Архіў

“Чево-чево?”, або Рэакцыі на культурную дыскрымінацыю

№ 24 (233), 11 чэрвеня 2001 г.


 “Чево-чево?”, або Рэакцыі на культурную дыскрымінацыю

Ад рэдакцыі

У газэту прыйшоў вось такі ліст:

«Вітаю! Пачну здалёк. У Варшаве на будынку, дзе знаходзіцца індыйская рэстарацыя, нехта з польскіх фашыстаў напісаў “Польска для палякаў”. Няма сумневу ў тым, што гэта лёзунг скінгедаў, і разумныя, адукаваныя людзі павінны разумець цёмнасьць і шкоднасьць падобнага сьветапогляду. Ня кажучы ўжо пра тое, што толькі ультраправыя мэдыі прынялі б гэта за норму і выкарысталі без камэнтараў.

Сёньня я атрымала травеньскія нумары “НН” (сябры дасылаюць зь Менску раз на месяц). Чытаючы №18, я заўважыла невялічкі артыкул на старонцы 3 “Вынікі галасаваньня чытачоў “НН” на сёньня”. Першы па папулярнасьці дэвіз, пад якім мусіць ісьці на выбары кандыдат чытачоў “НН”... “Беларусь для беларусаў”. А як быць зь іншымі людзьмі (а іх каля двух мільёнаў!), якія жывуць у Беларусі? А што станецца з габрэямі, татарамі, украінцамі, віетнамцамі, расейцамі, літоўцамі ды іншымі меншасьцямі, калі да ўлады прыйдзе асоба з такою праграмай?

Я ня буду казаць пра некаторыя іншыя “дэвізы”: Расея – гаўно; Адродзім веліч нацыі беларускай; Слава нацыі, сьмерць ворагам; Прэч маскоўскіх акупантаў; Мы не дамо ім панаваць… Мо вы растлумачыце мне, у чым розьніца паміж усім гэтым і тым, што кажа Лукашэнка (замяніце Беларусь на Славянства, а Расею — на Захад...)?

Я не разумею, чаму няма ніякіх камэнтараў, ніякай рэакцыі на гэта з боку газэты? Ці значыць гэта, што рэдакцыя падтрымлівае пазыцыю сваіх чытачоў? Ці гэта і ёсьць “голас незалежнага беларускага грамадзтва”? Зразумела, што газэта ня можа адказваць за думкі сваіх чытачоў, але некаторыя рэчы няможна пакідаць па-за ўвагай. Ці не павінна інтэлектуальная газэта, за якую я ўважаю “НН”, хаця б намагацца паўплываць на падобныя дзікія і недалёкія погляды?

Для мяне гэта незразумела яшчэ й таму, што ў тым самым нумары “НН”, як і ва ўсіх астатніх, таксама друкуюцца іншыя, адкрытыя думкі і даюцца адпаведныя камэнтары да падобных лістоў чытачоў. Я ня буду ўжо казаць пра тое, што падобныя настроі могуць быць скарыстаныя (і ўжо ёсьць скарыстаныя) дзеля стварэньня ўсёй беларускамоўнай меншасьці нэгатыўнага іміджу.

Расейскі імпэрыялізм ня вечны; як і ўсе імпэрыі, вядомыя ў гісторыі, расейская таксама саслабне, і гэта, на маю думку, толькі пытаньне часу. Шавінізм жа, наадварот, нікуды не зьнікае, ён пераходзіць ад бацькоў да дзяцей, зьмяняе кшталт і накіраванасьць. Гэтым у рознай ступені хворыя амаль усе краіны. Абарончы шавінізм можа перарасьці ў нешта менш бяскрыўднае. Мяне заўсёды непакоіла, чаму прыгнечаныя народы, пазбавіўшыся прыгнёту, у сваю чаргу самі пачыналі прыціскаць іншых, часта яшчэ больш брутальна. Для сёньняшняй Беларусі гэта, можа, і ня вельмі актуальна. Спадзяюся, што і ніколі ня будзе.

Аляксандра Мініч, Варшава»

 

Часткова адказ на пытаньні спн.Мініч прагучаў у №21 «НН» ад 21 траўня, дзе аналізаваліся прамежкавыя вынікі анкеты. Апытаньне паказала перадусім, што людзі беларускае культуры, чыім голасам і ёсьць “Наша Ніва”, дыскрымінаваныя і зацкаваныя цяперашнімі панамі краіны настолькі, што на гэты імпэрскі ціск даюць нацыяналістычны адказ. Тое, што менавіта дэвіз адчаю — “Беларусь для беларусаў” — стане лідэрам апытаньня, было нечаканасьцю і для рэдакцыі “НН”.

Гэты лёзунг быў рэанімаваны Зянонам Пазьняком у ягоным артыкуле “Амэрыка для амэрыканцаў” у “Народнай Волі” ад 14 сакавіка. Гэта быў свайго роду праграмны артыкул, таму прыхільнікі Зянона ўзялі лёзунг на ўзбраеньне. Ход думкі Пазьняка быў такі: Амэрыка добра жыве, бо там усё робіцца дзеля абароны грамадзянаў Амэрыкі. А сам дэвіз “Амэрыка для амэрыканцаў” быў незаменны падчас змаганьня амэрыканцаў за незалежнасьць. У сваім артыкуле Пазьняк прыходзіў да высновы, што й беларусам у барацьбе за незалежнасьць не абысьціся без таго самага дэвізу. Карацей, мелася на ўвазе не «Беларусь для этнічных беларусаў», а «Незалежная Беларусь для грамадзянаў Беларусі». Хоць усё адно гучыць пагрозьліва. Асабліва ва Ўсходняй Эўропе, у Эўропе незабытых крыўдаў. Асабліва для людзей, выхаваных у тых культурных традыцыях, якія задачы здабыцьця дзяржаўнай незалежнасьці ці ўмацаваньня нацыянальнай тоеснасьці даўно вырашылі.

Ня варта перабольшваць долю беларускамоўных, гатовых падтрымаць дэвіз “Беларусь для беларусаў”. Нават у апытаньні яго назвала мізэрная меншасьць ад агульнай колькасьці ўдзельнікаў, а ў апытаньні ж узяла ўдзел самая палітызаваная частка аўдыторыі.

На першае месца ён трапіў з прычыны адсутнасьці адзінага яскравага слогану ў нацыянал-лібэралаў. Зык “Беларусь у Эўропу” (разам з усім вядомай другой часткай выразу, ня менш крылатай), відаць, яшчэ будзе запатрабаваны ў верасьні, але на гэты момант здаецца людзям занадта абстрактным. Я ўяўляю сабе абурэньне майго знаёмага зваршчыка: “Якая, на хрэн, Яўропа калі дзяржава гіне, мова гіне! Яўропа — гэта можна й пасьля. Яўропа нам мовы не ўратуе”.

Зянон можа выйсьці на выбары пад дэвізам “Беларусь — для беларусаў”, і гэта выкліча бурхлівую рэакцыю ў грамадзтве.

Так, за гэтым дэвізам стаіць падсподная або культываваная ксэнафобія, і сапраўдны інтэлігент сёньня не дазваляе сабе падобных выказваньняў ні ў якім выпадку. Сапраўдны інтэлігент змагаецца за тое, каб у ягонай краіне добра было ўсім, і беларусам у тым ліку.

Аднак за гэтым дэвізам таксама — адчай. У дзяржаве, у сталіцы якой беларускамоўны раз-пораз сутыкаецца з балючымі праявамі пабытовага расейскага фашызму, замаскаванага пад “нецярпімасьць да нацыяналізму”, ня можа не паўстаць адэкватнай рэакцыі адказу. Вы мне “распаясалісь эці сьвядомыя” або “чево-чево?”, я вам — “а Беларусь, гады, усё ж будзе для беларусаў, а ня толькі для вас”.

Ігнаруючы той факт, што гэты спрэчны заклік у беларускай сытуацыі — абарончая рэакцыя, мы не пабачым шляхоў выпраўленьня шавіністычных заваротаў. Пакуль ня спыніцца культурная дыскрымінацыя беларусаў, дагэтуль у іхным асяродзьдзі будуць узьнікаць шавіністычныя рэакцыі, і моладзь будзе гуртавацца ў падпольныя групоўкі, і старыя пазьнякоўкі будуць выходзіць на вуліцы з маларэалістычнымі плякатамі “Беларусь для беларусаў”.

Нездарма Лукашэнка гэтак баіцца паразы ў верасьні. Калі беларусы пачнуць квітацца за шэсьць гадоў прыніжэньня, усё можа адбыцца нашмат фатальней, чым было ў Югаславіі.

Для ўсіх нашых суседзяў на Захадзе такія лёзунгі — учорашні дзень.


Каментары

Цяпер чытаюць

Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі7

Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі

Усе навіны →
Усе навіны

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак35

«Ці ёсць сэнс за іх чапляцца?» Пуцін намякнуў пра гатоўнасць спыніць вайну, калі яму здадуць Данбас28

Падчас выбуху на абаронным хімзаводзе ў Падмаскоўі загінулі як мінімум сем чалавек1

У Варонежскай вобласці ўпаў расійскі вайсковы верталёт, экіпаж загінуў3

Калеснікава: Стратэгія, якая была на працягу шасці гадоў, відавочна не працуе65

Ілан Маск вяртаецца ў адміністрацыю Трампа, ужо ў новай ролі2

Расіяне збілі ўкраінскі самалёт, пілот загінуў

У беларускім санаторыі будуюць струнную пасажырскую дарогу: залілі падмурак пад апоры і пачалі збіраць вагоны5

У Мурманску расказалі, што там цяпер з будаўніцтвам беларускага порта1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі7

Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць