў віртуальнай і фізычнай прасторы» і грунтоўныя пытаньні існаваньня мастацтва.

Дзе мяжа паміж рэальным і віртуальным сьветам? Зьміцер Плакс «падазрае, што гэта — мова, але ня ўпэўнены». Што здараецца з аб’ектамі, калі мы паварочваемся да іх сьпіной, або з кампутарнай гульнёй, калі мы адыходзім ад кампутара, прачытаўшы, што «Game over»? Колькі правільных адказаў увогуле можна даць пра адлюстраваньне ў кожным з нас сьвядомага і несьвядомага?

З таго часу, як, паводле вызначэньня дасьледчыка мастацтва Ларысы Міхневіч, першую інсталяцыю і першы пэрформанс стварыў Малевіч, чалавецтва стварыла на гэтым шляху болей пытаньняў, чым адказаў, прыйшоўшы ўрэшце да старажытнакітайскай тэзы пра энэргаёмістасьць мастацтва як асноўную ягоную рысу... Дарэчы, і сам сэмінар быў падобны на інсталяцыю. «Заўсёды нечакана сканчаецца гутарка пра мастацтва, — прызнаўся Зьміцер Плакс. — Спадзяюся, што гэтай гутаркай зададзены нейкі імпульс. Які імпульс? Калі мы даведаемся пра гэта цяпер, то, згодна з прынцыпам няпэўнасьці, страцім інсталяцыю».

Увечары 20 студзеня Дрор Файлер зьявіўся перад беларускай публікай як музыка, даўшы ў менскім клюбе «Стэп» супольны канцэрт зь вядомым гуртом Drum Ecstasy. Адзін з найбольш вядомых беларускіх гуртоў шумавой сцэны, знакаміты саўндтрэкам да «Начной варты», сабраў поўную залю яшчэ падчас супольнай з госьцем наладкі інструмэнтаў. Да трох бубначоў і бас-гітары беларусаў Фройлер дадаў жывы саксафон з элемэнтамі кампутарных аранжыровак.

Першым выступаў госьць, чыя музыка прымусіла танцпляцоўку скамянець у глыбокіх роздумах. Перапады высокіх і нізкіх гукаў з часовым умяшаньнем разнаплянавага жорсткага рытму стваралі псыхадэлічнасьць імправізаванага джазу. Напрамак пасьпеў прыдбаць нямала аматараў у Эўропе.

Пасьля ў тканіну Фройлеравай музыкі арганічна ўпляліся рытмы бубнаў. Пачаўся суцэльны саўндрэк у сэнсе магчымасьці адначаснага з праслухоўваньнем канцэрту перакладаньня пачутага на кадры ўласнага жыцьця практычна любым з прысутных слухачоў. Саксафон нечакана дадаваў у рытм бас-гітары Філіпа Чмыра ня толькі традыцыйную для гэтага інструмэнту эмацыйную надрыўнасьць, але часам і элемэнт сапраўднага рэйву. Танцпляцоўка на той момант даўно ажыла, сьцішыўшыся толькі падчас прэзэнтацыі беларускімі і швэдзскімі музыкамі музычна-тэкставага пэрформансу «Сьпёка» з удзелам Зьмітра Плакса...

Амаль незаўважанай для шырокай публікі прайшла яшчэ адна супольная культурніцкая акцыя беларусаў і швэдаў, што адбылася дзякуючы Плаксу.

Былы мянчук, які працуе ў Швэцыі як радыёжурналіст, прывёз вялікую маральную падтрымку беларускім майстрам слова — швэдзкі літаратурны часопіс «Pequod» («Пекод») зь перакладаў твораў айчынных паэтаў. Гэткім чынам нядаўна па той бок Балтыкі пабачылі сьвет тры вершы Валянціны Аксак: адзін — са зборніка «Віно з Каліфорніі» і два, паводле прызнаньня паэткі, «зусім новыя, што ні ў адзін зборнік не ўвайшлі». Творчасьць іншага вядомага паэта, Барыса Пятровіча, прэзэнтаваная па-швэдзку вершамі зь ягоных «Фрэсак». Дагэтуль па-швэдзку друкавалі толькі творы Сьвятланы Алексіевіч.

...Па шчырасьці, па выхадзе на менскія вуліцы пасьля швэдзкіх імпрэзаў міжволі адчуваеш сябе ў Эўропе. І толькі нечаканыя сустрэчы пасярод праспэкту — міліцыянт насустрач, чалавек у цывільным сьледам, вядомы палітык з новаствораным лістом пратэсту — вяртаюць на зямлю. Менск ідэнтыфікуецца рэзка, і з усімі сваімі рысамі ён пакуль не становіцца Стакгольмам. Ну хіба ненадоўга, крыху — праз абмен энэргаёмістасьцю.

Каментары

Цяпер чытаюць

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску 1 і 2 кастрычніка будуць перакрываць рух. Спіс вуліц1

У Малінаўцы прадалі платную паркоўку на аўтарынку— цана ўражвае

Кіраўніка аддзела Support Desk Technologies асудзілі на пяць гадоў калоніі — меркавана, за данаты на падтрымку Украіны6

У Эстоніі мужчына ўзламаў чужую кватэру, каб забраць свайго ката1

Apple абнавіла спадарожнікавыя здымкі Мінска. Цяпер гэта самыя свежыя касмічныя здымкі сталіцы2

Паўднёвакарэйская разведка расказала пра здароўе Кім Чэн Ына2

Крышціяну Раналду завяршыў кар'еру ў зборнай Партугаліі?

Тураўскія каменныя крыжы, якія нібыта прыплылі з Кіева, мабыць, паставілі пры Канстанціне Астрожскім5

У «Мінсктрансе» расказалі, колькі ў Мінску штомесяц ловяць зайцаў5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць