Грамадства88

Пад Мінскам высеклі векавую кляновую алею

У былым фальварку графа Чапскага высякаюць кляновыя прысады. «Дрэвы знаходзяцца ў аварыйным стане», - тлумачаць свае дзеянні мясцовыя ўлады.

За 20 кіламетраў ад Мінска месціцца вёска Самуэлева. У свой час яна знаходзілася ва ўладанні вядомага калекцыянера графа Эмерыка Гутэн-Чапскага. Па яго распараджэнні ў фальварку была высаджана кляновая алея. Яе працягласць складае каля 400 метраў.

Мясцовыя ўлады вырашылі пусціць частку алеі пад сякеру, а частку клёнаў абрэзаць.

фота geo-by.com

Так выглядала алея яшчэ зусім нядаўна, а цяпер многіх клёнаў ўжо няма.

«Гадоў пяць таму назад, калі не было такіх моцных ураганаў, людзі былі супраць абрэзкі і высечкі дрэў. Зараз ад іх паступаюць заявы з просьбай высекчы дрэвы, таму што ў выпадку ўрагану яны могуць паваліцца на дарогу, машыны, дамы і г.д. людзі баяцца хадзіць, ездзіць, дзяцей у школу адпускаць», - кажа старшыня Крупіцкага сельскага Савета Марына Астроўка.

Дазвол на высечку дрэў даў Мінскі раённы выканаўчы камітэт, а абразанне праводзіцца на падставе рашэння сельскага Савета.

«На дадзены момант ссечана пад корань 29 дрэў. Акрамя таго, праведзена так званая абрэзка — пакінута менш за палову ствала — 30 дрэў. Цэлых дрэў пакуль 14», - паведаміла Naviny.by жыхарка вёскі Самуэлева Кацярына Васільева. Яна выступае за захаванне дрэў, але, відаць, яе аднавяскоўцам да гэтага няма справы.

Па словах Марыны Астроўкі, прыкладна паўтара-два месяцы таму праходзілі грамадскія абмеркаванні, дзе большасць выказалася за высечку старых клёнаў.

«На сходзе прысутнічала 15 жыхароў з 150 дамоў. Старшыня сельсавета абвясціла, што будзе высечана 35 дрэў. Я адзіная была супраць гэтага», - кажа Кацярына Васільева.

Паводле яе слоў, прыкладна два тыдні таму высякаць дрэвы пачалі самі жыхары Самуэлева. Імі было спілавана каля 10 дрэў.

Зараз працы па выдаленні і абразанні вастралістых клёнаў праводзіць кампанія «БелАрба».

«Усяго, калі я не памыляюся, там парадку 50—55 дрэў. 35 высякаецца пад корань. Чатыры мы наогул не чапаем, а астатнія абразаюцца», - кажа галоўны спецыяліст «БелАрба» Сцяпан Латыпаў.

Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што ўзрост клёнаў дасягае 200—300 гадоў. Сцяпан Латыпаў сумняваецца ў гэтым.

«Насамрэч, гэта самасейкі, якія яшчэ засталіся ў шэрагу. Некаторыя маюць узрост 70, некаторыя 120—150 гадоў. Двухсотгадовыя клёны, можа быць, ёсць, а можа быць, іх і няма», - лічыць галоўны спецыяліст «БелАрба».

Паводле яго слоў, вастралістыя клёны адносяцца да вялікаўзроставых па дасягненні дрэвам узросту 80 гадоў.

«Нават калі яны не маюць нейкіх дэфектаў, то вельмі часта яны прызнаюцца аварыйнымі. Часам да іх не даходзяць рукі, але лічыцца, што гэта тэрмін службы занадта вялікі для такога дрэва», - адзначае Сцяпан Латыпаў.

Пры ўсім пры гэтым, паводле яго слоў, большасць клёнаў ў Самуэлева маюць некалькі дэфектаў. Па-першае, яны нахіленыя на звыш чым 30 градусаў.

«У асноўным у бок ліній электраперадачы. Уласна, з-за пастаяннага абрыву правадоў і скаргаў насельніцтва на адключэнне электраэнергіі і было прынята рашэнне аб тым, што будуць выдзелены сродкі на высечку», - кажа галоўны спецыяліст «БелАрбо».

Па-другое, адзначае Сцяпан Латыпаў, практычна ўсе нахіленыя клёны, за выключэннем 10 %, маюць вялікія дуплы, якія ўтварыліся пасля адлому сукоў.

«Пасля таго, як сук адломваецца, туды ўнутр трапляе інфекцыя, і павольна ствол выгнівае. То бок, у іх існуе дзесьці палова ствала, дзесьці чвэрць. Усё астатняе альбо пустое, альбо гнілата», - кажа спецыяліст.

Член савета грамадскага аб'яднання «Экадом» Ірына Сухій адзначае, што да аварыйных дрэваў вельмі часта адносяць тыя насаджэнні, якія цалкам могуць прастаяць яшчэ шмат гадоў.

«Ім проста трэба абрэзаць старыя сукі, апрацаваць дуплы і трохі абрэзаць крону», - кажа эколаг.

Што тычыцца абрэзкі дрэў, то гэта, на думку Ірыны Сухій, вядзе да іх паслаблення, а абразанне старых дрэў можа прывесці да іх гібелі.

«Пры гэтым з усіх вядомых спосабаў абрэзкі ў апошні час часцяком выкарыстоўваецца самы траўматычны і малаэстэтычны спосаб так званай амаладжальны абрэзкі, які прадугледжвае поўнае выдаленне кроны і верхняй часткі ствала дрэва. Ва ўсім свеце такі спосаб «утрымання і эксплуатацыі» зялёных насаджэнняў лічыцца варварствам. Выдаленне кроны дрэў значна зніжае іх дэкаратыўнае значэнне», - адзначае Ірына Сухій.

Тым не менш, кажа Марына Астроўка, дазвол на высечку алеі будзе сапраўдным «ажно два гады».

«Зараз будзем яшчэ далей абследаваць дрэвы. Можа, яшчэ нешта знойдзем», - кажа старшыня Крупіцкага сельсавета.

Кацярына Васільева лічыць, што сапраўдная прычына высечкі старадаўняй алеі звязана з банальнай нарыхтоўкай дроў.

«Мне было сказана некаторымі мясцовымі жыхарамі, што няма чым паліць, таму што грошы на дровы альбо самі дровы раскрадаюцца работнікамі», - кажа Кацярына Васільева.

У сваю чаргу, старшыня сельсавета абяцае правесці ў вёсцы суботнік і высадзіць новую алею.

«Выбачайце, каб захаваць дрэва, трэба 800 даляраў на яго муміфікацыі», - кажа яна.

Каментары8

Стала вядома, хто можа ўвайсці ў новы абмен зняволенымі паміж ЗША і Расіяй

Стала вядома, хто можа ўвайсці ў новы абмен зняволенымі паміж ЗША і Расіяй

Усе навіны →
Усе навіны

Па загадзе махляроў 15-гадовы гімназіст ускрыў бацькоўскі сейф і аддаў кур'еру $53 тысячы2

Тром футбалістам зборнай Беларусі не далі брытанскія візы

Трамп мае намер намінаваць Марка Рубіа на пасаду дзяржсакратара

Так выглядае Максім з Крывога Рога, у якога пасля ўдару расійскай ракеты загінулі жонка і трое малых дзяцей5

Пуцін хоча вярнуць Курскую вобласць да інаўгурацыі Трампа?9

Чарга з легкавікоў вярнулася на польскай мяжы

Алексіевіч: Пад сцягам Пуціна збіраецца ўсё фашыствуючае ў свеце11

У Абхазіі перакрылі дарогі, патрабуючы вызваліць затрыманых актывістаў апазіцыі. Што вядома1

У інтэрнэт злілі канфідэнцыйнае дасье на найбольш верагоднага кіраўніка Дзярждэпа пры Трампе. Чаго чакаць Беларусі?12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, хто можа ўвайсці ў новы абмен зняволенымі паміж ЗША і Расіяй

Стала вядома, хто можа ўвайсці ў новы абмен зняволенымі паміж ЗША і Расіяй

Галоўнае
Усе навіны →