Эканоміка1616

Пяць фактаў пра затрыманага сенатара-мільянера Андрэя Паўлоўскага

Члены савета рэспублікі пагадзіліся пазбавіць недатыкальнасці свайго калегу, сенатара Андрэя Паўлоўскага (займае 26-е месца ў рэйтынгу самых уплывовых і паспяховых бізнэсменаў Беларусі; 2-е месца ў аналагічным рэйтынгу Гродзенскай вобласці). Паводле інфармацыі Tut.by, ён затрыманы супрацоўнікамі КДБ. Яго нібыта падазраюць у нясплаце падаткаў.

«Наша Ніва» сабрала пяць фактаў з жыцця багатыра, які трапіў у няласку.

Фота Вольгі Лойка, Tut.by

Медык у медыцынскім бізнэсе

Маладосць пінчука Андрэя Паўлоўскага прыйшлася на час пераменаў — развал СССР і незалежнасць Беларусі. Ён якраз толькі скончыў Санкт-Пецярбургскую ваенна-медыцынскую акадэмію і, адслужыўшы ў войску, уладкаваўся старэйшым лабарантам на кафедру акушэрства і гінекалогіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Зарплаты ў сферы аховы здароўя былі мізэрнымі, і Паўлоўскі вырашыў не сядзець на месцы. Як чалавек, абазнаны ў медыцыне, 25-гадовы прадпрымальнік стварыў кампанію «Біяком», якая займалася аптовым гандлем медыцынскімі прэпаратамі.

Цікава, што і другі гродзенскі мільянер, Валянцін Байко, таксама прыйшоў у бізнэс з бюджэтнай сферы — ён быў настаўнікам.

Арыентацыя на сельскую гаспадарку

Неўзабаве Паўлоўскі пераарыентаваў продажы на сельскую гаспадарку, але захаваў «медыцынскі» профіль. «Біяком Агра» прадаваў ветэрынарныя прэпараты, кармавыя дабаўкі і заатэхнічны інструмент, узгадваў бізнэсовец. З цягам часу кампанія стала адным з найбуйнейшых пастаўшчыкоў на прадпрыемствы Міністэрства сельскай гаспадаркі.

Вытворчасцю Паўлоўскі заняўся ў канцы 2000-х, калі пабудаваў некалькі заводаў. Ён арганізаваў стварэнне замяняльнікаў цэльнага малака, вытворчасць кармоў, а таксама дзіцячага харчавання.

Група кампаній «Біяком» разгортавалася ва ўсёй Гродзеншчыне. Паўлоўскі інвеставаў у малочную вытворчасць, стаўшы акцыянерам ваўкавыскага «Беллакта», Шчучынскага масласырзавода і «Агракамбіната «Скідзельскі».

Дзяржава спрабавала павесіць на «Біяком» стратныя калгасы, аднак Паўлоўскі адмаўляўся да апошняга.

У тандэме з Песцісам

Доўгія гады гродзенскія аграрыі былі прадстаўленыя ў савеце рэспублікі ў асобе Вітольда Песціса, нязменнага (ажно з 1995 года!) рэктара Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Ён засядаў у верхняй палаце парламента з 2000 да 2012 года.

Апошнім часам яго месца заняў Паўлоўскі. Бізнэсмен лічыцца прадстаўніком ад Ваўкавыскага, Дзятлаўскага і Слонімскага раёна.

Адметна, што Песціс стаў… ягоным памочнікам. Іншы памочнік – Аляксандр Высоцкі, падначалены Паўлоўскага ў «Біякоме».

Колькі зарабляў Паўлоўскі

Некаторыя з кампаній, да якіх мае дачыненне бізнэсмен, маюць адкрытую справаздачнасць.

Напрыклад, за першае паўгоддзе 2015 года «Біяком» меў чысты прыбытак памерам $680 тысяч. Папярэднія гады былі для Паўлоўскага больш паспяховыя. У 2014 годзе «Біяком» прынёс яму $10,5 мільёна, за год да таго — яшчэ $13 мільёнаў.

За гэты ж час «Агракамбінат «Скідзельскі», у якім Паўлоўскі меў чвэрць акцый, атрымаў чысты прыбытак памерам каля 4 мільёнаў.

Падобна да справы «Консула»?

Паводле інфармацыі Tut.by, Паўлоўскага падазраюць у нясплаце падаткаў. Падрабязнасцяў справы пакуль няма, аднак

сітуацыя нагадвае тую, у якой апынулася тыдзень таму кіраўніцтва брэсцкай кампаніі «Консул».

«Консул» займаўся пастаўкамі імпартных харчовых дабавак і абсталявання для аграпрамысловага комплекса (той жа профіль бізнэсу, што і ў Паўлоўскага). «Выкарыстоўваючы больш за 40 падкантрольных фірмаў, арганізатары выводзілі за мяжу валюту, ухіляліся ад выплаты падаткаў і рэалізоўвалі прадукцыю канчатковаму спажыўцу з завышэннем цэнаў да трох разоў», — адрапартавала прэс-служба КДБ.

Нагадаем, за апошнія паўтара года недатыкальнасці пазбавіліся адразу трое сенатараў-мільянераў. Магілёўскага бізнэсмена Віталя Кастагорава абвінавацілі ў нясплаце падаткаў. Праз некалькі месяцаў зняволення ён заплаціў каля 350 тысяч еўра і выйшаў пад падпіску аб нявыедзе. Дырэктарка віцебскай птушкафабрыкі Ганна Шарэйка падазраецца ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Паводле версіі следства, яна закупляла імпартны камбікорм, а не айчынны.

Каментары16

Цяпер чытаюць

Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі12

Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі

Усе навіны →
Усе навіны

Што вядома пра страты Расіі на вайне ва Украіне да кастрычніка?2

Познер: Захад хацеў справакаваць Пуціна, а Расія ў выніку пераможа63

«Свабода пераможа рабства». Статкевіч сустрэўся з прадстаўнікамі ЕС6

Нягледзячы на «цяжкае выгаранне» экс-канцлер Германіі Шродэр зоймецца стратэгічным суправаджэннем бізнэсу гіпермаркетаў у Расіі3

У Валгаградзе ўначы прагучалі выбухі: імаверна, гараць НПЗ і хімзавод «Каўстык»

Капібара збегла з заапарка. Тое, што адбылося далей, ператварылася ў паўгадавы дэтэктыў4

Навукоўцы знайшлі планету, якая круціцца вакол сваёй зоркі «не ў той бок». Як такое магчыма?2

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак35

«Ці ёсць сэнс за іх чапляцца?» Пуцін намякнуў пра гатоўнасць спыніць вайну, калі яму здадуць Данбас30

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі12

Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць