Меркаванні

Пад расейскім трыкалёрам і арлом

У камісіі палаты прадстаўнікоў засядалі пад расейскім арлом. Камэнтар Сяргея Навумчыка.

У камісіі палаты прадстаўнікоў засядалі пад расейскім арлом. Камэнтар Сяргея Навумчыка.

На пачатку 1990-х мы, тагачасныя актывісты БНФ, казалі, што дзяржаўныя сымбалі і мова – гэтак жа важныя, як і эканоміка.

Мы памыляліся.

У параўнаньні са сьцягам, з гербам, з мовай, эканоміка (якая ў жыцьці грамадзтва, канечне, важная) ня мае ніякага значэньня. Удакладняю: яна ня проста менш істотная ці мала істотная – яна ўвогуле ня мае значэньня, калі на карту прастаўлены лёс сымбаляў і мовы. Бо ад апошніх залежыць і лёс народу.

Гісторыя мае шмат прыкладаў, калі эканоміка адраджалася за некалькі гадоў у краінах, дзе прамысловасьць і інфраструктура былі разбураныя ўшчэнт (Нямеччына на мяжы 1940–1950-х). Але няма ніводнага прыкладу, калі б насельніцтва, якое згубіла нацыянальныя арыенціры, дасягнула б дабрабыту (некаторыя афрыканскія краіны, дзе разбураная грамадзянская супольнасьць, ня могуць узьняцца нават пры мільярдных датацыях Захаду).

Некалькі гадоў таму ў ЗША рэстаўравалі стары зорна-паласаты сьцяг незвычайнага вялікага памеру, зь якім зьвязаны славуты эпізод амэрыканскай гісторыі. Рэстаўрацыя рабілася ў лябараторыі некалькі год з выкарыстаньнем самых каштоўных мэтадаў кансэрвацыі і каштавала некалькі мільёнаў (!) даляраў. Амэрыка – самая багатая краіна, але і тут хапае сацыяльных праблем. Напрыклад, больш як 40 мільёнаў грамадзянаў ЗША ня маюць мэдычнай страхоўкі. Заўважу, што гэта ня самыя бедныя – самыя бедныя акурат маюць сацыяльную страхоўку. Гэта – сярэдні пласт грамадзтва з даходам ад 50 да 75 тысяч даляраў на год, каму на працы страхоўку не даюць, а самому набыць задорага – бо трэба выплачваць крэдыт за жыльлё, вучобу дзяцей і г.д. Такая публіка пераважна адукаваная, яна чытае газэты і, натуральна, можа ў газэты напісаць. Аднак ні ў воднай амэрыканскай газэце не было дыскусіі: а ці трэба выдаткоўваць вялізныя грошы на кавалак матэрыі, ці ня лепш спачатку «падлячыць народ» (у варыянце менскіх лібэралаў было б – «накарміць»)? Ніхто не заклікаў да «прагматызму» менавіта таму, што амэрыканцы – надзвычай прагматычныя людзі і прыярытэты што ў асабістым, што ў дзяржаўным жыцьці вылічваюць матэматычна дакладна.

Апошнім часам усё часьцей даводзіцца чуць пра «непрагматызм» галадоўкі дэпутатаў БНФ у Авальнай залі парлямэнту ў 1995 г. Мне ж падаецца, што, пасьля аднаўленьня Незалежнасьці, гэта самае важнае, што мы зрабілі ў тым Вярхоўным Савеце, бо выступілі за сьцяг, герб і мову.

Мяне ўжо цяжка нечым зьдзівіць у беларускай палітыцы, але тое, што ўбачыў на ўэб-сайце палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь, скажу безь перабольшваньня, – шакавала. Тут зьмешчаны фатаздымак пасяджэньня камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД. Зьлева – чырвона-зялёны сьцяг, а справа – сьцяг Расейскай Фэдэрацыі. А на сьценцы, разам з «лукашэнкаўскім» гербам, прымацаваны расейскі дзьвюхгаловы арол.

Зазірнуў у архіў уэб-сайту – ранейшыя пасяджэньні ў гэтай камісіі таксама праходзілі пад расейскімі дзяржаўнымі сымбалямі.

