У чым сустракаць вясну: парады беларускіх дызайнераў
Хутка можна будзе скінуць з плячэй аб'ёмныя пухавікі, забыцца пра шапкі і ўвогуле перастаць напамінаць сваім выглядам шматпластовую капусту. З гэтай нагоды айчынныя дызайнеры таксама напагатове: адшываюць новыя калекцыі, абапіраючыся на ўнутраны нюх і сусветныя павевы. Дык як нас будуць імкнуцца апрануць вясной-летам? Адказваюць заканадаўцы беларускай моды.
![](http://nnexpictures.fra1.digitaloceanspaces.com/img/w732d4webp1/photos/z_2017_03/5-mhmil.jpg.webp)
FAINY.BY: «Світшот на ўсе выпадкі жыцця»
Калі вы фанат вышыўкі, то ўжо, мабыць, чулі нешта пра брэнд FAINY.BY, які вырабляе адзенне і прыгожыя рэчы накшталт нататнікаў з рукадзельным арнаментам. Іх паслугамі ужо скарысталася шмат іншых беларускіх дызайнераў і знакамітых людзей: нядаўна FAINY.BY на заказ рабілі падарунак Сяргею Лазараву, пару гадоў таму вышывалі форму для Максіма Мірнага.
Дарэчы, кліент сам можа прапанаваць вытворцам нейкі сюжэт, які потым з’явіцца на адзенні.
![](http://nnexpictures.fra1.digitaloceanspaces.com/img/w732d4webp1/photos/z_2017_03/2-x0437.png.webp)
Сваім яркім дызайнам каманда брэнда набліжае надыход вясны ўжо даўно. «Усім беларускім модніцам раю ў гэтым сезоне звярнуць увагу на нашы світшоты, універсальную рэч, якую пры жаданні можна надзець і ў офіс, і на спатканне. Пасля доўгай зімы ўсім хочацца колеру. Выбірайце яркія фарбы: нябесны блакітны, глыбокі зялёны, сонечны жоўты, насычаны фіялетавы. Усе гэтыя колеры вы знойдзеце ў нашай новай калекцыі. А яшчэ — далікатныя тоны для прынцэс: крэмавы, ружовы і блакітны, пастэльны бэзавы», — кажа дызайнер Кацярына Кузьміч.
![](http://nnexpictures.fra1.digitaloceanspaces.com/img/w732d4webp1/photos/z_2017_03/3-q1n7d.jpg.webp)
Хутка ў продаж паступяць спартыўныя штаны, іх можна будзе насіць у камплекце са світшотамі. Не за гарамі калекцыя сукенак і кашуляў з кветкавай вышыўкай.
![](http://nnexpictures.fra1.digitaloceanspaces.com/img/w732d4webp1/photos/z_2017_03/6-huydo.png.webp)
Больш мадэляў можна знайсці на сайце, а таксама ў сацсетках:
Swan: «Рамантычнасць і крыху хуліганства»
![](http://nnexpictures.fra1.digitaloceanspaces.com/img/w732d4webp1/photos/z_2017_03/swan-u5gi4.jpg.webp)
У надыходзячым сезоне Галіна Бурак раіць звярнуць увагу на двухбортныя паліто, касцюмы мужчынскага крою, штаны з лампасамі, быццам пазычаныя ў таты, і сукенкі з валанамі і рушамі. Што датычыцца колераў, то асабісты топ дызайнера — гэта адценні пудры і зеляніны (так званы колер кучаравай капусты), спалучэнне чырвонага і фуксіі.
LSD Clothing: «Час асвяжыцца»
![](http://nnexpictures.fra1.digitaloceanspaces.com/img/w732d4webp1/photos/z_2017_03/lsdclothing-bo697.jpg.webp)
Натуральныя тканіны і небанальныя расфарбоўкі — вось што будзе модна, на думку гэтага брэнда. Напрыклад, персікавы і аўтарскі вінны. Асістэнт дызайнера Ганна таксама расказала, якую рэч на вуліцах горада варта чакаць дакладна: штаны-кюлоты.