На міждзяржаўных, міжпарлямэнцкіх сустрэчах прынята выстаўляць на стол сьцяжкі краінаў-удзельніц. На сустрэчах прэзыдэнтаў таксама ёсьць дзяржаўныя сьцягі. Але тут, у памяшканьні Дому ўраду, расейскі сьцяг выстаўлены стала, стацыянарна ды яшчэ прымацаваны на сьцяне расейскі герб. «Палата» – не грамадзкая арганізацыя і не прыватная кантора, і міжнародная камісія – адна з ключавых камісіяў у парлямэнце кожнай краіны. Як зазначана на тым жа сайце, да кампэтэнцыі «палатачнай» камісіі належаць «пытаньні геапалітыкі, распрацоўка і ўдасканальваньне законаў аб зацьвярджэньні асноўных напрамкаў замежнай палітыкі», «палітычныя аспэкты праблемаў раззбраеньня і бясьпекі».

Наіўна думаць, што цяперашні «парлямэнт» распрацоўвае нешта самастойна ад лукашэнкаўскай адміністрацыі, яго функцыя – хаця б сымбалічная легітымізацыя прынятых прэзыдэнтам рашэньняў. Але тым большае значэньне набывае сымбаль, пад якім гэта адбываецца.

З усяго, што я ведаю пра так званую беларуска-расейскую інтэграцыю, гэтыя здымкі – найбольш яскравае сьведчаньне таго, як далёка зайшоў працэс, які я ўсё ж вызначыў бы як анэксія. У сучасным сьвеце ня трэба (дакладней – не заўсёды трэба) уводзіць дывізіі, каб узяць пад кантроль чужую тэрыторыю. Ёсьць мэханізмы палітычнага, эканамічнага, заканадаўчага паглынаньня (дарэчы, апошнім цяпер і занятая «палата», пасьлядоўна праводзячы «ўніфікацыю» беларускага заканадаўства пад расейскае).

У 1995 годзе ў газэце «Свабода» я надрукаваў артыкул, у якім даводзіў, што галоўнай мэтай Лукашэнкі ёсьць Крэмль. Публікацыя выклікала зьедлівыя камэнтары палітолягаў. Празь некалькі гадоў тыя ж самыя палітолягі былі вымушаныя прызнаць слушнасьць аргумэнтаў, некаторыя на разьвіцьці гэтай тэмы зрабілі сабе кар’еру. Яшчэ празь некалькі гадоў А.Фядута апублікаваў свае ўспаміны, дзе пацьвердзіў і даволі падрабязна апісаў гэтую ідэфікс Лукашэнкі.

Мэмуары цяперашняга атачэньня пра сёньняшнія размовы ў прэзыдэнцкіх апартамэнтах – наперадзе. Але перакананы: як і раней, стратэгічнай мэтай Лукашэнкі ёсьць Крэмль. Каньюнктура пакуль не на яго карысьць. Але сытуацыя можа зьмяніцца. Ва ўсялякім разе, ён робіць усё, каб быць напагатове, каб дасягнуць сваёй мэты – і ня робіць нічога, што б яго ад гэтай мэты аддаляла.

Ізноў жа, уявім, гіпатэтычна, што прэзыдэнту Летувы Адамкусу прапаноўваюць: аб’ядноўвай Летуву з Расеяй – і робісься гаспадаром Крамля. Мяркую, у адказ прагучэла б колькі спэцыфічных расейскіх словаў, за дзесяцігодзьдзі жыцьця ў ЗША не забытых былым змагаром

з «энкавэдэ». Колькі б праіснавала Незалежнасьць Беларусі пры аналягічнай прапанове Лукашэнку? Пытаньне рытарычнае.

І нядаўняя дыскусія ў «НН» – «Калі Лукашэнка выступіць за беларускую дзяржаўнасьць, ці павінна апазыцыя яго падтрымаць?» – на фоне гэтага ўяўляецца бессэнсоўнай. За беларускую дзяржаўнасьць ён ніколі ня выступіць. Мэта Лукашэнкі – зачысьціць тэрыторыю, якую потым можна выгадна прадаць. Мэта Крамля – узяць гэтую тэрыторыю (хто паспрабуе даказаць адваротнае, хай спачатку прыгадае, калі хоць аднойчы лідэры Расеі заявілі, што прызнаюць Незалежнасьць Беларусі).