MURMUR: нясумны офіс
![](http://nnexpictures.fra1.digitaloceanspaces.com/img/w732d4webp1/photos/z_2017_03/murmur-1v8bn.jpg.webp)
Дызайнеры Кацярына Латышава і Святлана Камарова ў першую чаргу працуюць з адзеннем для офіса, імкнучыся, каб нават у чатырох сценках жанчыны адчувалі сябе камфортна і стылёва. Вясна дадасць у іх творчасць новую палітру фарбаў: ультратрэндавыя рэчы ружовага колеру, сукенкі з устаўкай-сеткай і аўтарскі прынт з кактусамі.
LIMITEDMINSK: з любоўю да радзімы
![](http://nnexpictures.fra1.digitaloceanspaces.com/img/w732d4webp1/photos/z_2017_03/limitedminsk-4cybr.jpg.webp)
Некаторыя ўспрымаюць гэты брэнд як падлеткавы, але гэта зусім не так. Іх адзенне вельмі пасуе дзелавым людзям, якія ведаюць, чаго хочуць ад жыцця і любяць родны край. Лінейка з выявамі конікаў і зуброў стваралася, каб расказаць пра нашу краіну з новага боку, і дызайнер Наталля Жук упэўнена, што яны з напарнікам і далей будуць чэрпаць натхненне ў беларускай гісторыі. Сапраўдныя хіты сезона — паліто з аўтарскімі брошкамі ў выглядзе хмарак з подпісам «Дажджліва», не страціўшыя актуальнасць бомберы і кюлоты, хараство якіх паступова асэнсоўваюць і ў нас. Асобная калекцыя «Сіноптык» будзе прысвечана непастаяннаму беларускаму надвор’ю: тут вам і прыкольныя дажджавікі, і вятроўкі, якія падымаюць настрой.
HEARTINESS — не толькі шалі і палантыны
![](http://nnexpictures.fra1.digitaloceanspaces.com/img/w732d4webp1/photos/z_2017_03/heartiness-z9drd.jpg.webp)
Гэты брэнд ручнога ткацтва вядомы ўсім, хто дока ў дэталях і шануе ўтульнасць (мужчынам таксама!). Аксана Вінаградава пачала з вырабу слінгаў, а цяпер прыйшла да працэсу стварэння паўнавартаснага адзення. Каманда «Хартнэс» робіць сукенкі на заказ, а вясной плануе пачаць ткаць паліто «oversize». Да 8 сакавіка будзе гатова калекцыя шаляў са стаадсоткавага эўкаліпта. Нягледзячы на тое, што хітом сезона стане колер «грын», дызайнер не збіраецца адходзіць ад сваіх любых, быццам «запыленых», складаных адценняў.
Historia Naturalis: калі ты не такая, як усе
![](http://nnexpictures.fra1.digitaloceanspaces.com/img/w732d4webp1/photos/z_2017_03/historianaturalis-l982k.jpg.webp)
У фанатаў гэтага брэнда свой свет: незвычайны, крыху фрыкаваты і пры гэтым вельмі натуральны. Дызайнеры імкнуцца актыўна выкарыстоўваць лён, але не для этнічнай тэматыкі, як гэта ўспрымаецца традыцыйна, а для футурыстычных і канцэптуальных матываў: прынты з трусікамі, кляксамі, анімалістыка. Сапраўдны хіт дуэта двух дызайнераў гэтага брэнда — доўгі світшот (насамрэч сукенка), які будзе незаменным для халоднага надвор’я сакавіка. У новай калекцыі чакаецца трошкі ад анімэ і графікі. Карацей, калі вы любіце вылучацца з натоўпу — вам сюды.
The Young Clothes: маладосць і пяшчота
![](http://nnexpictures.fra1.digitaloceanspaces.com/img/w732d4webp1/photos/z_2017_03/theyoungclothes-9qnka.jpg.webp)
З набліжэннем вясны сёстры Леванюк закупілі далікатна-ружовыя, ментолавыя і кветкавыя тканіны. З гэтага ўсяго зробяцца касцюмы, кашулі, паліто і камізэлькі. Актуальнымі для новай пары года будуць і сарафаны з карункамі, а таксама спадніцы-плісэ. Прыйдзецца даспадобы як юным студэнткам, так і кабетам больш саліднага ўзросту. Праўда, калі яны носяць памеры не больш за 46-ы.
Каментары