Днямі Лукашэнка зрабіў прызначэньні ў сыстэме аб’яднанага штабу «арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы» – так патрапіла, што там існуе ўпраўленьне каардынацыі плянаваньня, стасаваньня і падрыхтоўкі. Адбылося гэта на фоне ягонай заявы, што «нашае зацікаўленьне тут і наш удзел – гэта групоўка беларуска-расейскіх войскаў на заходнім напрамку». Стратэгію і тактыку гэтай «групоўкі» распрацоўвае расейскі Генштаб. Ён жа і «каардынуе». Прыхільнікам тэорыі, што пры Лукашэнку краіна ўпершыню здабыла ды ўмацавала дзяржаўныя інстытуцыі, магу нагадаць, што ў 1993 годзе маскоўскі Генштаб толькі марыў пра ўплыў на стратэгічнае і апэратыўнае плянаваньне ў беларускім войску – вайсковую дактрыну ў той час вызначаў Вярхоўны Савет.

Сёньня «палата», калі б і пажадала гэта рабіць, выпрацоўвала б дыктрыну пад расейскім сьцягам.

У лёсе любой дзяржавы ваенны аспэкт, пытаньні абароны займаюць найважнейшае месца. Але і генэрал, і салдат, і кожны, хто хаця б дзень праслужыў у войску, ведаюць: калі дывізія губляе сьцяг, камандзір ідзе пад трыбунал, а сама дывізія расфармоўваецца. Гэты закон няўхільна выконваецца і на вайне, бо «воля да перамогі» ва ўмовах баявых дзеяньняў – не абстрактнае паняцьце.

Сёньня ажыцьцяўляецца больш глябальная стратэгія, чым проста вайсковая, – стратэгія стварэньня «небеларускай Белоруссии». Канчатковая мэта – зьнішчыць у беларусаў нацыянальную самасьвядомасьць, каб на рэфэрэндуме яны самі прагаласавалі за аб’яднаньне, і нават пры ўдзеле міжнародных назіральнікаў «дэмакратычна» паказалі патрэбны вынік. І нацыянальныя сілы ня маюць ні палітычнага, ні эканамічнага, ні – давайце назавем рэчы сваімі імёнамі – вайсковага патэнцыялу, каб спыніць такі сцэнар, калі Масква і Лукашэнка пажадаюць яго давесьці да канца.

Вам падаецца такі вынік плебісцыту нерэальным? Паверце, што ў пачатку 1995 году бальшыня палітолягаў лічылі, што і бел-чырвона-белы сьцяг, і «Пагоня» – назаўжды.

Але пачалі якраз са сьцяга, з герба, з мовы – і вось цяпер у Доме ўраду на гаспадарскім месцы стаіць расейскі трыкалёр і вісіць двухгаловы арол.

Некалькі гадоў я спрачаюся з палітолягамі, якія лічаць, што «Незалежнасьці Беларусі нічога не пагражае». Аргумэнтам яны ня вераць.

Магчыма, цяпер яны павераць уласным вачам?

Прага

Каментары

Цяпер чытаюць

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак2

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску 1 і 2 кастрычніка будуць перакрываць рух. Спіс вуліц1

У Малінаўцы прадалі платную паркоўку на аўтарынку— цана ўражвае

Кіраўніка аддзела Support Desk Technologies асудзілі на пяць гадоў калоніі — меркавана, за данаты на падтрымку Украіны6

У Эстоніі мужчына ўзламаў чужую кватэру, каб забраць свайго ката1

Apple абнавіла спадарожнікавыя здымкі Мінска. Цяпер гэта самыя свежыя касмічныя здымкі сталіцы2

Паўднёвакарэйская разведка расказала пра здароўе Кім Чэн Ына2

Крышціяну Раналду завяршыў кар'еру ў зборнай Партугаліі?

Тураўскія каменныя крыжы, якія нібыта прыплылі з Кіева, мабыць, паставілі пры Канстанціне Астрожскім5

У «Мінсктрансе» расказалі, колькі ў Мінску штомесяц ловяць зайцаў5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак2

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць